Вы тут

Мужчыны выбіраюць... брунетак


13 — менавіта гэты парадкавы нумар удзельніцы конкурсу «Міс Віцебск-2013» стаў для 22- гадовай студэнткі Веранікі Рыдкінай шчаслівым. Яна вучыцца на пятым курсе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

1386734822317_1

Брунетка на конкурсе заваявала галоўны тытул. Яна таксама стала «Міс глядацкіх сімпатый» — па выніках інтэрнэт-галасавання, якое да апошніх хвілін фіналу праводзілася на папулярным віцебскім партале. У выніку атрымалася так, што журы і народ былі аднадушныя пры вызначэнні каралевы. Як высветлілася, сэрца самай прыгожай дзяўчыны Віцебска свабоднае. Яна ўжо з каронай на галаве прызналася журналістам, што падчас фіналу конкурсу за яе ў зале «хварэў» бацька — самы любімы мужчына. Вераніка на шоу даказала ўсім, што думкі насамрэч матэрыяльныя. Падчас конкурсу, адказваючы на пытанне вядучых, сказала, што з дзяцінства марыла аб кароне каралевы прыгажосці.

Не менш цікава, што дзве сястры — Святлана і Яна Гарбачовы — сталі ўладальніцамі тытула «Віцэ-міс Віцебск-2013». Святлана, дарэчы, сёлета стала пераможцай конкурсу «Міс Дажынкі-2013».

Былі вызначаны ўладальніцы і іншых тытулаў, у тым ліку «Міс тэлебачанне», «Міс фота», «Міс грацыя»...

Віцебск называюць горадам самых прыгожых дзяўчат. Тое, што віцебскія прыгажуні — адны з самых прыгожых не толькі ў нашай маленькай краіне, у 1990 годзе пацвердзіла Марыя Кежа. Тады гэтая 17-гадовая студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута (цяпер універсітэт. — Аўт.) стала «Міс СССР» — апошняй уладальніцай гэтага тытула падчас існавання Савецкага Саюза. Да гэтага яна ж таксама перамагла ў гарадскім конкурсе прыгажосці — «Міс Віцебск-1989», а потым — у нацыянальным конкурсе. Ганаруся, што асабіста знаёмы з Марыяй, з якой пасябраваў у хуткім часе пасля яе каранавання. Цяпер Марыя — парыжанка, аўтар вельмі папулярнай сярод «зорак» калекцыі жаночых сумак. Ёй жа належаць уласныя брэнд і дом моды Masha Keja.

У тым, што ў Віцебску па-ранейшаму шмат прывабных і абаяльных маладых гараджанак, упэўніліся тыя, хто сталі сведкамі фіналу гарадскога конкурсу прыгажосці, які прайшоў у канцэртнай зале «Віцебск». Падчас фіналу яблыку недзе было ўпасці. Напэўна, яшчэ і таму, што мінулы аналагічны конкурс праводзіўся ў абласным цэнтры ажно ў 2004 годзе.

Сёлета за галоўную карону конкурсу прыгажосці змагаліся 16 дзяўчат. Да ўдзелу ў кастынгу дапускаліся дзяўчаты са стрыманым макіяжам, ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, ростам не менш за 175 сантыметраў, якія не замужам і не маюць дзяцей.

Журы фіналу ўзначальваў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама. Сярод іншых яму дапамагала судзіць Вольга Хіжынкова, «Міс Беларусь-2008». Яна, дарэчы, таксама родам з Віцебшчыны: нарадзілася ў Лепельскім раёне. Нагадаю, што Вольга брала ўдзел у конкурсе «Міс свету-2008».

1386734826702_2

Шоу прайшло як «парад стыхій»: зямлі, вады, паветра і агню. І падчас «прэзентацыі» кожнай стыхіі дзяўчаты выходзілі на сцэну ў новых «вобразах». Бурныя апладысменты выклікала з'яўленне на сцэне прыгажунь у вясельных строях. Безумоўна, мужчыны ў глядзельнай зале з нецярпеннем чакалі выхаду ў купальніках. І нездарма: вачэй нельга было адарваць ад высокіх, стройных дзяўчат. Даволі нестандартна прайшоў «інтэлектуальны» конкурс.

— Гэта мой першы конкурс. Адважыцца ўдзельнічаць у ім для мяне было вельмі складана. Але паспрабавала — для новых эмоцый, уражанняў. Вельмі ўдзячная арганізатарам, бо шмат гадоў у нашым горадзе такога конкурсу не было. Дзякуй таксама тым, хто рыхтаваў нас да ўдзелу ў фінале конкурсу (спецыялісты па дэфіле, харэографы і іншыя, — Аўт.) — за іх цярпенне, штодзённыя рэпетыцыі. Падчас падрыхтоўкі да фіналу і падчас яго было вельмі цяжка вытрымаць вялікія фізічныя і маральныя нагрузкі, — падзялілася ўражаннямі Вераніка РЫДКІНА, уладальніца тытула «Міс Віцебск-2013».

Дзяўчына дадала, што не выключае свой удзел у іншых конкурсах прыгажосці.

І шчыра хочацца пажадаць ёй удачы! А Віцебску — новых конкурсаў прыгажосці без доўгіх перапынкаў!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?