Вы тут

Адкуль прыплылі журавіны?


31 кастрычніка ў нашай газеце быў змешчаны здымак, які адлюстроўвае збор ураджаю журавін у адкрытым акцыянерным таварыстве «Палескія журавіны» Пінскага раёна. У рэдакцыю патэлефанаваў чытач і папрасіў патлумачыць, што азначае гэтае «возера ягад». «Ці іх вырошчваюць у вадзе, ці яны сюды прыплылі?» — цікавіўся ён. Сапраўды, чалавеку недасведчанаму нялёгка зразумець тэхналогію збору журавін па адным фотаздымку.

1386302819884_1

— Па тлумачэнне мы звярнуліся да дырэктара «Палескіх журавін» Васіля ЛЯГУСКАГА.

Васіль Рыгоравіч расказаў карэспандэнту «Звязды», што гаспадарка вырошчвае журавіны на плошчы крыху больш за 80 гектараў. Ягадныя плантацыі размешчаны ў полі ля вёскі Селішча. Тут нават не балоцістая мясцовасць, пасля правядзення меліярацыі зямля ўяўляе сабой звычайныя сельгасугоддзі. Журавіны растуць участкамі, адгароджанымі невялікімі землянымі насыпамі. Гэтыя ўчасткі-грады называюць чэкамі. Працаўнікі гаспадаркі клапоцяцца пра ягады круглы год, расліны падкормліваюць, абараняюць ад пустазелля. Па чэках ходзяць тэхніка і людзі. Адзіная асаблівасць журавінавых палеткаў заключаецца ў тым, што яны акружаны па перыметры каналамі. І вось калі прыходзіць пара збіраць ураджай, узровень вады рэгулююць шлюзамі. Вада паступова паднімаецца і залівае плантацыі. Гэта робіцца толькі для таго, каб зрабіць магчымым механізаваны збор ягад. У поле выходзяць трактары. Спецыяльным механізмам, які аддалена нагадвае лопасці млына, яны боўтаюць ваду, узбагачаюць яе паветрам. Пасля гэтага ягады ўсплываюць на паверхню. Тады агрэгатам, падобным на рыбалоўную сетку, журавіны паступова захопліваюць і ўручную цягнуць да берага. Работа гэта вельмі нялёгкая. Тыя, хто ідуць па вадзе і цягнуць груз, нагадваюць бурлакоў на Волзе. Але ручная работа на гэтым заканчваецца. Далей ягады збірае і загружае ў транспарцёр для сартавання спецыяльная тэхніка. Сабраныя журавіны ў асноўным ідуць на вытворчасць джэмаў, морсаў, іншых прадуктаў перапрацоўкі.

1386302823674_2

А вось журавіны, якія купляюць гандлёвыя партнёры з Англіі, Польшчы, Германіі, Нідэрландаў, Расіі, іншых краін, збіраюцца ўручную. На экспарт можна пастаўляць толькі цэлыя, прыгожыя адборныя ягады. Таму на сезон нарыхтоўкі прадпрыемства наймае зборшчыкаў, найбольш з ліку мясцовых жыхароў. Зборшчык павінен не толькі беражліва зняць ягады з расліны, але і перабраць іх. Паводле слоў Васіля Лягускага, некаторыя сем'і за дзень зарабляюць да мільёна рублёў на зборы.

Сёлета гаспадарка атрымала каля 500 тон журавін, з іх прыкладна палова будзе адгружана ў далёкае і блізкае замежжа. З'явяцца ягады і на паліцах брэсцкіх, мінскіх крам, калі гандлёвыя арганізацыі захочуць працаваць з айчыннай вітаміннай прадукцыяй. Як заўважылі ў гаспадарцы, нярэдка сталічныя супермаркеты зімой прапаноўваюць пакупніку імпартныя ягады, нашмат даражэйшыя за палескія, а свае бяруць на рэалізацыю неахвотна.

1386302826237_3

Клопаты пра журавіны ў палескіх земляробаў з надыходам халадоў не заканчваюцца. Як толькі ўборка завяршылася, вада сышла, палі набываюць свой ранейшы выгляд. Чэкі ачышчаюць, прыводзяць у парадак. І зноў патроху пачынаюць запаўняць вадой. Калі пачнуцца маразы, усё пакрыецца лёдам. Ягады лепш пераносяць зіму ў лядовым «футры», такая іх асаблівасць. Вясной лёд растане, ваду спусцяць, і журавіны зацвітуць, каб прынесці новы ўраджай.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.