Вы тут

Першая Сусветная гімназіяда і... адразу рэкорд


1 залаты, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медалі заваявалі беларускія школьнікі на XV Сусветнай гімназіядзе, якая завяршылася ў Бразіліі.

Арганізуе і праводзіць спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць школьнікі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, Міжнародная федэрацыя школьнага спорту (ІSF). У яе ўваходзяць 67 краін свету. Беларусы, між іншым, прымалі ўдзел у сусветных спаборніцтвах упершыню. І адразу ўстанавілі рэкорд Сусветнай гімназіяды.

«Золата» ў кіданні кап'я заваявала вучаніца сталічнай гімназіі № 16, якая прадстаўляла спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву № 2 БФСА «Дынама» Ганна Тарасюк. Менавіта ёй належыць рэкорд Сусветнай гімназіяды — 57,95 м.

Сярэбраны медаль у скачках у вышыню заваяваў навучэнец сталічнай сярэдняй школы № 148, выхаванец Рэспубліканскай школы вышэйшага спартыўнага майстэрства па лёгкай атлетыцы Павел Селівёрстаў. Таксама сярэбраную ўзнагароду ў плаванні на 50 м на спіне атрымаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя № 3, выхаванец гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Мікіта Цмыг.

А бронзавы медаль у бегу на 100 метраў з бар'ерамі ўручаны вучаніцы сярэдняй школы № 20 г. Орша, якая прадстаўляе Віцебскую абласную школу вышэйшага спартыўнага майстэрства, Святлане Губенка.

У праграму Сусветнай гімназіяды ўключаны такія летнія віды спорту, як спартыўная і мастацкая гімнастыка (індывідуальныя і камандныя спаборніцтвы), аэробіка, плаванне і лёгкая атлетыка. Дэлегацыю Беларусі на спаборніцтвах прадстаўлялі ўдзельнікі і пераможцы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў 2013 года ў двух відах спорту — плаванні і лёгкай атлетыцы.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.