Вы тут

Мiхась ДРЫНЕЎСКI: «НЕСЦI НАРОДУ ЯГО Ж СПАДЧЫНУ»


Мiхась Дрынеўскi — адзiн з тых руплiўцаў-падзвiжнiкаў, хто кожны свой дзень прысвячае святой i высакароднай справе — захаванню, развiццю i ўзбагачэнню беларускай народнай песнi.

1386217347364_1

Дрынеўскi не толькi багаты, але i шчаслiвы чалавек. Народны артыст Рэспублiкi Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii БССР, лаўрэат прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга i ордэна Францыска Скарыны, ганаровы акадэмiк Мiжнароднай кадравай акадэмii. А хор, якiм ён кiруе, за час яго працы атрымаў найвышэйшыя тытулы: у 1983 годзе — званне акадэмiчнага, у 1987 — iмя Генадзя Цiтовiча, у 2002 — званне нацыянальнага, а ў 2004 годзе пастановаю Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь хор быў названы дзяржаўнай установай культуры, якая мае асаблiвае значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджання беларускага нацыянальнага музычнага мастацтва.

Песнi, як людзi, — розныя

— Мiхась Паўлавiч, народнаму хору Беларусi неўзабаве споўнiцца 60 гадоў...

— Усё пайшло ад Генадзя Iванавiча Цiтовiча. Дзякуючы яго актыўнасцi, яго энергii, яго адданасцi беларускаму фальклору. У далёкiм 1939 годзе ён сабраў i ўзначалiў самадзейны народны хор у вёсцы Вялiкае Падлессе Ляхавiцкага раёна. Хор яшчэ да вайны стаў шырока вядомы ў рэспублiцы. Але сапраўдная слава прыйшла да яго ў пяцiдзясятыя гады, калi самадзейны калектыў быў пераўтвораны ў Дзяржаўны народны хор БССР. Г.I. Цiтовiч зрабiў яго вядучым мастацкiм калектывам, якi стаў вядомы далёка за межамi Беларусi. А ў 1975 годзе, калi Генадзь Iванавiч пайшоў на пенсiю, гонар i вялiкая адказнасць узначалiць знакамiты калектыў выпалi мне.

— Што патрабуецца ад калектыву, якi мае высокiя званнi нацыянальнага, акадэмiчнага, народнага, каб адпавядаць патрабаванням часу, быць сучасным?

— Традыцыi, калi яны добрыя, народныя, нацыянальныя, то яны — вечныя. Гэта як тое жыцейка: якiм яно было тысячу гадоў таму, такiм яно ёсць i цяпер, такiм будзе i яшчэ праз тысячу гадоў. Сутнасць яго не зменiцца.

Я часам бываю ў роспачы, калi раптам чую ад некаторых «спецыялiстаў ад музыкi», што, маўляў, няма чаго чапляцца за старое — трэба ствараць, развiваць новае, сучаснае. Але калi ў гэтым сучасным вытраўлена душа, калi ў iм няма паэзii, няма мелодыi, то якое яно сучаснае? Яно — часовае: як прыйшло — так i пойдзе.

А традыцыi — яны няхiтрыя: ашчадна збiраць i клапатлiва захоўваць нашу багатую спадчыну i як самы каштоўны скарб перадаць яе наступным пакаленням. I я лiчу, што гэта — самае галоўнае, што мы павiнны рабiць. А па модзе iсцi — гэта лёгка. Можна нават i добрыя грошы зарабiць. Адзiн з нашых эстрадных спевакоў, калi размова зайшла пра крызiс, здзiвiўся: «Якi крызiс? Я за мiнулы год мiльён долараў накасiў!»

Таму мы прытрымлiваемся «залатога правiла»: сучаснае павiнна гарманiчна спалучацца з глыбока народнымi, нацыянальнымi традыцыямi. Што гэта азначае для нас на практыцы? А тое, што ў сваiх творчых пошуках мы прытрымлiваемся трох асноўных кiрункаў. Першы — выконваем народныя песнi ў iх першародным, аўтэнтычным выглядзе, раскрываем сродкамi хору сутнасць iх меласа. Другi кiрунак — апрацоўка, аранжыроўка народных песень з тым, каб надаць iм сучаснае гучанне. Пры гэтым стараемся мелодыю максiмальна захаваць, расквецiўшы, узбагацiўшы яе сучаснымi харавымi i музычнымi сродкамi. Нехта з музыказнаўцаў такi працэс вобразна назваў пераўтварэннем вуглаватага, неапрацаванага алмаза, здабытага з нетраў народнай памяцi, у дарагi, прыгожы, сонечны брыльянт. I, нарэшце, трэцi кiрунак — выкананне народнага песенна-танцавальнага мастацтва ў сiнтэтычным адзiнстве спеваў, музыкi i танца. Гэта дае нам магчымасць ствараць яркiя жанравыя замалёўкi народных гулянняў, песнi-карагоды, разгорнутыя вакальна-харэаграфiчныя кампазiцыi.

У сваю чаргу, мы не цураемся i таго лепшага, што ёсць у нашых суседзяў-братоў. Але 90 працэнтаў рэпертуару складаюць беларускiя народныя песнi, тыя самыя, што збiраў калiсьцi Генадзь Цiтовiч, iншыя фалькларысты.

Песнi, як людзi, — розныя. Ёсць у нас творы лiрычныя, працяжныя, жартоўныя, ёсць вясновыя, карагодныя, вясельныя, салдацкiя, баладныя... Калi падлiчыць, то ўсяго ў нашым рэпертуары будзе больш за тысячу нумароў песеннай класiкi.

У дзеючым рэпертуары — недзе пад сотню, а можа, i за сотню. Ведаеш, ёсць такiя песнi, якiя жывуць кожны дзень на працягу многiх гадоў. Ёсць песнi, якiя выконваюцца ад свята да свята...

Працаваць у мастацтве — што па кладцы iсцi

— Артыст хору... Якiмi якасцямi ён павiнен валодаць?

— Найперш — добрым голасам. Важны таксама тэмбр. Бывае голас моцны, але занадта рэзкi, непрыемны, ён не злiваецца з iншымi галасамi. Такi для хору, зразумела, не падыходзiць. А яшчэ трэба быць музыкантам, адчуваць iнтанацыю слова. Музыкальнасць, эмацыянальнасць — далёка не апошнiя рэчы ў нашай справе. А яшчэ неабходна разумець, што ты спяваеш. Разумець сэнс твора. Ствараць вобраз, настрой. У песнi кожнае слова мае значэнне. Умець вылучыць галоўнае, зрабiць на гэтым акцэнт. Прычым не абавязкова гучна — можна i шэптам.

Сваiм артыстам я часта кажу: «У вашым тэмбры павiнна адлюстроўвацца сонца».

— А цi многа ў вас салiстаў?

— Гэта залежыць ад рэпертуару. Ад голасу, яго сiлы, спецыфiкi, дыяпазону. Адна салiстка гэты твор можа спець выдатна, а другая яго не спяе нiколi. Адна разумее народную песню душою, а другая будзе спяваць нiбыта i правiльна, па нотах, але душы ў гэтым спяваннi не адчуваецца. I да сэрца гледача такая песня не дойдзе.

Салiст, вобразна кажучы, тавар адзiнкавы i даволi рэдкi. Iх многа нiколi не бывае. Дзякаваць Богу, у нас ва ўсе часы былi сапраўдныя «зоркi». Ёсць яны, на шчасце, i цяпер. Найперш хачу назваць Валянцiну Крыловiч. Наш залаты голас, спявачка ад Бога, заслужаная, а па сутнасцi, ужо даўным-даўно народная артыстка. Нядаўна атрымала ордэн Францыска Скарыны. Я вельмi ўдзячны таленавiтым спевакам, заслужаным артыстам рэспублiкi Васiлю Браiму i Уладзiмiру Будаю. Усё большую вядомасць i папулярнасць набiраюць нашы салiсты, лаўрэаты рэспублiканскага конкурсу беларускай песнi Рэната Мацвеенка, Наталля Гарнастаева, Iван Вярбiла i iншыя.

Я сказаў, што колькасць салiстаў залежыць ад рэпертуару. Але i разнастайнасць рэпертуару залежыць ад адпаведных галасоў. Мне, напрыклад, для царкоўных песень не хапае нiзкiх басоў. Пакуль што адзiн Аляксандр Снiтко. Праўда, мае рэдкi голас — прафунда-бас. Пакрывае ўсе галасы. Прычым любую ноту бярэ лёгка, без напругi, з запасам. Безумоўна, хацелася б мець яшчэ пару такiх басоў, ды дзе ж iх знойдзеш...

— А, дарэчы, як iдзе пошук i падбор харыстаў?

— Цяпер гэта не такая ўжо i праблема. Асаблiва жаночых галасоў. Таму што шмат розных конкурсаў, фестываляў. Дый з музычных вучылiшчаў, дзе мяне ўсе ведаюць i я iх усiх ведаю, часам тэлефануюць, прапануюць цiкавых выпускнiкоў. А ёсць жа яшчэ Унiверсiтэт культуры, кафедра харавога дырыжыравання, дзе таксама, пашукаўшы, можна знайсцi таленавiтых спявачак. Цяжэй з мужчынскiмi галасамi.

— А ў чым прычына? У тым, што ў Беларусi традыцыйна мала добрых спевакоў?

— Ну i гэта, вядома. Але галоўнае — зарплата. Ну што такое для мужчыны заробак у 2 — 3 мiльёны рублёў? Як на такiя грошы пракармiць сям’ю? Таму хлопцы i выбiраюць больш грашовыя спецыяльнасцi. Застаюцца ўжо самыя адданыя, самыя бескарыслiвыя.

— Цякучасць кадраў вялiкая?

— Можна сказаць, нулявая. У хоры яшчэ працуюць людзi, з якiмi я некалi пачынаў. А гэта ўжо амаль чатыры дзесядзiгоддзi. Нават калi чалавек выходзiць на пенсiю, ён яшчэ застаецца на год-другi ў калектыве. I я да гэтага стаўлюся з разуменнем.

— Артысты хору ў асноўным з вёскi?

— Так, раней былi ў асноўным з вёскi. А цяпер я б не сказаў. Ёсць i «асфальтныя», як я часам жартую. Асаблiва моладзь, якая прыходзiць. Яна выключна гарадская. Безумоўна, iм цяжэй пранiкаць у сутнасць народнай песнi. Але на тое i мастацкi кiраўнiк, каб дапамагаць iм i накiроўваць iх развiццё ў той бок, куды трэба. Каб яны душою спасцiгалi ўсё багацце музычнага фальклору i маглi перадаць iнтанацыйна, драматургiчна так, як я гэтага прашу.

— Кажуць, што наш народны хор можа спяваць на восем галасоў...

— Безумоўна. У хоры чатыры партыi — сапрана, альты, тэнары i басы. Кожная з гэтых партый дзелiцца яшчэ на дзве. А бывае, што сапрана можа дзялiцца нават на тры. Што такое хор? Вось у фартэпiяна мы нацiскаем клавiшу — адну, а гук здабываецца з трох струн. Атрымлiваецца своеасаблiвая арганнасць. Тое ж i ў хоры: шматгалоссе надае спевам аб'ёмнасць, глыбiню, незвычайную яркасць i выразнасць. Харавая тканiна — як багатая вышыўка. Вядома, не ў кожным выпадку такое багацце патрабуецца. Ёсць песнi, дзе можна абысцiся i больш простымi сродкамi. Шматгалоссе ж выкарыстоўваецца, галоўным чынам, у акапэльных спевах, у царкоўным песнапеннi.

— Якiмi якасцямi павiнен валодаць дырыжор?

— Перш за ўсё ён павiнен мець добры слых. У мяне, напрыклад, тэмбральны слых, i гэта можа нават важней, чым абсалютны. Далей. Трэба быць педагогам, псiхолагам. А яшчэ — любiць сваiх харыстаў, дапамагаць iм. Некаму трэба дапамагчы ўладкаваць дзiця ў садок, некаму — стаць на чаргу ў кааператыў, i шмат яшчэ чаго iншага. Я мог бы гэтым i не займацца, але тады ў мяне не было б з калектывам кантакту, даверу, а без гэтага не было б нiчога. Складанасць у тым, што нас у кансерваторыi вучаць толькi музыцы. А калi трапляеш у калектыў, то сутыкаешся з мноствам iншых праблем. I вось тут даводзiцца гэтую няпростую навуку — чалавеказнаўства — спасцiгаць самастойна.

— Структура хору захавалася ранейшая, трохзвённая?

— Так, у адным калектыве цэлыя тры калектывы — харавы, танцавальны i аркестравы. I кожны з iх мае свайго кiраўнiка. Хорам займаюся я, а таксама хормайстар — заслужаны дзеяч мастацтваў Iван Абразевiч. Балетмайстрам працуе наш выхаванец, заслужаны артыст рэспублiкi Юрый Паўлiшын. Аркестрам жа кiруе вельмi таленавiты музыкант i аранжыроўшчык Пётр Глушчук. Любую мелодыю ён умее аздобiць, расквецiць так, што нельга не захапляцца.

— Вядомых, праслаўленых калектываў на постсавецкай прасторы засталося не так ужо i многа. Хор iмя Пятнiцкага, Кубанскi народны хор у Расii ды хор iмя Вяроўкi ва Украiне — вось, бадай, i ўсё. У чым адметнасць Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору Рэспублiкi Беларусь?

— Галоўнае, на мой погляд, у змесце народнай беларускай песнi, яе меласе. Наш песенны фальклор адрознiваецца i ад рускага, i ад украiнскага. Хаця нашы тры народы-суседзi i вельмi блiзкiя, але ўсё роўна рознiца тут ёсць. У нас няма гэткiх разухабiстых, разгульных песень. Я думаю, што гэта абумоўлена гiстарычна. Хто толькi ні таптаўся па нашай зямлi, якiх толькi пакут наш народ ні выцерпеў ад розных заваёўнiкаў! Вось чаму беларускiя песнi амаль усе пачынаюцца з «ой» — «Ой, ты, грушка мая», «Ой, павей, вецярок...», «Ой, сiвы конь бяжыць...» Наша «ой» — не ўзнёслае, не радаснае, а задуменна-журботнае. Калi для рускiх народных спеваў характэрная зычнасць, для ўкраiнскiх — трубнасць, то для нашага хору — мяккасць i сонечнасць.

1386217351750_2

Як пайду я дарогаю

— Як прыходзiць адчуванне душы ў народнай песнi?

— Нарадзiўся я ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага (а тады Тураўскага) раёна. Гэта самая глыбiнка прыпяцкага Палесся. Хараство прыроды — неапiсальнае! Нездарма ж паэт-песеннiк Адам Русак, пабываўшы ў тутэйшых мясцiнах, назваў iх салаўiным берагам. Але ён жа напiсаў i такое двухрадкоўе: «Ой, не едзь, мой мiлы, ў Тонеж — не заедзеш, а ўтонеш...» Справа ў тым, што ў часы майго маленства ды i юнацтва таксама гэты салаўiны край быў не толькi глыбiнным, але i глухiм, далёкiм ад даброт цывiлiзацыi. Я рос, не ведаючы нi радыё, нi тэлебачання. А кнiжкi даводзiлася чытаць часцей за ўсё пры лучыне.

Але пры гэтым была адна вельмi важная перавага: людзi былi не пасiўнымi спажыўцамi культуры, а актыўнымi творцамi. З больш чым пяцiсот тонежскiх двароў не было, бадай, нiводнага, дзе б хто-небудзь не ўдзельнiчаў у мастацкай самадзейнасцi. Не ў тым сэнсе, што чалавек выступаў на сцэне, а ў тым, што ён нешта тварыў — па-майстэрску iграў на гармонiку, вiртуозна спраўляўся з бубнам, прыгожа танцаваў, выдатна спяваў. Асаблiва ў нас любiлi i ўмелi спяваць. Iшлi на працу — спявалi, вярталiся — таксама. Пасля вечарам у розных канцах вёскi альбо дзе-небудзь за вёскаю, каля кастра, збiралiся гурты хлопцаў i дзяўчат i спявалi да самай ранiцы. Цяпер дзiву даешся: як мы маглi, амаль не спаўшы, цэлы дзень затым працаваць. Вось што значыць сапраўднае, жывое, жыццядайнае мастацтва!

— Бацькi любiлi спяваць?

— Бацька спяваў добра. Асаблiва да жанiцьбы, хлопцам. Сябра яго, Паша Вянгура, падводзiў, а ён басаваў. Пасля ўжо, калi ажанiўся, з'явiлася сям'я, вельмi любiў наладжваць музычныя вечары. З вайны бацька прывёз губны гармонiк. Дык вось пад гэты гармонiк мы i спявалi, i танцавалi. Лепшаму танцору бацька даваў прэмiю — дваццаць капеек, а часам нават i рубель.

— А хто iграў?

— Старэйшы брат Дзiма. Бацька давяраў каштоўны iнструмент толькi яму, больш нiкому не даваў. Пасля ўжо, калi за сталярку прыдбаў невялiчкi акардэончык, Дзiма стаў iграць на iм, а мне дастаўся губны гармонiк. Праз нейкi час бацька купiў большы акардэон, а меншы перайшоў да мяне. Iграць я вучыўся на слых, без усялякiх нот, самавукам. Затое з надзвычайнаю ахвотай — рыпаў кожную вольную хвiлiну. Мацi iншы раз не вытрымлiвала. «Каб табе ў жываце рыпала! — нязлосна сварылася яна i штурхала мяне ў плечы. — Iдзi от за адрыну i там цягай свае мяхi, а то галава ажно гудзе...»

— Сям'я ў вас была вялiкая?

— Мацi нарадзiла дзевяцярых. Але першыя чацвёра памерлi. Малымi. Ад дыфтэрыi цi, як у нас казалi, разачкi. Пасля з'явiлiся, адзiн за адным, пяцёра хлопцаў. Я нарадзiўся перад самай вайной, у лютым. I амаль яе не помню. Застаўся ў памяцi адзiн жахлiвы эпiзод, калi амаль трыста маiх аднавяскоўцаў немцы сагналi ў царкву i жыўцом спалiлi. Наша сям'я ўцалела толькi таму, што мы жылi ў зямлянцы на выспе сярод балота. У гэтай зямлянцы мы, чацвёра малалеткаў i мацi, i пракачалiся ўсю вайну. Бацька ваяваў на фронце.

Мне iшоў пяты год, калi на вёсцы пачуў, што вайна скончылася. Я прыбег да сваiх i радасна абвясцiў: «Мама, не будзем зараз снедаць. Будзем чакаць тату!» Але тата вярнуўся толькi ў лiстападзе: дэмабiлiзацыю затрымалi ў сувязi з японскай вайной.

— А хто вызначаў твой лёс — сам цi бацькi?

— Не, бацька не адабраў мой прафесiйны выбар. Казаў: музыка мне трэба, калi я добра наемся ды вазьму чарку, але гэта не часта бывае. Словам, прафесiю музыканта, як i любы вясковы чалавек, ён лiчыў несур'ёзнай. Любiў дактароў, таму Дзiма, Мiкола i Валодзя i абралi гэтую пуцявiну. Два з iх — прафесары. Яшчэ адзiн брат, Рыгор, узначальваў лабараторыю, якая працавала на космас. Бацька iх нават больш паважаў, чым мяне. Паверыў, што i я нешта значу, толькi пасля аднаго выпадку. Мы давалi канцэрт для вайскоўцаў, i вось пасля канцэрта мяне разам з бацькам запрасiў у госцi адзiн мой добры знаёмы, генерал. А ў бацькi, напэўна, яшчэ з вайны засталася вялiкая павага да ваенаначальнiкаў. I калi ён пасядзеў побач з генералам ды яшчэ выпiў з iм чарку за харошага сына, нешта ў бацькоўскiм сэрцы скранулася. «Аказваецца, — прызнаў ён, — i музыканту можна жыць добра...» А крыху пазней, калi я атрымаў званне прафесара, бацька з непадробным здзiўленнем i шчырай радасцю ўсклiкнуў: «А ёлкi-маталкi! I ў вас прафесараў даюць...»

— Дык як жа вы пайшлi супроць волi бацькi — паступалi ў музычнае вучылiшча?

— Маёй саюзнiцай аказалася мацi. Яна ўгаварыла бацьку не перашкаджаць мне выбiраць тое, што я хачу. Таму я хоць i без бацькоўскага блаславення, але i не насуперак яго волi паступiў пасля сямi класаў вучыцца на баянiста. Праўда, паступленне гэтае аказалася марным. Мне не далi месца ў iнтэрнаце, i я праз два тыднi вярнуўся дадому. Зноў пайшоў у школу. А хадзiць давялося далёка, у суседнюю вёску, за 13 кiламетраў. Скончыўшы дзесяцiгодку, я ў другi раз паступiў у Гомельскае музвучылiшча. На гэты раз на харавое аддзяленне. Чаму на харавое? А я яшчэ ў школе кiраваў хорам, i нават не адным, а трыма — школьным i двума калгаснымi, з вёскi Тонеж i вёскi Букча, дзе я канчаў дзесяцiгодку. I, здаецца, не без поспеху. Хор вёскi Тонеж на занальным аглядзе калектываў мастацкай самадзейнасцi заняў першае месца. Мне паабяцалi: «Паедзеце ў Маскву на Сусветны фестываль моладзi i студэнтаў». Я быў на сёмым небе ад шчасця. Стрыечная сястра дзеля гэтага нават вышыла мне шыкоўную, у нацыянальным стылi сарочку, якая недзе i цяпер захоўваецца ў вясковым музеi. Мы шмат рэпецiравалi. Але паехаў iншы калектыў — знакамiты Тураўскi хор. Крыўдна было. Але што зробiш? Затое гэта стала мне добрым урокам на ўсё жыццё: нiшто не даецца так проста i лёгка, а пры няўдачы — нi ў якiм разе не апускаць рукi.

— Гэтае правiла дапамагала пасля ў вучобе, у працы?

— Дапамагала. У вучылiшчы мяне заўважыла Раiса Цiмафееўна Краснiцкая, выдатны педагог i цудоўны чалавек. З першага курса яна стала пераконваць, што мне абавязкова трэба рыхтавацца да вучобы ў кансерваторыi, i таму нагружала мяне дай Бог. Часам нават калегi яе папракалi за гэта, але яна заўсёды адказвала: «Хлопец цягне — няхай цягне. Няхай развiвае Боскую iскру».

I як жа я быў пасля ўдзячны ёй за гэтую «нагрузку», калi з лёгкасцю паступiў у кансерваторыю i ўсе гады без асаблiвых праблем там правучыўся. Праўда, не без дапамогi другога выдатнага педагога, дацэнта Ганны Паўлаўны Зелянковай.

А я ж яшчэ не толькi вучыўся, але i працаваў. У мяне практычна не было нiводнага года «чыстай» вучобы. У вучылiшчы — кiраваў хорам дрэваапрацоўчага камбiната, народным хорам вёскi Прыбыткi, на трэцiм курсе нават даверылi праводзiць заняткi з завочнiкамi. У кансерваторыi, калi быў яшчэ першакурснiкам, наш вядомы дырыжор-хормайстар Уладзiмiр Раговiч запрасiў мяне папрацаваць з капэлаю Палаца культуры Мiнскага трактарнага завода. Ад такой спакуслiвай прапановы адмовiцца было цяжка. Дый капейка якая, па праўдзе кажучы, была не лiшняя. Але ж, вядома, не капейка была на першым плане. Праца ў капэле мяне настолькi захапiла, што я аддаў ёй усе пяць гадоў свайго i без таго напружанага кансерваторскага жыцця. I ведаеш, мне i сёння прыемна ўспомнiць той шчаслiвы час. Успомнiць i адчуць гонар, бо капэла МТЗ была прызнана лепшай у Савецкiм Саюзе!

— Ведаю, што пасля заканчэння кансерваторыi вы атрымалі накiраванне ў аспiрантуру ў Маскву. Чаму не паехалі?

— О, тут цэлая гiсторыя. Праўда, гэта было не адразу пасля кансерваторыi, а крыху пазней. А спачатку я быў накiраваны на працу ў Мiнскае музычнае вучылiшча. I амаль адначасова атрымаў запрашэнне ад Генадзя Цiтовiча ў Дзяржаўны народны хор на пасаду хормайстра (па сумяшчальнiцтве, вядома). А яшчэ ж заставалася i капэла. Не знаю, як я вытрымаў такую нагрузку. Напэўна, дапамагла мне мая вясковая загартоўка i сялянская цярплiвасць.

I вось у разгар усiх гэтых клопатаў мне раптам прапаноўваюць ехаць у Маскву ў аспiрантуру. Пасля некаторых ваганняў я даў згоду. Але патрэбна была яшчэ згода Мiнiстэрства культуры. А там замест аспiрантуры нечакана прапаноўваюць пасаду галоўнага хормайстра ў Народны хор. А ў мяне ўжо быў i бiлет на Маскву. I жонка хацела, каб я ехаў вучыцца. Але мiнiстэрскi чыноўнiк аказаўся настойлiвы. «Iдзi, — кажа, — падумай». Такiя прапановы паступаюць не кожны дзень. Ноч не спаў, думаў. Ранiцою прыйшоў i кажу: «Не». «Iдзi яшчэ падумай». На трэцi раз я здаўся.

— Дзе i як вы пазнаёмiлiся з Цiтовiчам?

— У 1968 годзе ў фiлармонii быў наш выпускны, справаздачны канцэрт. Я ў якасцi дыпломнай работы дырыжыраваў складаным творам для двух хароў. Гэта калi яны спяваюць адзiн i той жа твор, але ў кожнага свая партыя. Яны як бы спаборнiчаюць мiж сабой. То адзiн наперадзе, то другi, то разам. Для дырыжора гэта вельмi складаная задача — нiдзе нiчога не ўпусцiць, дабiцца цэльнага, гарманiчнага гучання. Мне, здаецца, удалося справiцца, бо адразу пасля канцэрта да мяне падышоў Генадзь Iванавiч, павiншаваў i запрасiў у свой хор.

— Некалi Генадзь Цiтовiч назваў гомельскае Палессе «нечапаным куфрам», «кладоўкай беларускай народнай песнi». А Рыгор Шырма марыў дажыць да таго часу, калi народная песня, гэтая сяляначка, вырасце ў велiкасвецкую даму. Цi збываюцца спадзяваннi нашых патрыярхаў?

— Адназначна адказаць складана. У нечым мы сёння пайшлi наперад, а ў нечым — адступiлi. Тое, што мы многае з народнага песеннага фальклору паспелi запiсаць, апрацаваць, — гэта добра. А кепска, што ў вёсках цяпер амаль не спяваюць. Яркiя, самабытныя носьбiты старадаўнiх песень пайшлi з жыцця, а моладзь, на вялiкi жаль, далёка не ўсюды падхапiла ад iх бясцэнную эстафету. На сцэне i ў жыццi пануе сучасная папса — гэтая зараза, я па-iншаму назваць яе не магу, бо яна глумiцца з усяго народнага, чыстага, таленавiтага.

Дзякаваць Богу, у апошнiя гады пачаў адбывацца прыкметны паварот да лепшага. Зноў стала з'яўляцца шмат калектываў мастацкай самадзейнасцi — цiкавых, таленавiтых, дарослых i дзiцячых, гарадскiх i вясковых. А колькi прыемных адкрыццяў адбываецца падчас рэспублiканскiх фестываляў i конкурсаў!..

— Мiхась Паўлавiч, у вас шмат ганаровых званняў i высокiх узнагарод. Што было самым дарагiм, самым хвалюючым?

— Вось, дальбог, кажу як на духу: я нiколi не працаваў на званне, на ўзнагароду. Працаваў, як мог, працаваў многа, упарта, настойлiва, каб быў вынiк, каб зрабiць справу. I нiколi не чакаў нiякiх узнагарод, а таму i не надаваў iм вялiкага значэння. Адзначылi — добра, дзякуй. Гэта абавязвае мяне працаваць яшчэ лепш. А ад такой хваробы, як зайздрасць, славалюбства, я не пакутаваў i не пакутую.

Гутарку вёў Зiновiй ПРЫГОДЗIЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».