Вы тут

Цывілізаваная... глуш


Як жывуць маленькія вёскі ў глыбіні векавога лесу

Камянецкі раён унікальны тым, што на тэрыторыі сярэдняга па рэспубліканскіх мерках раёна, значную частку якога займае Белавежская пушча, размешчаны 234 населеныя пункты (напрыклад, у Столінскім раёне — 98 вёсак, у Ганцавіцкім — яшчэ менш).
З іх 175 вёсак маюць менш за 50 жыхароў. Ёсць вёсачкі, дзе засталіся дзве-тры жылыя хаты. Але і туды рэгулярна ходзіць аўтакрама, а калі трэба, школьны аўтобус. У гэтым давялося ўпэўніцца падчас наведвання шэрагу пушчанскіх вёсак. Аб тым, што ў глыбіні лесу, далекавата ад шашы, ёсць населены пункт, чалавеку несвядомаму і здагадацца было б цяжка. Але Лескі менавіта такая вёска.

1386818992992_1

Лескі з трагічным лёсам

Лескі адна з «вогненных вёсак» Беларусі, якіх не пашкадавала вайна. Яе лёс вызначыла месцазнаходжанне. Хіба карнікі паверылі б у тое, што лясныя жыхары не дапамагаюць партызанам? Таму 4 мая 1943 года ўсіх жыхароў сагналі на край сяла, на ўзлесак. І расстралялі. Хаты спалілі. Выратавацца ўдалося адной маленькай дзяўчынцы. Мясцовы паліцай злітаваўся. Можа, знаёмы яе бацькоў. Пасадзіў у воз, прысыпаў сенам, так і вывез з пекла. Астатнія палеглі. На помніку, які ўзведзены ў 1980 я гады, высечаны прозвішчы бязвінных ахвяр, цэлыя сем'і па пяць, восем, дванаццаць чалавек. Усе пакаленні: прабабулі, бабулі, маці, дзеці-немаўляты — жудасна чытаць. Цяпер у гадавіну трагедыі тут збіраюцца вяскоўцы, прыязджаюць нават далёкія сваякі загінулых. Вакол абеліска тэрыторыя добраўпарадкавана. Праўда, зусім састарэлі бярозы над помнікам. Старшыня райвыканкама прапаноўваў іх спілаваць гэтым летам. Людзі не далі. Дрэвы пасадзілі адразу пасля трагедыі. Яны — памяць аб загінулых.

У Ганны Мікалаеўны Цыбулі тут пахаваны родныя мужа. Сам ён прыйшоў з вайны на папялішча. І гэту хату з белымі аканіцамі, у якой яна цяпер жыве, узводзілі разам з мужам. Пабудаваліся і іншыя вяскоўцы. Вёска ажыла.

Праўда, цяпер тут жывуць толькі 7 чалавек. Яшчэ некалькі прыязджаюць на лета. Ганне Мікалаеўне 88 гадоў. Дачка і сын прапаноўвалі пераехаць у Брэст. Любы з іх гатовы быў хоць сёння забраць маці. Яна і пажыла адну зіму ў брэсцкай кватэры. І вельмі цяжкімі падаліся ёй гарадскія выгоды. «Глядзяць мяне, нібы дзіця малое, — расказвала вясковая жанчына. — Нявестка добрая, унукі ўважлівыя. Адзін унук хірургам працуе — калі што, хутка ў бальніцы пралечаць, каб дома прымала ўсе неабходныя лекі, прасочаць». Але сумна было без роднай хаты, нібы ў залатой клетцы. Таму на сямейным савеце прынялі рашэнне, што на гэтую зіму да маці пераедзе дачка. Самой Ганне Мікалаеўне цяжкавата спраўляцца з хатняй гаспадаркай.

Так і жыве там, дзе прайшло (хоць і нялёгкае, але яе) жыццё, дзе вісяць любімыя партрэты, дзе яна доўга даглядала хворага мужа-франтавіка. Ваду клапатлівыя дзеці правялі ёй у хату. Па надворку ходзяць качкі — як і належыць вясковай сядзібе. Насупраць хаты вісіць расклад аўтакрамы. Прывязуць і хлеб, і іншыя прадукты.

— А летам, — расказвае бабулька, — неяк сяджу каля хаты, спыняецца машына. Выходзіць чалавек, кажа, што ён кіраўнік гаспадаркі, да якой далучылі нашы землі (дырэктар ААТ «Відамлянскае» Міхаіл Страпко. — Аўт.). Уважлівы такі, папытаў, ці маю ў чым патрэбу, сказаў, каб не саромелася, званіла ці прыходзіла ў кантору, калі трэба бульбу пасадзіць, напрыклад, альбо збожжа выпісаць.

Пазней Міхаіл Страпко расказаў карэспандэнту «Звязды», што да гэтай вёскі ў яго асабліва трапятлівыя адносіны. У далёкія 1980 я гады ён, малады аграном знакамітага калгаса «Савецкая Беларусь», на службовым «пікапе» прывозіў хлеб людзям. Аўтакрамы сюды не хадзілі. А тагачасны старшыня калгаса, двойчы Герой Сацыялістычнай працы Уладзімір Бядуля, калі даведаўся пра трагічны лёс Лесак, распарадзіўся дапамагаць людзям. І вось цяпер, калі Міхаіл Мікалаевіч узначальвае вялікую гаспадарку, у склад якой уваходзіць 40 населеных пунктаў, стараецца не пакідаць без увагі пенсіянераў, якія, паводле яго слоў, адпрацавалі некалі на зямлі за капейкі. Такіх, як Ганна Цыбуля.

— Куды ж я паеду? — сказала нам на развітанне бабуля Ганна. — Я ўжо нікуды не паеду з Лесак.

1386818995739_2

Крыжы Вуглян

Вугляны знакамітыя найперш сваімі крыжамі. Звычайна крыж стаіць у пачатку вёскі і адзін. А тут цэлых восем абнесена агароджай у самым цэнтры вёскі. Пра гэтыя крыжы ёсць легенда. Даўным даўно, больш за сто гадоў таму, расказваюць людзі, здарылася нейкая эпідэмія. Сталі паміраць у Вуглянах цэлымі сем'ямі. Тады па нечай падказцы сяляне прыехалі ў пушчу, высеклі малады, але даволі высокі дуб, за адну ноч зрабілі з дрэва крыж. Тры разы абнеслі яго вакол вёскі і ўкапалі на самым высокім месцы. І навала адступіла. Потым з'яўляліся новыя крыжы: людзі верылі, што яны — своеасаблівы абярэг ад хваробы. Расказваюць, што былі прыклады цудоўнага вылечвання і пазней. Састарэлыя крыжы мяняліся на новыя. А людзі шанавалі гэтае месца як найлепшую святыню. Да свят жанчыны прыбіралі крыжы ручнікамі і стужкамі, мужчыны падпраўлялі агароджу. Калі ў 50 я гады, згодна з раённай дырэктывай, крыжы хацелі прыбраць, вяскоўцы іх адстаялі. Дзяжурылі па начах, кідаліся камянямі ў вандалаў. Крыжы пілавалі, але іх ставілі зноў. У рэшце рэшт ваяўнічыя атэісты махнулі рукой на непакорных жыхароў. Вёска ж ненавідавоку, воддаль ад вялікіх дарог. Так і сёння стаяць вуглянскія крыжы. Каля іх спыняюцца пахавальныя працэсіі, тут развітваюцца з кожным, хто пакідае гэты свет. Раней і вясельныя картэжы спыняліся, аддаваў пашану кожны прызыўнік, які накіроўваўся ў войска. Цяпер у Вуглянах засталося мала людзей — усяго 24 жыхары.

Адна з іх — Марыя Васільеўна Ермаловіч — чалавек, які нясе цяжкі крыж свайго лёсу. Адзіную дачушку дачакалася недзе пасля 40 гадоў. Нарадавацца не магла, тым больш, што расла Алена працавітай, паслухмянай, аж суседзі зайздросцілі. У страшным сне не магло прысніцца маці, якое гора чакае наперадзе. Пяцёра дзяцей нарадзіла дачка — жыць бы і радавацца, ад дзяржавы падтрымку мець як шматдзетнай сям'і. Але спачатку співаўся муж Алены, а потым — і яна сама. Чацвёра дзяцей забіраюць. Толькі старэйшы ўнук быў у полі зроку бабулі, бо на той час, як вырашаўся лёс дзяцей, ён паступіў у сярэднюю навучальную ўстанову. Двое трапілі ў прыёмныя сем'і, дваіх малых дзяцей усынавілі. І цяпер бабуля, якая перанесла інсульт, рухаецца з цяжкасцю, шукае ўнукаў па ўсёй краіне. Піша лісты ва ўсе інстанцыі, нават самыя высокія. Праўда, дваіх старэйшых унукаў яна знайшла, бацькі прыёмных сем'яў не пярэчаць яе стасункам з унукамі. Таму раз у год, на дзень нараджэння кожнага, яна вязе падарункі ў гарады, дзе цяпер жывуць унукі. А пра малых Марыі Васільеўне ніхто не скажа, бо ёсць тайна ўсынаўлення, якая ахоўваецца законам. Гэта шмат разоў настойліва тлумачылі жанчыне на ўсіх узроўнях. Яна не хоча з гэтым змірыцца, піша лісты зноў. Застаецца толькі паспачуваць жанчыне. Яшчэ большае спачуванне выклікае тое, што дачка, абавязаная цяпер асоба, не вельмі клапатліва даглядае маці. Перад ад'ездам на працу ў печы як след не напаліла. Калі мы зайшлі ў дом, у ім было халаднавата. Сама гаспадыня пасля інсульту печ напаліць не здолее. Затое па ўсіх пакоях можна бачыць плён працы яе залатых рук: прыгожыя вышыўкі на падушках, тканыя пакрывалы і ходнікі, вышытыя карціны ў рамках. Гаворыць Марыя Васільеўна з цяжкасцю пасля перанесенай хваробы, але падзякавала старшыні райвыканкама за ўвагу ўлады да яе. Сапраўды, ёй дапамагаюць, чым могуць, заўсёды.

1386818998331_3

Дарогі і могілкі

Калі б у кожнай вёсцы быў такі стараста, як Уладзімір Кліменцьевіч Каляда з Галёнчыцаў, можна было б гаварыць, што пытанне арганізацыі мясцовага самакіравання вырашана. Былы трактарыст, ардэнаносец, у сваёй 70 з гакам застаецца чалавекам неабыякавым, няўрымслівым, шмат робіць для свае вёскі і суседніх. Колькі гадоў таму ён прыйшоў на прыём да старшыні райвыканкама з просьбай купіць касілку. Касілку яму купілі, цяпер могілкі ў суседнім Гарадзішчы заўсёды ў поўным парадку. Уладзімір Кліменцьевіч абкошвае кожную магілу, прыбірае лішні хмызняк, падтрымлівае парадак, як належыць. Зараз, калі могілкі пера-
далі на баланс ЖКГ, расказваў стараста, прыязджалі спецыялісты-камунальнікі некалькі разоў, падзякавалі старасце.

Уладзімір Кліменцьевіч разам з іншымі актывістамі дапамагаюць мясцовай царкве. Ды і любая праблема ў вёсцы — яго праблема. Расказваў, разбітым быў кавалак дарогі на выездзе. Аднойчы хавалі аднавяскоўца, заслужанага працаўніка, а жонка яго як загалосіць: «Ці ж не заслужыў ты, мой родны, каб правезлі цябе апошні раз па добрай дарозе?» Сорамна стала старасце, і дабіўся ён усё ж, каб дарогу адрамантавалі. А могілкі даглядаць ён лічыць сваім святым абавязкам. З чым сам не справіцца, сын з горада прыедзе, дапаможа.

Пушча вяртае даўгі

Падчас гэтай экскурсіі па невялікіх вёсках, якую дапамог ажыццявіць старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык, давялося пабываць у вёсцы Грудовікі, дзе засталася адна сям'я з пяці чалавек і куды штодня заходзіць школьны аўтобус. Наведалі мы і Макавішчы, дзе карэнных жыхароў зусім мала, але актыўна купляюць участкі гараджане і дзе шэраг вёсак з абодвух бакоў новай аб'язной дарогі вакол пушчы, якія паціху ажываюць. А ў вёсцы з паэтычнай назвай Пастухова Балота засталіся дзве бабулькі. Нядаўна да іх праклалі новую электралінію, бо са святлом там была праблема.

— Вёскі, якія знаходзяцца ў зоне пушчанскага лесу, не адчуваюць сябе закінутымі, — падзяліўся думкамі старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй ПІСАРЫК. — Восем аўтакрам райспажыўсаюза і адна прыватная абслугоўваюць насельніцтва раёна. Грамадскі транспарт, на які бюджэт раёна выдаткоўвае мільярдныя датацыі, звязвае ўсе асноўныя населеныя пункты. Нават раённая бальніца, на рэканструкцыю якой мы за апошнія два гады патрацілі звыш 23 мільярдаў рублёў, — сведчанне клопату аб гэтых людзях. Дарэчы, Марыя Васільеўна Ермаловіч не так даўно больш за месяц правяла ў бальніцы, хоць крыху паставілі бабулю на ногі.

На жаль, маленькія аддаленыя вёскі аб'ектыўна аджываюць — жыхароў там усё менш. Не ўратуюць іх так званыя дачнікі, якія часта набываюць жыллё. Але апошняе паспрыяе, каб не знікла тая ці іншая вёска з карты наогул. І тое, што раней было цяжкасцю для вёсак (іх аддаленасць) цяпер становіцца ў нейкім сэнсе плюсам. Літаральна нядаўна ў вёсцы Антаны мы знеслі нічыйны дом і прадалі ўчастак на аўкцыёне за 31 мільён рублёў. Потым знайшоўся пакупнік і на другі ўчастак. Хутка прыедуць людзі з горада, нешта пабудуюць. Практычна выкуплены ўсе пустыя дамы ў Вуглянах. А ў некаторых вёсках бліжэй да аб'язной дарогі цана на старую вясковую хату трымаецца ў межах 10 тысяч долараў. Тут ужо будуецца некалькі аграсядзіб.

Пушча, якая зрабіла гэтыя вёскі ляснымі сёламі, цяпер, можна сказаць, вяртае даўгі. Блізкасць нацыянальнага парку і газіфікацыя робяць участкі ў населеных пунктах прывабнымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.