Вы тут

Яго Ізабела


У нядзелю пайшла на рынак з вызначанай мэтай — купiць спаднiцу. Нагледзела яшчэ ў мiнулы раз, а пакуль шукала той рад i гандлёвае месца, у iншым радзе ўбачыла дакладна такую ж, але на 70 тысяч танней. Знайшла ранейшага гандляра, пераканалася, што тканiна i фасон аднолькавыя. У абодвух выпадках жаночае адзенне прадавалi мужчыны. А той, у якога кошт меншы, — даволi малады i прыгожы. Спытала з надзеяй на шчыры адказ, чаму такая рознiца з калегам. Ён расплыўся ў шырокай усмешцы: «Ведаеце, цяпер i так у людзей грошай небагата. Пакупнiкоў, як бачыце, мала. Што я буду задзіраць цэны i стаяць на сваiм? Так хоць што-небудзь прадам. Бо дома Iзабела, якая кожны дзень сустракае пытаннем: «Ну як ты, кармiлец? У сэнсе, што прынёс дадому?». Ён гаварыў весела, неяк нават крыху ўрачыста, нiбы песню спяваў. Тым часам я ўжо прымярала рэч, а ён прыгаворваў, што пад маю высокую i стройную постаць гэта — самы фасон. I так натуральна атрымлiвалася, што ў камплiмент я амаль паверыла. I, вядома, спаднiцу купiла.

А пакуль мерала, апраналася, грошы даставала i лiчыла, бачыла, як каля гэтага жыўчыка вiлiся гандляркi-суседкi, ён весела нешта распавядаў, i раз-пораз чулася: «Мая Iзабела». Цi гэта сапраўднае рэдкае iмя (той што дома чакае), цi iм прыдуманы псеўданiм, разабраць было цяжка, але вымаўлялася яно з такой сiмпатыяй, а яшчэ з такiм рэдкiм зараз аптымiзмам...

Умее ж чалавек жыць i радавацца жыццю так, што хочацца яму пазайздросціць. I нiчога, што першае пытанне, з якiм сустракаюць дома, — пра грошы. Сапраўды, увесь фокус у тым, каб умець жыць. I з самога жыцця здабываць стымул i натхненне. А то цяпер з кiм нi сустрэнешся, з калегамi цi даўнiмi знаёмымi, са сваякамi цi былымi суседзямi, размовы зводзяцца да адной тэмы: як цяжка становiцца жыць. З кожным разам «падрастаюць» лiчбы за «камуналку», цэны ў краме на асноўныя прадукты, лiчы, штомесяц становяцца вышэй, даражэе праезд у транспарце i аўтамабiльнае палiва, усё цяжэй купiць дзецям-студэнтам вопратку i аплацiць вучобу... Так, i цяжэй, i горш. Але ад таго, што пра гэта гаворыш штодня i з кожным, лягчэй не будзе. Да жыцця трэба прызвычайвацца. Тады i яно, жыццё, можа, павернецца святлейшым бокам.

I навучыць гэтаму, правiльней сказаць, навучыць па-iншаму глянуць на жыццё могуць старыя вясковыя людзi. Лiтаральна ўчора вярнулася з камандзiроўкi i знаходжуся пад уражаннем ад сустрэчы з 88-гадовай жанчынай. Яна жыве ў далёкай пушчанскай вёсцы, такой далёкай, што калi не ведаеш дакладна, нават не падумаў бы, што там ёсць населены пункт. Ганну Мiкалаеўну даўно клiкалi ў горад i сын, i дачка. Яна ж не хоча пакiнуць сваю хацiну. Тут на сцяне вiсяць партрэты дарагiх i любiмых людзей, тут ложкi засланы вытканымi ёй пакрываламi. Тут яна пражыла такое нялёгкае жыццё. Яе будучы муж некалi прыйшоў з вайны ў спаленую дашчэнту вёску. Родных пазабiвалi, хату спалiлi. З чаго пачынаць былому франтавiку? Гэта праз многiя гады да iх прыйшлi пашана i прывiлеi. А тады...

Ён таму ўзяў яе замуж з суседняй вёскi, што хату ў пасаг давалi. Яе перавезлi, склалi наноў, i пражыла ў ёй новая сям'я ў працы i згодзе адведзены Богам век. Дзяцей выгадавалi, у людзi вывелi. Адразу ж пасля вяртання з фронту гаспадар яе, пакуль нявесту прыглядаў, не сядзеў склаўшы рукi: па ўсёй акрузе наймаўся на працу да людзей, касiў, араў, будаваў. Хто дасць паўпуда збожжа, хто яшчэ менш, — але да вясны сабраў мех-другi жыта, каб пасеяць сваю палоску. Якое гэта было шчасце — жаць свой хлеб, успамiнае пажылая сялянка. Потым патроху, з кожным годам абзаводзiлiся сваёй курыцай, свiнкай, пазней карова з'явiлася. I гэта было таксама дасягненне: жыўнасць ёсць — значыць, не галодная сям'я будзе. Потым яна пайшла на ферму працаваць, кароў даiла. Грошы з'явiлiся ў доме, нешта купiць стала магчыма, яшчэ лепш зажыла сям'я. Хоць муж прыйшоў з вайны без здароўя, не зарабляў шмат, а апошнiя дзесяць гадоў жыцця яна даглядала яго, ляжачага iнвалiда, — гора сербанула, адным словам. Але за ўсю нашу доўгую гутарку нi разу не сказала гэта жанчына, што ў яе нешчаслiвая доля, што было ёй цяжка. Яна толькi паўтарыла некалькi разоў: «Як жа вы цяпер добра жывяце, вопратка ў вас прыгожая, на машынах вы ездзiце, адпачываеце на моры, выхадныя маеце, не працуеце ад цямна да цямна. От каб мама мая, здаецца, паглядзела, якое жыццё настала! Пенсiю плацяць, аўтакрама прыходзiць пад хату, прывозяць не толькi хлеб, але шмат чаго iншага. Усё можна купiць. Захварэеш — у бальнiцы цябе палечаць». Сапраўды, на iх долю лiха хапiла, а пакаленне бацькоў гэтай жанчыны жыло яшчэ горш i цяжэй за iх.

Парадокс, але людзi, якiя працавалi ад цямна да цямна, горкiм потам здабывалi хлеб, былi шчаслiвейшыя за нас, цяперашнiх. Бо калi не ўсе, дык большасць нашых праблем ад стрэсаў, нерваў, псiхалагiчнага дыскамфорту. У нас з'явiўся час для самааналiзу, самаедства i шкадавання сябе. У многiх заходнiх краiнах спахапiлiся, актыўна занялiся дабрачыннасцю, валанцёрскiм рухам. Папрацуе чалавек гадзiну-другую ва ўстанове для iнвалiдаў — i адразу адчуе, як шмат гэта значыць — мець здаровыя рукi i ногi. А калi грошай катастрафiчна не хапае, дык можна недзе падпрацаваць. А можа, перагледзець свае звыклыя траты. I галоўнае — знайсцi тое цi таго, хто парадуе цябе ў жыццi, прыбавiць сiл. Ну хоць бы такую, як Iзабела, музу i натхненне нашага героя...

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».