Вы тут

Маю права


Пра тое, як у Беларусі ідуць справы з рэалізацыяй грамадзянамі іх правоў і свабод, мы пагаварылі за звяздоўскім «круглым сталом» з дэпутатамі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Прадстаўляем суразмоўцаў: Андрэй НАУМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі; Леанід ЕРМАНТОВІЧ, намеснік старшыні; Тамара КРАСОЎСКАЯ, намеснік старшыні; Аксана НЯХАЙЧЫК, намеснік старшыні; Галіна ЛАЗОЎСКАЯ, дэпутат камісіі.

1386650186580_1

1386650188630_2

1386650191570_3

1386650194280_4

1386650197935_5

Па правах дзіцяці — заўваг няма

Андрэй НАУМОВІЧ:

Давайце адразу вызначымся з тэрмінамі. Прапаную наступнае вызначэнне «правоў чалавека» — сукупнасць нормаў, правіл, прынцыпаў і ўмоў, якія забяспечваюць магчымасць годнага жыцця ў грамадстве.

Менавіта яно ўзята за аснову пры Універсальным перыядычным аглядзе, які Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прапануе для сваіх членаў. Днямі меў гонар браць удзел у канферэнцыі, прысвечанай другому цыклу Універсальнага перыядычнага агляду для Беларусі, якая адбылася па ініцыятыве Прадстаўніцтва ААН і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў нашай краіны.

Даведка «Звязды»:

Універсальны перыядычны агляд (УПА) — новы механізм Савета па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных нацый, які пачаў працу ў красавіку 2008 года і мае на ўвазе праверку захавання правоў чалавека кожнай са 193 дзяржаў — членаў ААН.

У 2010 годзе Беларусь прайшла першую стадыю УПА, якая ўключала агляд сітуацыі з захаваннем правоў чалавека ў краіне. У працэсе УПА былі выказаны 93 рэкамендацыі нашай краіне, з якіх 75 яна прыняла. Пры гэтым Беларусь, як паведамляе сайт Міністэрства замежных спраў, зыходзіла з таго, што ўсе без выключэння прапановы будуць знаходзіцца ў поле зроку ўрада краіны, і непрыняцце некаторых з іх сёння не азначае, што яны не выканальныя.

Другі этап УПА ўключае выкананне рэкамендацый і добраахвотна ўзятых на сябе абавязкаў. Плануецца, што праходжанне Беларуссю другога цыкла будзе разгледжана Саветам ААН па правах чалавека вясной 2015 года.

Хачу сказаць, што ёсць дзяржавы, у адрас якіх было выказана каля 300 прапаноў па ахове правоў чалавека. Напрыклад, Шры-Ланка, Пакістан... Гэта значыць, што 93 рэкамендацыі — сярэдні паказчык. Сёння няма ў свеце дзяржавы, дзе ўсё было б ідэальна ў сферы правоў чалавека. Выкананнем рэкамендацый УПА ў нас заняты 13 дзяржаўных органаў.

Цэлы блок рэкамендацый датычыцца далучэння Беларусі да шэрагу міжнародных праваахоўных дагавораў. 24 рэкамендацыі адносяцца да правоў жанчын. У прыватнасці, прагучала заўвага аб тым, што заробак мужчын у нашай краіне перавышае заробак жанчын. Сапраўды, згодна з аглядам Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у снежні 2012 года намінальны налічаны сярэдні заробак мужчын у нашай краіне перавысіў заробак жанчын на 34 працэнты (на канферэнцыі, праўда, прагучалі іншыя лічбы, але я не ведаю іх крыніц, таму не агучваю).

Дарэчы, падобная крытыка існуе і ў адрас Ісландыі, дзе жанчыны зарабляюць на 32 працэнты менш за мужчын.

18 заўваг датычацца сацыяльна-эканамічнага блока. Адносна сітуацыі са смяротным пакараннем — 10 рэкамендацый, і па пытанні аб катаваннях — 15.

Прыемна адзначыць, што Беларусь сёння не мае ніякіх заўваг у дачыненні да правоў дзіцяці. Думаю, што мы сапраўды дастаткова шмат надаём увагі гэтаму пытанню. У нас створана разгалінаваная і эфектыўная сістэма абароны дзяцінства, працуе прэзідэнцкая праграма «Дзеці-Беларусі» (яна мае падпраграмы «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці інваліды», «Дзеці-сіроты», «Развіццё індустрыі дзіцячага харчавання», «Развіццё сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей»), рэспубліканская праграма «Моладзь Беларусі». З 2006 года дзейнічае Дэкрэт №18 аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных умовах...

На шляху адмены смяротнага пакарання

— Што вы асабіста думаеце аб рэкамендацыі па ўвядзенні пасады амбудсмена па правах чалавека?

Андрэй НАУМОВІЧ:

Мой пункт погляду сфарміраваўся за паўтара года работы ў парламенце. Па-першае, была магчымасць убачыць, як інстытут упаўнаважанага па правах чалавека працуе ў іншых краінах. Да мяне звярнуўся жыхар Навагрудскага раёна з просьбай дапамагчы знайсці звесткі аб працоўным стажы ў Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі. Дзяржаўныя органы Краснадарскага краю далі адказ, але ён з ім не пагадзіўся. Тады я накіраваў афіцыйны запыт упаўнаважанаму па правах чалавека ў гэтым рэгіёне, і атрымаў... той жа самы адказ, што і ад дзяржаўных органаў!

Калі я спытаў чалавека, які рэгулярна цікавіцца аб стварэннем інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў: «Калі вы не атрымаеце ад амбудсмена станоўчага адказу, то куды будзеце звяртацца?», то пачуў адказ: «Далей». Дык навошта тады гэты інстытут? Дзеля «галачкі»?

Лічу, што дэпутаты парламента, па сутнасці, выконваюць функцыі амбудсмена па правах чалавека, калі працуюць у сваіх акругах, але гэта пытанне патрабуе дадатковага вывучэння і абмеркавання.

— Хацелася б пачуць ваша меркаванне і па смяротным пакаранні.

Андрэй НАУМОВІЧ:

Нагадаю, што ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны часовы і выключны характар смяротнага пакарання. Рашэнне аб яго захаванні было прынята на ўсенародным рэферэндуме, які мае, як і ў іншых краінах, вышэйшую юрыдычную сілу. Гэта значыць, што да прыняцця рашэння аб яго адмене трэба перш за ўсё рыхтаваць грамадскасць. Напрыклад, у ЗША смяротнае пакаранне было прызнана неканстытуцыйным у 1972 годзе, але потым адноўлена ў 38 штатах; у Італіі яно было адменена, адноўлена і зноў адменена. У СССР смяротнае пакаранне адмянялася некалькі разоў.

Як правіла, пераход да адмены смяротнага пакарання адбываецца ў некалькі этапаў, і, па сутнасці, Беларусь ідзе па гэтым шляху. Калі ў 1997 годзе ў нас было вынесена 46 смяротных прысудаў, у 1999 — 13, у 2000 — 4, то ў 2012 — ніводнага.

Калі меркаваць па рэзанансе, які выклікала адмена Вярхоўным Судом Беларусі смяротнага прысуду Аляксандру Грунову, які нанёс больш за 100 нажавых раненняў гомельскай студэнтцы, грамадства наша яшчэ не гатова да поўнай адмены гэтага віду пакарання.

Але ўсе мы памятаем справу «віцебскага Чыкацілы» — Генадзя Міхасевіча, за злачынствы якога памылкова былі асуджаны 14 чалавек, а невінаваты Мікалай Цярэня — расстраляны. Ды і за першае забойства, якое здзейсніў сам Чыкаціла, быў пакараны смерцю іншы чалавек — Аляксандр Краўчанка.

Таму асабіста я выступаю за мараторый на выкананне прысуду аб смяротным пакаранні на пэўны час (напрыклад, на 10 гадоў). Дарэчы, у ЗША ёсць асуджаныя на смяротнае пакаранне, якія чакаюць выканання прысуду некалькі дзясяткаў гадоў. І хаця гуманнасць такога «чакання» выклікае сумненні, гэта магло б звесці да мінімуму незваротныя судовыя памылкі.

Канстытуцыя і міжнародныя нормы

Аксана НЯХАЙЧЫК:

Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 65 гадоў, а нашай дзяржаве — 21. Па сутнасці, узрост нашай незалежнасці нядаўна дасягнуў паўналецця. Нам прыйшлося наноў ствараць усю заканадаўчую базу краіны. Але, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, пазіцыі Беларусі блізкія дэкларацыі. Бо пры дзяржаўным будаўніцтве мы бралі за аснову існуючыя міжнародныя нормы і трансфармавалі іх праз свае нацыянальныя інтарэсы. Таму многія нашы нормы, якія тычацца правоў чалавека, ухвалены міжнароднымі арганізацыямі. Пры гэтым асноўны дакумент у гэтай галіне — Канстытуцыя, у якой запісана, што наша дзяржава з'яўляецца ўнітарнай, дэмакратычнай і сацыяльна-прававой. Пацвярджэнне таму — гарантаваныя Канстытуцыяй правы на працу, адпачынак, адукацыю, годны ўзровень жыцця...

Усе законы, якія мы прымаем, а таксама міжнародныя дагаворы і пагадненні, якія ратыфікуем, праходзяць экспертызу на адпаведнасць Канстытуцыі.

Нярэдка менавіта з-за неадпаведнасці Асноўнаму закону Рэспублікі Беларусь не ўдаецца рэалізаваць некаторыя прапановы палітыкаў альбо ўраду, якімі б карыснымі яны ні падаваліся на першы погляд.

Леанід ЕРМАНТОВІЧ:

Па сутнасці, у беларускай Канстытуцыі ўлічаны нормы ўсіх асноўных міжнародных дакументаў — Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Дзе заканчваецца асабістая свабода?

Тамара КРАСОЎСКАЯ:

Сёння людзі жадаюць мець усё больш свабоды і магчымасцяў, таму для дзяржавы вельмі важна сфарміраваць асобу з высокай прававой культурай. Каб свабода аднаго чалавека не парушала свабоду іншых, не супярэчыла Канстытуцыі і іншым законам. Асабліва актуальна гэта ва ўмовах рынкавых адносін у эканоміцы. Правы і свабоды не павінны выкарыстоўвацца як падстава для злоўжыванняў, але заставацца ў рамках прававога поля.

Усе апошнія законапраекты, над якімі ішла работа ў парламенце, былі накіраваны не толькі на дабрабыт грамадства, але і на абарону інтарэсаў кожнага чалавека. Дзеля гэтага яны абмяркоўваюцца ў грамадскіх арганізацыях, калектывах, сродках масавай інфармацыі. Мы кіруемся прынцыпам: «законы павінны зыходзіць ад жыцця і для жыцця».

Андрэй НАУМОВІЧ:

Да сваіх правоў трэба ставіцца не спажывальна, але самому імкнуцца павялічыць дабрабыт сваёй краіны, каб сацыяльныя і эканамічныя правы ўсіх яе жыхароў лепш рэалізоўваліся.

— Ваша парламенцкая камісія паспела падрыхтаваць закон, які мае прамыя адносіны да канстытуцыйнай нормы аб праве на свабоду аб'яднанняў.

Тамара КРАСОЎСКАЯ:

Так, гэты закон аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў падпісаны кіраўніком дзяржавы. Мы разумеем, што такія арганізацыі выконваюць вельмі важную сацыяльную місію ў нашым грамадстве. Яны з'яўляюцца злучальным звяном паміж органамі дзяржаўнай улады і людзьмі.

У нашай дзяржаве зараз дзейнічае больш за 2000 грамадскіх аб'яднанняў, якія належаць розным сацыяльным групам, маюць розныя кірункі дзейнасці і яе маштабы. Таксама зарэгістравана 15 палітычных партый. Штогод колькасць тых і іншых павялічваецца.

Закон змяшчае тры асноўныя блокі змяненняў. Першы накіраваны на спрашчэнне парадку стварэння, дзейнасці і ліквідацый партыі, грамадскага аб'яднання. Другі мае ўдакладняльны характар. Трэці ліквідаваў прававыя прабелы.

Думаю, закон сапраўды спрасціць працэдуру стварэння грамадскага рэспубліканскага аб'яднання. Калі раней для яго стварэння патрэбна было 50 заснавальнікаў — па 10 з кожнай вобласці і горада Мінска, то зараз колькасць заснавальнікаў засталася ранейшай, але не важна, па колькі чалавек ад кожнай вобласці.

Лягчэй стане ліквідаваць грамадскую арганізацыю, бо не трэба цяпер склікаць для гэтага ўвесь кіруючы орган, а гэта, па сутнасці, усё аб'яднанне, члены якога пражываюць ва ўсіх абласцях краіны. Гэта прывяло да таго, што многія грамадскія аб'яднанні ў нас фактычна ліквідаваны, але юрыдычна — не. Цяпер дастаткова сабраць вышэйшы орган, падпісаць ліквідацыйны баланс і прыняць адпаведнае рашэнне.

Магчымасць пераўтварэння грамадскага аб'яднання ў палітычную партыю і раней была прапісана ў Грамадзянскім кодэксе. Цяпер яна набыла больш дакладны характар. Закон уступіць у сілу ў лютым.

Аксана НЯХАЙЧЫК:

Думаю, працаваць па гэтым законе будзе лёгка, бо ў яго аснову ляглі прапановы многіх грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» унесла шэраг прапазіцый, якія былі ўлічаны падчас работы над законапраектам. Удзельнічалі і палітычныя партыі.

Інтарэсы асобы павінны быць абаронены

— Яшчэ пра адно важнае права хацелася б пагаварыць: права на свабоду атрымання і распаўсюджванне інфармацыі.

Галіна ЛАЗОЎСКАЯ:

Усім, хто мае дачыненне да масавай камунікацыі, журналістыкі, інтэрнэту, неабходна ўлічваць, што свабода слова — гэта не ўсёдазволенасць. Асабістая свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаюцца законныя інтарэсы другога. Калі я працавала на мясцовым радыё, у раёне налічвалася 40 тысяч радыёкропак. І важна было памятаць, што твае перакананні, няхай ускосна, але перадаюцца слухачу.

Абмяжоўваць права грамадзяніна на распаўсюджанне інфармацыі і бесперспектыўна, і супрацьзаконна, таму што яно гарантавана Канстытуцыяй (артыкул 33). У той жа час закон павінен абараняць правы грамадзян і грамадскіх аб'яднанняў. У сувязі з распаўсюджаннем лічбавых тэхналогій з кожным разам усё больш складана ставіць фільтры на шляху пранікнення інфармацыі дэструктыўнага характару. Мне здаецца, менавіта гэта патрэбна сёння абмяркоўваць і ў грамадстве, і ў дзяржаўных структурах.

Няхай у Сусветным павуцінні межы віртуальныя, але парушэнне іх — рэальнае. Трэба памятаць, што мы жывём у ХХІ стагоддзі, і сёння інфармацыйныя тэхналогіі павінны стаяць на абароне правоў чалавека і гарантаваць іх выкананне.

Не так даўно аб інфармацыйнай адкрытасці нашай дзяржавы ішла гаворка на сумесным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі і нашай Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Мы абмяркоўвалі прапановы АБСЕ па праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», які ўжо прыняты ў першым чытанні. Падчас гэтага мерапрыемства, на якім прысутнічаў эксперт бюро прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дзмітрый Галаванаў, прагучала агульная станоўчая ацэнка тых мер, якія плануецца ўвесці ў мэтах павышэння ступені інфармацыйнай адкрытасці дзяржавы і празрыстасці працы дзяржаўных структур, а таксама па ўзмацненні абароны персанальных даных.

Што да самога законапраекта, то ён прадугледжвае большую інфармацыйную адкрытасць у працы дзяржаўных органаў, прапаноўваецца шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт (асабліва дзяржаўным органам), асобна замацаваны такі спосаб інфармавання грамадзян як забеспячэнне магчымасці наведвання адкрытых пасяджэнняў дзяржаўных органаў.

Падкрэслю, што ў парламенце падрыхтоўка і абмеркаванне гэтага законапраекта вядзецца адкрыта, тэкст яго змешчаны ў інтэрнэце, парламентарыі абмяркоўвалі яго з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання. Усе прапановы былі разгледжаны.

Прыняць удзел у заканатворчасці можа кожны

— Ці існуе сувязь паміж законам аб інфармацыі і законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб?

Аксана НЯХАЙЧЫК:

Гэтыя два законы ўзаемадапаўняльныя. Яны прадастаўляюць права кожнаму грамадзяніну на пэўную інфармацыю, на вырашэнне тых пытанняў, пра якія сказана ў звароце, і дазваляюць узаемадзейнічаць грамадзяніну і органам улады на розных этапах: ад мясцовага да рэспубліканскага.

У Палаце прадстаўнікоў таксама праводзіцца праца са зваротамі грамадзян. Па-першае, як дэпутаты, мы працуем са зваротамі падчас працы ў акругах. Паступаюць і пісьмовыя, і вусныя звароты. Як правіла, яны адносяцца да больш дробных пытанняў, не звязаных з заканатворчасцю. Але, як прадстаўнікі сваіх выбаршчыкаў, мы, натуральна, прымаем актыўны ўдзел у вырашэнні самых розных праблем.

Наша камісія, як і іншыя камісіі ў парламенце, таксама вядзе прыём грамадзян — для нас гэта першая серада кожнага месяца. З 1 студзеня да 6 снежня гэтага года ў Палату прадстаўнікоў паступіла каля 3 тысяч зваротаў.

У апошні час ёсць і звароты, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўчай базы. Пры гэтым часта яны дастаткова абгрунтаваныя: былі выпадкі, калі такія прапановы ўносіліся ў выніку навуковай працы — напрыклад, напісання дысертацыі. Гэта, на нашу думку, сведчыць пра павышэнне прававой культуры беларусаў.

Новым этапам у працы са зваротамі стала прыняцце адпаведнага закона. Было ўведзена такое паняцце, як «электронны зварот», вызначаны парадак разгляду звароту і адказу грамадзяніну. У адказе абавязкова павінны быць спасылкі на пэўныя прававыя дакументы, зыходзячы з якіх чыноўнік прыняў пэўнае рашэнне. Закон дазваляе грамадзянам удзельнічаць у пасяджэннях органаў мясцовага кіравання і самакіравання — выканкамаў, адміністрацый раёнаў.

Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб уступіў у сілу летась, але ўжо сёння існуе шэраг даволі канкрэтных дапаўненняў і заўваг, якія дазволяць яшчэ больш спрасціць працэдуру адносін паміж грамадзянамі і органамі ўлады рознага ўзроўню. Між іншым, аб гэтым ішла гаворка на выязным пасяджэнні нашай камісіі ў Навагрудку.

— Зараз дастаткова пашыраны збор петыцый праз сацыяльныя сеткі, электронную пошту. Як вы ставіцеся да такога спосабу звароту грамадзян?

Аксана НЯХАЙЧЫК:

Петыцыю нельга лічыць зваротам. Такая з'ява мае права на жыццё, але ў рамках закона, пра які ідзе размова, такі від звароту не разглядаецца. Электронны зварот таксама, каб лічыцца паўнамоцным, павінен адпавядаць пэўным патрабаванням — перш за ўсё, па форме. Гэта не ананімныя звароты, там указваецца адрас і г.д.

Андрэй НАУМОВІЧ:

Асабіста я не згодны з тым, што кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый павінны даваць адказ на электронны зварот, а кіраўнікі прыватных арганізацый (а мы канстатуем, што колькасць недзяржаўных прадпрыемстваў з кожным годам павялічваецца) не абавязаны гэта рабіць. Трэба, каб былі аднолькавыя правы і абавязкі.

Аксана НЯХАЙЧЫК:

У будучым у нас ёсць магчымасць унесці адпаведныя змены і дапаўненні.

— Калі весці гутарку пра правы чалавека з пункту гледжання нацыянальных адносін, то, мне здаецца, у нашай краіне тут таксама ёсць нагода для гонару...

Леанід ЕРМАНТОВІЧ:

Сапраўды, Беларусь — адна з нямногіх краін былога Савецкага Саюза, дзе не было ніякіх міжнацыянальных канфліктаў. Згодна з перапісам 2009 года, у нас пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў. З іх 84% — беларусы, 8% — рускія, 3% — палякі, 2% — украінцы, 0,1% — яўрэі. Дэмакратычныя прынцыпы нацыянальнай палітыкі таксама замацаваны ў Канстытуцыі нашай краіны. Статус нацыянальных адносін рэгулююць шэраг законаў: Закон аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь, асобныя артыкулы ў законах аб мовах, аб культуры, аб адукацыі. У нас заканадаўча замацаваны палажэнні шматлікіх артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе размова ідзе пра нацыянальныя адносіны.

Каб не быць галаслоўным, прывяду некаторыя прыклады. Паводле аднаго з артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, кожны чалавек мае права аднолькавага доступу да дзяржаўнай службы ў сваёй краіне. Я ўзначальваў больш за 9 гадоў упраўленне па арганізацыйна-кадравай рабоце гродзенскага аблвыканкама, і праз мае рукі праходзіла ўзгадненне або назначэнне на кіруючыя пасады прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых выканаўчых камітэтаў. За гэты час ніводнага выпадку не назначэння на якую-небудзь пасаду па нацыянальнай прыкмеце не было. У Гродзенскай вобласці, напрыклад, толькі 50 працэнтаў кіраўнікоў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў — беларусы па нацыянальнасці.

У рэспубліцы ўжо амаль 20 гадоў праводзіцца фестываль нацыянальных культур. Па маштабнасці і маляўнічасці другога такога фестывалю няма ні ў адной іншай краіне свету.

Згодна з даследаваннямі 2007—2011 гадоў інфармацыйна-аналітычнага Цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 86,5% нашага насельніцтва лічаць, што ў нас няма дыскрымінацыі па моўных, рэлігійных і іншых прыкметах.

Андрэй НАУМОВІЧ:

Калі падводзіць вынікі сённяшняй сустрэчы, то можна пагадзіцца з думкай, якая прагучала на згаданай канферэнцыі па Універсальным перыядычным аглядзе: Беларусь займае адэкватнае становішча ў свеце па пытаннях выканання правоў чалавека. У нашай дзяржаве сфарміравана разуменне важнасці забеспячэння правоў чалавека як асноўнага крытэрыю ацэнкі якасці дзяржаўнасці, ступені яе дэмакратычнасці, адданасці прававым пачаткам і маральнасці. Гэта значыць, мы ведаем шлях, па якім нам трэба рухацца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Надзея ЮШКЕВІЧ, Юрый ЦАРЫК.
Фота Любові БЯЛЯЕВАЙ і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».