Вы тут

Ёсць такая прафесія!


Як спалучаецца 80-гадовае жыццё і сучасная маладосць Беларускага саюза кампазітараў

Некалькі гадоў таму, кажуць, адзін беларускі кампазітар сутыкнуўся з нейкай незразумеласцю: у рэестры ўсіх прафесій такой не было... А вось людзі, якія з'яўляюцца кампазітарамі, — ёсць. У Беларускім саюзе кампазітараў іх сёння каля 130. І гэта больш, чым проста носьбіты прафесіі, бо толькі ўмення складаць мелодыі і запісваць ноты мала для таго, каб музыка стала мастацтвам.

Умець перадаць пейзаж... гукамі. Напісаць драматычную гісторыю сутыкнення характараў — нотамі. Распавесці пра каханне — пяшчотай клавіш ці струн... Валодаць дзіўным уменнем чуць музыку там, дзе іншыя ловяць хаатычныя гукі рэчаіснасці. Ці ў іх жа адгадаць ціхую мелодыю сардэчнай малітвы... Музыка як мастацтва стварае вобразы і прадстаўляе сюжэты, радуе і прымушае думаць.

1386412432324_7-22

Творцы і творы

Узнёслых слоў гэтымі днямі ў адрас кампазітараў будзе гучаць шмат: юбілей Беларускага саюза кампазітараў адзначаны не толькі з'ездам, але і шэрагам канцэртаў, у якіх беларуская музыка — ад прызнаных класікаў да сучасных майстроў і нават маладых творцаў. Нашы кампазітары ствараюць музыку пра нас, пра наш час з яго супярэчнасцямі, з інтанацыяй, якая ўласцівая нашай зямлі і перадае нашу ментальнасць.

— Саюз ствараўся ў 1933 годзе, — распавядае Ігар Лучанок, старшыня Беларускага саюза кампазітараў. — Але ў Беларусі былі свае музычныя традыцыі. Прычым мы адчулі вялікі ўплыў расійскай школы. Напрыклад, беларускі кампазітар Мікалай Чуркін браў кансультацыі яшчэ ў Пятра Чайкоўскага. Васіль Залатароў — вучань Рымскага-Корсакава. Магу сказаць, што многія педагогі, у якіх вучыліся нашы кампазітары, у тым ліку і я, належаць да рускай музычнай школы. Я вучыўся ў Мікалая Аладава, які казаў: «Музыка — гэта не толькі фальклор. Музыка — гэта вялікае мастацтва...» Мастацтва, якое нельга згубіць. Але ёсць праблема: пры Саюзе кампазітараў быў музычны фонд, аўтарскі. Сёння ж у мяне ёсць дакумент аб ліквідацыі беларускага аўтарскага фонду кампазітараў і аб стварэнні гаспадарчай структуры падраздзялення Саюза кампазітараў... Ці гэта правільна?

Калі казаць пра акадэмічную музыку і ў прыватнасці пра працу кампазітараў, то яна можа падавацца загадкай: што гэта ёсць такое? Айчынная публіка за апошнія адно-два дзесяцігоддзі разумее музыку выключна як забаву. Але ёсць высокія ўзоры сучаснага музычнага мастацтва, і тут важна падрыхтаванасць людзей, уменне разумець не толькі класіку, але і счытваць вобразы сучаснасці, якія, можа, больш складаныя і, у адрозненне ад той жа класікі, непазнавальныя. Публіка сёння вельмі часта дыктуе ўмовы: што выконваць, паказваць і г.д. А залы ж трэба запаўняць, прадаваць квіткі, акупляць канцэрты... Гэта часткова стала прычынай таго, што твораў сучасных айчынных кампазітараў у праграмах калектываў менш. Іграюць Моцарта і Чайкоўскага — вядома, будзе поспех... Але як жа яшчэ выхоўваць сучасную публіку, каб успрымаць творы айчыннага музычнага мастацтва, не выконваючы іх?

Таму канцэртаў, у якіх гучыць музыка айчынных кампазітараў, становіцца больш. Асабліва сёлета, напярэдадні юбілею Саюза кампазітараў, усе вядучыя калектывы краіны ўключылі ў свае праграмы музыку беларускіх творцаў. Снежаньская афіша наогул прапануе правесці разам з беларускай музыкай пяць вечароў у Белдзяржфілармоніі. Мастацкі кіраўнік установы Юрый Гільдзюк звярнуў увагу на некаторыя з іх:

— У Дзяржаўнага сімфанічнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь апошнім часам шмат музычных прэм'ер. Нездарма мы маем прысвячэнне нашых кампазітараў дырыжору Аляксандру Анісімаву: сімфоніі ад Вячаслава Кузняцова і Андрэя Мдзівані, опера «Мядзведзь» Сяргея Картэса, Канцэрт Галіны Гарэлавай. Зусім нядаўна ў Маскве прайшоў канцэрт беларускай музыкі. У Вялікай зале кансерваторыі выступіў Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, які выконваў творы беларускіх кампазітараў, нашых сучаснікаў: Галіны Гарэлавай, Уладзіміра Кур'яна, Канстанціна Яськова.

Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору РБ Наталля Міхайлава адзначыла:

— Мы выконваем беларускую музыку, але не ўсё застаецца ў рэпертуары. Напэўна, гэта натуральна: застаецца самае лепшае. Наша святочная праграма складзена разам з Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі. Яна адметная. Нашы кампазітары пішуць музыку на духоўныя тэксты: нейкія духоўныя маналогі, з цудоўнай паэзіяй. У Дзмітрыя Лыбіна твор называецца «Малітва», на верш Блока. «Малітва» Ларысы Сімаковіч — з драмы Яна Вісліцкага. Ёсць кананічныя творы, якія прадстаўляюць Ганна Кароткіна і айцец Андрэй Бандарэнка. Гэта асабовыя маналогі, разважанні кампазітараў на духоўныя тэмы. Уладзімір Карызна, вядомы як харавы кампазітар, стварае апрацоўкі народных песень.

Споведзі і малітвы

Юбілей Беларускага саюза кампазітараў адзначаюць па ўсёй краіне — не толькі ў сталіцы, але і ў абласцях. Асноўная пляцоўка — Белдзяржфілармонія, дзе «штогод гучыць не менш за 200 твораў айчынных аўтараў». Кансультант упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Таццяна Пархімовіч патлумачыла, што дзеля таго, каб падтрымаць кампазітараў, Міністэрства супрацоўнічае з Саюзам кампазітараў. Існуе мастацкі савет пры Міністэрстве культуры па набыцці і новых твораў беларускіх аўтараў. У 2011 годзе на гэта было выдаткавана 163 мільёны беларускіх рублёў, у 2013 годзе — 260 мільёнаў.

«Галоўнае сёння — папулярызацыя музыкі. Мы працуем поруч: кампазітары, выканаўцы і дзяржава як заказчык. Нельга сказаць, што беларускія аўтары пішуць «у стол». Амаль усе новыя творы купляюцца дзяржавай і выконваюцца са сцэны», — гаворыць Таццяна Пархімовіч.

— Магчыма я, як кампазітар, шчаслівейшая за астатніх, на каго звяртаюць увагу, чые творы гучаць у сценах філармоніі, і такія буйныя, як «Апокрыф» і «Люцыян Таполя». На маю думку, як няма дрэнных дзяцей, — прызнаецца кампазітар Ларыса Сімаковіч, — няма дрэнных твораў. Таму для мяне 5 канцэртаў, прымеркаваныя да юбілею нашага саюза, з'яўляюцца маленькім фестывалем сучаснай музыкі. Чаму ўвогуле ў нас такога фестывалю няма? Творца павінен недзе паказваць усе свае работы — і ўдалыя, і не вельмі. Геніяльнае, чым можа ганарыцца любая краіна, вырастае адзінкава, можа, раз на 100 гадоў. Але ўсе гэтыя 100 гадоў трэба «падразаць газоны», каб з'явіўся адзін нейкі твор, які праславіць краіну на ўвесь свет.

У абарону маладых аўтараў выказалася прафесар Беларускай акадэміі музыкі Галіна Гарэлава:

— Гісторыю нашага саюза кампазітараў калісьці стваралі маладыя. Сюды прыехалі маладыя расійскія кампазітары, якія пасля сталі класікамі беларускай музыкі. У 1960-я ў часы «адлігі» новая хваля ў музыцы — гэта маладыя тады Смольскі, Картэс, Янчанка, Вагнер і Лучанок. Сёння адбываюцца іншыя працэсы і зноў вельмі важна, каб у гэтым удзельнічалі маладыя. У час «шоуцэнтрызму» не ўсім зразумела: навошта кампазітараў вучыць у кансерваторыі? Цяпер чалавек з вуліцы, які знаёмы з тэхнікай, мае камп'ютар і нотны рэдактар, абсалютна вольна націскае некалькі клавіш, атрымлівае камбінацыю гукаў — нават прыемную на слых.

На жаль, у маладых паняцце сучаснай музыкі звязана толькі з поп-культурай. У мяне бываюць творчыя сустрэчы ў навучальных установах, дзе я паказваю творы сваіх калег, якія напісаны сучаснай мовай, пра сучасныя праблемы, дзе ёсць пошук адказаў на нейкія філасофскія пытанні. Пасля гэтага ў мяне пытаюцца: «А сучасную музыку яны пішуць?» Жудасны перакос у свядомасці. Я разумею, што ўсё залежыць ад узроўню адукаванасці. Можа, зараз самы «акаянны» час для акадэмічнай музыкі. Калісьці прэм'ера (нават не бяру Багатырова ці Глебава) Дзмітрыя Смольскага не праходзіла без міністра ці намесніка міністра культуры. Прэстыж краіны ў музычным мастацтве адстойваюць ўсё ж не кампазітары-песеннікі. Прыемна, што міністэрства гэта разумее і нас падтрымлівае.

Мы самі сваёй творчасцю імкнёмся даказаць, што музыка можа быць не толькі забавай — яна можа быць і спачуваннем, і споведдзю, і пропаведдзю, і прытчай, і малітвай. Для мяне не існуе пытання, патрэбны саюз ці не. Ён дае магчымасць праводзіць міжнародныя фестывалі, у тым ліку новай, моладзевай музыкі. Маладыя творцы павінны ведаць, што ствараюць іх аднагодкі. І ніякі самы лепшы запіс не заменіць жывога гучання музыкі ў зале філармоніі. Місія акадэмічнага мастацтва — духоўнае развіццё чалавека. Маладыя кампазітары адчуваюць сёння сваю незапатрабаванасць. Саюз кампазітараў можа ім дапамагчы. Мы не спадзяёмся на нейкую вялікую матэрыяльную падтрымку. Але творчая павінна быць...

Ларыса ЦІМОШЫК

5 вечароў

Разам з музыкай беларускіх кампазітараў у Белдзяржфілармоніі

5 снежня. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі нагадаў пра юбілей Анатоля Багатырова, адкрыўшы вечар святочнай уверцюрай. Прагучаў пралог з балета «Мара» Яўгена Глебава. Сімфанічная сюіта з балета «Апошні інка» Сяргея Картэса. Адажыа і эпілог з балета «Клеапатра» Вячаслава Кузняцова. Скерца з сімфоніі № 5 Уладзіміра Гаркушы. Разам з Уладзімірам Громавым, салістам нацыянальнай оперы, — твор Дзмітрыя Смольскага «Песня апошняга трубадура». Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Ганны Кароткінай. З 11-й сімфоніі Андрэя Мдзівані прагучалі 2-я і 3-я часткі. Выканана першая частка Канцэрта для вялікага сімфанічнага аркестра Галіны Гарэлавай.

11 снежня — парад прэм'ер ад сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Імёны і аўтары вечара «Маладая Беларусь» — канцэрт для цымбал з аркестрам Віктара Войціка, канцэрт для баяна з аркестрам «Adventum Dіes» Аліны Безенсон, «Плач Іерэміі» Вячаслава Кузняцова, сімфанічная карціна «Млечны Шлях» Сяргея Бельцюкова, фінал сімфоніі № 4 Уладзіміра Саўчыка.

10 снежня. Старонкі беларускай музыкі ў канцэртных транскрыпцыях для фартэпіяна ад народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава.

13 снежня. Канцэрт харавой музыкі.

18 снежня. «Беларускі кампазітар. Алхімік. Творца.» Канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. У праграме: Канцэрт Галіны Гарэлавай для струнных і ударных, Канцэрт для флейты, гітары і струннага аркестра Усевалада Грыцкевіча, Твор для брас-квінтэт «Перапіс насельніцтва» Уладзіміра Кур'яна. «Шлях у аблокі-3» для фартэпіяна і струнных Яўгена Паплаўскага, «Пушкінская сюіта» з оперы «Дуэль» Віталя Радзівонава, сімфонія для струннага аркестра «Чатыры здзіўленні Міхаліны» Ларысы Сімаковіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».