Вы тут

«Дайце, нябёсы, росаў з вышыні»


Католікі ўсяго свету перажываюць Адвент, час падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння

1386734781790_1

У мінскім кафедральным касцёле ў гонар Найсвяцейшай Панны Дзевы Марыі халаднавата, ціха, цёмна, і толькі святло залацістых ліхтарыкаў у руках вернікаў разбурае сцяну цемрыва... Тут адбываюцца рараты — адмысловыя зімовыя набажэнствы, назва якіх паходзіць ад лацінскага літургічнага спеву «Rоrаtе соеlі dеsuреr» («Дайце, нябёсы, росаў з вышыняў»).

— Раратнія імшы ў гонар Маці Божай — адна з самых прыгожых традыцый Адвенту. Сэнс гэтых набажэнстваў у тым, што яны пачынаюцца да ўзыходу сонца, — тлумачыць «Звяздзе» асаблівасці раратаў клерык Раман Страшко (на фота). — У касцёл людзі прыходзяць з запаленымі свечкамі, ліхтарыкамі, лампадкамі, што сімвалізуе святло Хрыста. Ліхтарыкі, якія разам з дзецьмі вырабляюць дарослыя, дапамагаюць асвятліць змрок у сэрцах і душах. І толькі падчас выканання гімна «Хвала на вышынях Богу...» у храме запальваецца святло...

У мінскай катэдры рараты адбываюцца па аўторках і чацвяргах у 6:45. А таму, каб трапіць на набажэнствы, вернікі прачынаюцца ледзь не а 5 гадзіне раніцы. Раман Страшко, ураджэнец Нясвіжа, узгадвае, як цяжка ў дзяцінстве самому было зарана прачынацца, а пасля ўжо прызвычаіўся і заводзіў сам сабе будзільнік.

1386734784669_2

— На рараты ў нашай парафіі была цікавая традыцыя, — кажа наш суразмоўца. — На адным баку кардонных сэрцайкаў мы пісалі добрыя ўчынкі, якія паспелі зрабіць за апошнія дні, на другім — імя і прозвішча. Пасля казані святар зачытваў адно з сэрцаў. І той, чыё імя было напісана на кардонцы, атрымліваў фігуру Маці Божай, каб мог дома памаліцца перад ёй да наступнай імшы.

Адвент, які доўжыцца амаль чатыры тыдні, сапраўды багаты на разнастайную сімволіку. Напрыклад, адвентавы вянок, які ўпершыню зрабіў для малітвы ў пазамінулым стагоддзі нямецкі пратэстанцкі пастар Ёхан Віхерн, ці такі папулярны на Захадзе перадкалядны каляндар, кожны дзень якога адзначаецца невялічкім падарункам. Праўда, як лічыць Раман Страшко, чалавек у адвентавым чаканні мусіць найперш сканцэнтравацца на ўнутранай, а не знешняй падрыхтоўцы.

— У гэтыя дні мы павінны задумацца аб сваім жыцці, над сваімі праблемамі і зрабіць пастанову на час Адвенту. Гэта не пост, а радаснае чаканне прыходу Збаўцы. Трэба імкнуцца зрабіць сябе лепшым, выправіць грахоўнасць, каб з чыстым сэрцам прыняць прыход Ісуса Хрыста.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Любові Бяляевай

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.