Вы тут

Арган лечыць не толькі душу


Ксенія Пагарэлая — адзіная ў Беларусі жанчына-арганістка. У 1999 годзе яна стала «Жанчынай года Полацка», у 2003 м — «Жанчынай года Віцебшчыны», а летась за значны ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа атрымала медаль Францыска Скарыны.

1386734764518_11-21

Гэтая ўнікальная жанчына зусім не «зорная» артыстка: не жыве ў элітным доме, ездзіць у грамадскім транспарце. Нядаўна Ксенія Максімаўна выступала на віцебскім міжнародным музычным фестывалі імя Салярцінскага. Як заўсёды, пры поўнай зале. Адразу пасля канцэрта з арганісткай пагутарыў карэспандэнт «Звязды».

— Калі вы вырашылі, што хочаце стаць арганісткай?

— Усё пачалося гадоў у 13, калі я вучылася ў музычнай школе ў Краснадары. Мая педагог давала слухаць запісы арганнай музыкі на кружэлках. Я вельмі любіла Баха. Дарэчы, і марыць не магла пра тое, што буду іграць на аргане, які зрабілі спецыяльна для Баха. Цуд здарыўся ў Дрэздэне, недалёка ад славутай карціннай галерэі. Было адчуванне, быццам лячу ў космас.

А ўпершыню пачула арган у 18 гадоў — у Рызе. Калі вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі, была магчымасць, акрамя асноўнага інструмента, фартэпіяна, асвоіць другі. І выбрала, вядома, арган. Гэта не хатні інструмент. Ведаю, што некаторым арганістам, каб пазаймацца, трэба ўстаць а пятай гадзіне раніцы.

Я рэпетую ў Сафійскім саборы: з самай раніцы, ці позна ўвечары. У сабор з 10.00 да 17.00 запускаюць турыстаў. Калі няма экскурсій, можна і пашліфаваць майстэрства.

— Наколькі я ведаю, у Полацк вы пераехалі на працу ажно з Уладзівастока. Як трапілі на Далёкі Усход? Чаму потым пераехалі ў Беларусь?

— Да мяне ў Полацку працавала мая сяброўка Вівіяна Сафраніцкая, з якой разам вучыліся ў Маскве. У нас быў вельмі добры настаўнік — Леанід Ісакавіч Ройзман. Ён, дарэчы, з'яўляўся членам камітэта, які займаўся будаваннем арганаў. У савецкі час шмат канцэртных арганаў пабудавалі.

Ва Уладзівасток трапіла па размеркаванні. Дарэчы, сама напрасілася (смяецца). Памятаю, сябры вырашылі, што ў мяне нешта з галавой. А мне захацелася рамантыкі. І я зусім не шкадую, што праехала на цягніку ўвесь Савецкі Саюз, убачыла Байкал… Мяне падчас паездкі ўразіла, наколькі ў нас вялікая краіна. І прапрацавала чатыры гады ва Уладзівастоку. Дарэчы, арган там так і не пабудавалі. А ўсё таму, што інструмент планавалі ўстанавіць у будынку былой лютэранскай кірхі, дзе размяшчаўся музей ваенна-марскога флоту. Музейную экспазіцыю планавалі перавесці ў іншы будынак. Але чамусьці флот не дамовіўся з уладай горада. Падрабязнасці я не ведаю. А потым у краіне пачалася перабудова, зразумела, было не да аргана. Кірха цяпер дзейнічае, але там стаіць маленькі электронны арган.

У Полацк мяне сагітавала пераехаць Вівіяна, якая збіралася вучыцца за мяжой. Сказала, што вельмі добры ў Сафійскім саборы арган. Шкада, калі на ім не будзе каму іграць. Прыехала ў Полацк з Уладзівастока ў 1988 годзе. Мяне адразу ўразіў сабор на беразе Заходняй Дзвіны. І арган насамрэч унікальны, як і акустыка ўсярэдзіне храма.

— А колькі, дарэчы, канцэртных арганаў у нашай краіне?

— Тры: у Мінску — у дзяржаўнай філармоніі, у Віцебску — у філармоніі і ў Полацку. А ў касцёлах — прыкладна сто. Цудам захаваўся арган у вёсцы Камаі Пастаўскага раёна. Яму больш за 100 гадоў. У час, калі змагаліся з рэлігіяй, знішчалі арганы. Дык ксёндз, каб выратаваць арган, зняў з інструмента адзін рэгістр ды схаваў. А калі прыйшлі дэмантаваць арган, сказаў, што ён не працуе. І не падмануў жа, і пры гэтым арган выратаваў.

Той арган і ў нашы дні радуе людзей. Як і незвычайнай формы касцёл — абароннага тыпу, яму больш як 400 гадоў.

— Фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», на думку спецыялістаў, адзін з самых прэстыжных ва ўсім свеце. Як вам удалося на самы першы фэст запрасіць у правінцыйны горад лепшых арганістаў з розных краін?

— Фестываль праходзіць у Полацку, пачынаючы з 1996 года. Ведаеце, не цяжка было запрасіць арганістаў вельмі высокага ўзроўню ўзяць удзел у фестывалі, таму што ёсць цікавасць да Беларусі, Сафійскага сабора, яго гісторыі. Распавядала пра арган, паказвала фота сабора. І з'явіліся ахвотнікі прыехаць. Тым больш што Полацк знаходзіцца недалёка ад Прыбалтыкі, Піцера, Масквы, Польшчы.

Ёсць ідэя правесці конкурс арганістаў падчас фестывалю «Званы Сафіі» і музыкантаў падчас яшчэ аднаго полацкага фэсту — старадаўняй камернай музыкі. Што тычыцца членаў журы, думаю, дамоўлюся, каб прыехалі на ўмовах кампенсацыі дарожных расходаў. А замест ганарараў будзем іх яшчэ больш прыгожа прымаць.

— А як вам удаецца заўсёды збіраць на выступленні поўныя залы?

— Жыхары Полацка, Наваполацка і наваколляў з дзяцінства прывыклі слухаць арган. У свой час я прапанавала праводзіць цыклы арганнай музыкі для дзяцей — па абанеменце. І ў выніку — дзеці падрасталі, пачыналі прыходзіць самі, прыводзіць сяброў, а потым сваіх дзяцей. На канцэрт з задавальненнем прыходзяць турысты, госці палачан. Не ва ўсіх жа гарадах можна пачуць арган.

Вельмі папулярным стала арганнае віншаванне маладых. Дзесяціхвіліннае праслухванне аргана ў такі важны для іх дзень, пагадзіцеся, даволі незвычайны падарунак!

Планую рэалізаваць і яшчэ некалькі ідэй. Напрыклад, хачу ў цёплы час года, калі вакол сабора шмат людзей, арганізоўваць невялічкія выступленні. Думаю, калі людзям прапануюць, напрыклад, толькі аплаціць кошт уваходнага квітка ў музей, ахвотнікаў паслухаць арган будзе шмат.

— Дай Бог вам 150 гадоў жыцця, але каб было каму перадаць права іграць у Сафійскім саборы. Ці рыхтуюць у Беларусі будучых арганістаў?

— Гэтае пытанне няпростае. Так, у нашай краіне можна атрымаць спецыяльнасць арганіста як дадатковую — у вучылішчах, акадэміі. Зразумела, большасць часу моладзь вучыцца іграць на невялікіх электрычных арганах. Трэба па-добраму «захварэць» на арган. А зараз моладзь у першую чаргу думае: «Ці хутка я буду на гэтым шмат зарабляць?»

— А вашы дзеці?

— Мая дачка Юлія — добрая арганістка. Я кажу гэта не толькі таму, што яна — мая крывінка. Сёлета з ёй канцэртавалі ў Еўропе. Усё ў яе выдатна атрымліваецца. Цікава, што любіць і імправізаваць. Але яна яшчэ хоча павучыцца. Сын Арсеній — піяніст, цяпер вучыцца ў Германіі, а раней — у Італіі. Ён вельмі здольны. Калі пажадае, стане выдатным арганістам.

— Музычная тэрапія — гэта не міф? Музыка насамрэч дапамагае хворым?

— Чула, як людзі пасля канцэрта гаварылі, што адпачнулі добра, расслабіліся, а ў некаторых ціск нармалізаваўся і гэтак далей.

Вырашыла для сябе: калі так на людзей арган дзейнічае, буду думаць, іграючы, што паралельна спрыяю аздараўленню. Бо думкі ж матэрыяльныя.

Але, вядома, ёсць і незадаволеныя. Маўляў, вельмі гучна ў вас. А іншыя, наадварот, кажуць, што не пойдуць на канцэрт, бо могуць… заснуць. Але калі падчас дрымоты за паўгадзіны чалавек адпачыў і назапасіў сілы, лічу, што гэта таксама добра.

Я і сама аднойчы заснула — у Нідэрландах. Там я і яшчэ тры арганісты бралі ўдзел у незвычайным арганным марафоне. Мы ігралі па 15 хвілін у розных гарадах. За намі ад касцёла да касцёла людзі ехалі на веласіпедах, аўто, бо хацелі зноў пачуць нашы выступленні. І што вы думаеце, калі той марафон завяршаўся, я настолькі страціла сілы, што заснула пад гукі аргана (смяецца. — Аўт.). Хоць арганіст іграў выдатна!..

Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота з асабістага архіва Ксеніі Пагарэлай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.