Вы тут

Рэгбi: хулiганы — на полi, джэнтльмены — у жыццi


Калiсьцi вельмi даўно студэнт англiйскага каледжа падчас футбольнага матча парушыў правiлы — схапiў мяч рукамi i пабег да варотаў сапернiка. Лiчаць, што з гэтай падзеi пачалася гiсторыя рэгбi. Праўда гэта цi проста забаўная легенда, спецыялiсты спрачаюцца дагэтуль. Спрачаюцца… i раз на чатыры гады лепшай рэгбiйнай зборнай свету ўручаюць трафей, названы ў гонар студэнта-правапарушальнiка, — Кубак Уэба Элiса. Хто нумар адзiн у гэтым вiдзе спорту, традыцыйна вырашаюць памiж сабой Новая Зеландыя, Аўстралiя i ПАР. Еўрапейскiм камандам умяшацца ў гэтую «бiтву кантынентаў» амаль немагчыма, за выключэннем хiба толькi Англii ды Францыi. Якое тады месца на рэгбiйнай карце Еўропы займае Беларусь, дзе гэты вiд спорту з'явiўся толькi ў ХХI стагоддзi? Разабрацца ў гэтым карэспандэнту «Звязды» дапамагае Аляксандр ДАНЬКО, адзiн з пачынальнiкаў рэгбi ў Беларусi, кiраўнiк, трэнер клуба «Вепрукi» i выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыi рэгбi.

1386650290156_1

Ад аматарскай каманды да спартыўнай федэрацыi

— Упершыню беларусы пачалi гуляць у рэгбi ў далёкiя 1930 я гг. Гэта былi навучэнцы тэхнiкума фiзкультуры (цяпер — Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт фiзiчнай культуры). Але далей справа не пайшла, i пра гэты вiд спорту ў нас забылi. Пакуль у 2005 годзе ў Мiнск з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі не прыехаў Якабус Петрус Вандэрберг. Ён — былы прафесiйны рэгбiст, i ў Беларусь яго «занесла» па працы. Тут ён сабраў першую беларускую каманду па рэгбi, якая нават паспела прыняць удзел у мiжнародным турнiры ў Польшчы. Але праз тры гады спадар Вандэрберг быў вымушаны вярнуцца дадому, i каманда распалася. Аднак незалежна ад яе неўзабаве ўзнiкла iншая. Мой сябар выступаў за прафесiйную рэгбiйную каманду СКА (Санкт-Пецярбург), ён мяне i зацiкавiў гэтай гульнёй. I вось аднойчы на рынку я купiў мяч для рэгбi — ведаеце, проста не змог прайсцi мiма! Пачаў шукаць хлопцаў, каб пагуляць, паступова сабралася каманда, у склад якой, дарэчы, увайшлi i тыя спартсмены, якiя калiсьцi займалiся пад кiраўнiцтвам паўднёваафрыканца. Прыкладна год мы гулялi выключна для сябе, але потым пачалi задумвацца: «А чаму б не зарэгiстраваць нашу каманду?». Так у 2009 годзе ўзнiк першы рэгбiйны клуб у Беларусi — «Вепрукi». Пачалi выязджаць на спаборнiцтвы, удзельнiчалi ў чэмпiянатах Украiны, Лiтвы. I хутка зразумелi, што трэба пераходзiць на новы ўзровень — развiваць гэты вiд спорту не толькi ў сталiцы, але i ў iншых гарадах краiны. З гэтымi мэтамi i стварылi Беларускую федэрацыю рэгбi, якая сёлета адсвяткавала свой першы дзень нараджэння.

— Наколькi цяжка было з нуля заснаваць спартыўную федэрацыю?

— Сабраць дакументы i звярнуцца з iмi ў Мiнюст — гэта не праблема. Няпроста было выканаць пэўныя ўмовы. Напрыклад, знайсцi аднадумцаў у рэгiёнах, каб даказаць, што рэгбi цiкавае не толькi мiнчанам. Без гэтага пункта нiхто не зарэгiструе новае грамадскае аб'яднанне. Адшукалi энтузiястаў у Брэсце, Рэчыцы, пасля — у Гродне. Так пачалi з'яўляцца каманды ў iншых беларускiх гарадах. А ў Мiнспорце, дарэчы, на той момант ужо ведалi пра нас. Некалькi гадоў таму на клуб выйшла адна iрландская каманда, якая захацела згуляць з намi таварыскi матч. Тады мы ўпершыню звярнулiся ў Мiнiстэрства спорту, каб уладзiць пытаннi з вiзамi для гасцей. На жаль, iрландцы так i не прыляцелi, затое з тае пары мы пачалi кантактаваць з мiнiстэрствам, каб яны бачылi, што мы не стаiм на месцы, развiваемся.

— А на еўрапейскiм узроўнi атрымалi прызнанне?

— Адразу пасля рэгiстрацыi федэрацыi мы паставiлi перад сабой мэту — трапiць у Еўрапейскую асацыяцыю рэгбi (цалкам — FIRA-AER. — Аўт.). Уяўляеце, з усёй Еўропы, напэўна, толькi 5–6 краiн не ўваходзiлi ў FIRA-AER, i Беларусь у тым лiку! Таму запрасiлi да нас дэлегацыю Мiжнароднага савета рэгбi, куды ўваходзiць i Еўрапейская асацыяцыя. Прыехалi, пераканалiся, што мы — маладая рэгбiйная краiна, якая развiваецца… А ўжо сёлета на кангрэсе ў Швецыi Беларусь прынялi ў FIRA-AER. Шчыра кажучы, пасля гэтага да нас i дома пачалi ставiцца больш сур'ёзна. Але наша кiраўнiцтва таксама можна зразумець: нейкiя энтузiясты стварылi федэрацыю, патрабуюць да сябе ўвагi, ды яшчэ i прэтэндуюць на дзяржаўныя датацыi, бо рэгбi — гэта алiмпiйскi вiд спорту. Трэба было паказаць, што ўсё сур'ёзна, пацвердзiць свой статус, так бы мовiць.

1386650293843_2

Хто запоўнiць «чысты лiст»?

— Беларусь для рэгбi — «табула раса»: нi традыцый, нi прафесiйных кадраў… На што можна разлiчваць у такiх умовах?

— Думаю, дасягнуць узроўню прыбалтыйскiх краiн (напрыклад, Латвii, якая знаходзiцца ў раёне 50–60 х радкоў сусветнай класiфiкацыi) нам па сiлах. I, паверце, шмат часу чакаць не прыйдзецца. Дарэчы, у Еўропе рэгбi знаходзiцца на аматарскiм узроўнi. Толькi 20–30% камандаў маюць паўпрафесiйны i прафесiйны статус. Але гэта не значыць, што мы слабыя спартсмены. Каб гэта не было галаслоўна, узгадаю наш першы матч. У сапернiках быў таксама аматарскi клуб — «Белая крэпасць» з Белгарада. Але аснову гэтай каманды заклалi прафесiйныя трэнеры, адпаведна i рэгбiсты ў iх больш умелыя i спрактыкаваныя за нашых хлопцаў. Шчыра прызнаюся, баялiся «адляцець» са скрыпам. Тым не менш згулялi ўнiчыю! Тады i зразумелi, што ёсць патэнцыял. На мiнулых выхадных завяршыўся другi чэмпiянат Беларусi, у якiм удзельнiчалi чатыры каманды — «Вепрукi», «Гномы», «Сцяпянка 300» i «Унiя». Нягледзячы на прадказальную перамогу «Вепрукоў», заўважна, што ўзровень першынства расце, астатнiя каманды падцягваюцца. У перспектыве — стварэнне нацыянальнай зборнай, прыцягненне ў трэнерскi штаб замежных спецыялiстаў. Наступнай восенню плануем стартаваць у адборачным цыкле Кубка еўрапейскiх нацый.

— Нацыянальная каманда, напэўна, будзе стварацца на базе «Вепрукоў»?

— Так. Зборная будзе стварацца з гульцоў чатырох камандаў, але аснову, вядома, складуць «вепрукi». Магчыма, у камандзе будуць выступаць беларускiя студэнты, якiя вучацца за мяжой. Такiя хлопцы ўжо звярталiся да нас з Канады, Германii, Францыi. Там яны толькi студэнты-спартсмены, якiя выступаюць за ўнiверсiтэт, — адны з тысячы, а тут у iх ёсць магчымасць гуляць за нацыянальную каманду. Упэўнены, навыкi гэтых рэгбiстаў нам спатрэбяцца.

Справа энтузiястаў…

— Раскажыце, калi ласка, у якiх умовах сёння iснуе клуб — трэнiровачная база, фiнансаванне, трэнерскi штаб?..

— Паколькi каманда аматарская, мы знаходзiмся на самазабеспячэннi. У асноўным гэта членскiя ўнёскi. Ёсць спонсарская падтрымка: дапамагаюць нашы сябры, якiя маюць магчымасць i жаданне. Пакуль спраўляемся самi — аплачваем арэнду стадыёна, экiпiроўку, выезды за мяжу. Але калi пачнуцца выступленнi ў Еўракубку, выдаткi павялiчацца, i без падтрымкi дзяржструктур ужо будзе не абысцiся. Што датычыцца трэнераў… Галоўным настаўнiкам каманды з'яўляецца былы прафесiйны рэгбiст Аляксей Сiнiцын. Ёсць яшчэ некалькi памочнiкаў трэнера. Перыядычна мы выязджаем на курсы, якiя ладзiць Мiжнародны савет рэгбi, вучымся на суддзяў, трэнераў — дзiцячых i дарослых.

— Дарэчы, пра развiццё дзiцячага рэгбi. У гэтым напрамку вядзецца дзейнасць?

— Былi спробы. Хадзiлi па школах з прэзентацыямi, запрашалi трэнiравацца, дзецi адгукалiся. Нават набралi групу на базе фiзкультурна-аздараўленчага цэнтра Партызанскага раёна. Але ў структуры змянiўся дырэктар — i справа забуксавала. Шкада… Бо попыт ёсць, i не маленькi. Аднойчы да нас на трэнiроўку прыйшло каля сарака чалавек, у зале не хапала месцаў! Цяпер адзiн з нашых гульцоў, якi працуе трэнерам у кадэцкiм вучылiшчы, спрабуе набраць групу пры дзiцяча-юнацкiм клубе Маскоўскага раёна, навучае рэгбi i сваiх выхаванцаў-кадэтаў. Але ўсё гэта трымаецца на голым энтузiязме. Наш вiд спорту пакуль на такiм узроўнi, што мы, на жаль, не можам прапанаваць маленькiм рэгбiстам добрую трэнiровачную базу, экiпiроўку, выезды на спаборнiцтвы.

— I юных спартсменаў нават не адпужвае, што рэгбi лiчыцца адным з самых жорсткiх вiдаў спорту?

— Паводле статыстыкi, рэгбi саступае i футболу, i хакею па колькасцi траўмаў. Так, гэта кантактны вiд спорту. Але, спартсмен апрыёры рыхтуецца да сутыкнення з сапернiкам, а гэта памяншае рызыку атрымаць пашкоджанне. Акрамя гэтага, сiлавыя прыёмы падпарадкоўваюцца пэўным правiлам. На трэнiроўках усё гэта адточваецца, iмiтуецца барацьба на полi… Безумоўна, ёсць траўмы, як i ў любым вiдзе спорту, але не больш… Я сказаў бы, што рэгбi — гэта мужчынская гульня, якая вучыць прыгожай i сумленнай барацьбе, цярпенню i самааддачы. I, напэўна, нiводзiн вiд спорту не дэманструе такi камандны дух. Футбол адпачывае! Рэгбiйная суполка — гэта сапраўдная сям'я. На полi мы сапернiкi, а ў жыццi — сябры. Гэта не проста гучныя словы, паверце.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

ЛIКБЕЗ:

Рэгбi ўзнiк у Англii на пачатку ХIХ стагоддзя. Малая радзiма гульнi — горад Рагбi (англ. — Rugby).

Самыя папулярныя разнавiднасцi рэгбi — рэгбi-15 (класiчны) i рэгбi-7 (алiмпiйскi вiд). У рэгбi-15 гуляюць па 15 чалавек у кожнай камандзе два таймы па 40 хвiлiн. У рэгбi-7 — па 7 гульцоў у камандзе i два таймы па 7 хвiлiн.

Буйнейшыя спаборнiцтвы ў Еўропе: Кубак шасцi нацый (удзельнiчаюць наймацнейшыя рэгбiйныя дзяржавы — Англiя, Iрландыя, Iталiя, Уэльс, Францыя i Шатландыя) i Кубак еўрапейскiх нацый (у рэгбi-15 — cем дывiзiёнаў, у рэгбi-7 — два; Беларусь будзе выступаць у сёмым i другiм дывiзiёнах адпаведна).

Цiхаакiянскi рэгiён — лiдар у рэгбi. У Новай Зеландыi, на Самоа, Тонга i Фiджы — гэта нацыянальны вiд спорту. Гэткi ж статус гульня мае ў Грузii i Уэльсе (грузiны пяць разоў станавiлiся чэмпiёнамi Кубка еўрапейскiх нацый).

Рэгбi часта блытаюць з амерыканскiм футболам. Але гэта розныя вiды спорту! Амерыканскi футбол (як i iншыя вiды футбола — аўстралiйскi, канадскi, шведскi i г.д.) фармiраваўся на раннiх формах рэгбi.

На Алiмпiйскiх гульнях у 2016 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра рэгбi вернецца ў алiмпiйскую праграму ўпершыню з 1924 года.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.