Вы тут

Вагнер як адкрыццё


Прэм'ера «Лятучага галандца» на Калядным оперным форуме

Вось так і падумаеш, што оперны форум адкрыў нам гэтага нямецкага кампазітара. Летась оперу Рыхарда Вагнера «Зігфрыд» можна было паслухаць у рамках Мінскага каляднага опернага форуму — дзякуючы Сафійскаму опернаму тэатру. Гэта было сапраўды непаўторна: наша публіка ці не ўпершыню слухала твор, які доўжыўся амаль 5 гадзін.

Для пастаноўкі ў Мінску больш ранняй оперы Р. Вагнера «Лятучы галандзец» была нагода: 200-годдзе кампазітара, твораў якога ў нас у тэатры дагэтуль не было ні ў савецкі час (чаму ёсць тлумачэнне), ні ўжо ў найноўшай гісторыі нашай краіны.

Але калісьці трэба адкрываць кампазітара, знакамітага аўтара опернага цыкла «Пярсцёнак нібелунга», творчасць якога паўплывала не толькі на развіццё музычнага мастацтва, але і на станаўленне нямецкага народа.

Стаўленне да творчасці Вагнера — ілюстрацыя таго, як любую ідэю ўжо без удзелу аўтара можна выхапіць з кантэксту, перавярнуць і скарыстаць у сваіх інтарэсах. Тым не менш яго называюць вялікім рэфарматарам оперы (ён шмат у чым адышоў ад прынцыпаў, закладзеных італьянцамі), аўтарам, які ўвёў у гэтае мастацтва містыцызм і рамантызм. «Лятучы галандзец» — прыклад менавіта рамантычнай оперы, у якой каханне і вернасць вышэй за смерць...

З гэтай рамантыкі сёлета і пачнецца оперны форум, які ў Мінску пройдзе ўжо ў чацвёрты раз. Пачнецца ён гучнай прэм'ерай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі — першай прэм'ерай оперы Вагнера ў нашай краіне. 10 і 11 снежня айчынная публіка мае магчымасць паглядзець пастаноўку, якую тэатр ажыццявіў разам з Хансам Іахімам Фраем — апошні выступіў у якасці рэжысёра. Мастак-пастаноўшчык — Манфрэд Маерхофер з Аўстрыі.

З нядаўніх прэм'ер у праграме форуму «Турандот» Джакома Пучыні ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Спектакль заканчваецца трагічна — паводле самога Пучыні, хоць ёсць і іншы варыянт, дапрацаваны пасля смерці аўтара сябрам кампазітара. Асаблівасць опернага форуму ў тым, што ў спектаклі нашага тэатра запрашаюцца замежныя оперныя «зоркі». 14 снежня разам з беларускімі салістамі Кацярынай Галаўлёвай (прынцэса Турандот), Настассяй Масквіной (рабыня Ліу), Васілём Кавальчуком (Цімур), партыю Калафа будзе выконваць заслужаны артыст Расіі, народны артыст Татарстана, саліст Марыінскага тэатра Ахмед Агадзі.

Прэм'еры вялікіх пастановак ад Вялікага тэатра Беларусі на оперным форуме — з'ява зразумелая. Але камерныя оперы будуць дэманстравацца ўпершыню ў камернай зале імя Ларысы Александроўскай цягам трох вечароў (12, 14 і 15 снежня): «Тэлефон» Меноці, «Чалавечы голас» Пуленка, «Спачатку музыка, потым словы» Сальеры, «Дырэктар тэатра» Моцарта, «Рыта, альбо пірацкі трохкутнік» Даніцэці. У гэтым шэрагу ёсць і беларускі сучасны твор кампазітара Сяргея Картэса «Мядзведзь».

Мінскі калядны форум цікавы тым, што дае магчымасць знаёміцца з замежнымі пастаноўкамі. Сёлета нашым госцем будзе Санкт-Пецярбургскі Міхайлаўскі тэатр з операй Джузэпэ Вердзі «Баль-маскарад» у пастаноўцы латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса. Яго ў Беларусі ведаюць дзякуючы спектаклю «Манон Леско», які ў мінулым сезоне прывозіла Нацыянальная опера «Эстонія». Тады нам прадэманстравалі, што значыць «прачытанне» опернага твора ў часе. Але не толькі дзеля рэжысёрскай трактоўкі варта пайсці 13 снежня ў оперны тэатр Беларусі, але і каб паслухаць галасы Марыі Літке, Фёдара Атаскевіча, Дзмітрыя Дарава, Ларысы Касцюк, якія занятыя ў гэтым спектаклі.

Беларуская публіка асабліва чакае Гала-канцэрта на закрыццё форуму: разам з айчыннымі салістамі на сцэну выйдуць спевакі з іншых краін. Вядомыя артысты, цудоўныя галасы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».