Вы тут

Фрэд Дэрст: «Заўсёды ў «сядле»


На днях у сталіцы прайшоў канцэрт амерыканскага рэп-кор гурта Lіmр Bіzkіt. Гэта ўжо другое іх выступленне ў нашай краіне. Падзея яшчэ больш знамянальная тым, што канцэрт гэты быў у рамках тура, які калектыў вырашыў правесці па краінах СНД. Праехацца па Расіі, а таксама зазірнуць у Мінск і Кіеў групе прапанавалі расійскія арганізатары. Самі хлопцы былі таксама не супраць, паколькі апошняе турнэ паказала, наколькі моцна іх любяць на постсавецкай прасторы. Ды і заробак тут вельмі добры. Акрамя таго, абедзве жонкі вакаліста гурта (у тым ліку і цяперашняя) родам з Расіі, і яму захацелася адчуць славянскі дух, наколькі гэта магчыма.

1386819813434_1

Не паспеў пачацца тур, як хлопцы з Lіmр Bіzkіt ужо завялі сабе акаўнты ў расійскай сацыяльнай сетцы. Фрэд Дэрст паабяцаў дадаваць, па магчымасці, усіх тых, хто «пастукаўся», у сябры, але ў першую чаргу звярнуць увагу на прадстаўніц прыгожага полу. Астатнія музыканты былі больш стрыманыя ў абяцаннях, але дадавалі ўсіх ахвотных. Вылучыўся сярод іх фрык-гітарыст гурта Уэс Борланд (нядаўна, дарэчы, прызнаны адным з лепшых гітарыстаў у свеце), які напісаў, што да яго звяртаюцца толькі з паведамленнямі накшталт «Прывітанне, я твой самы вялікі фанат, дадай мяне!» і растлумачыў, што гэта для яго вельмі сумна. Гітарыст папрасіў ахвотных мець стасункі з ім больш арыгінальныя.

На думку Фрэда Дэрста (вакаліста), нягледзячы на цёплы прыём у Расіі і ва Украіне, самым «гарачым» у мінулым туры быў канцэрт у Мінску, таму Фрэд паабяцаў абавязкова вярнуцца да нас. Абяцанне сваё ён стрымаў, і захапленне беларускіх фанатаў зашкальвала.

Падчас выступлення Фрэд неаднаразова прызнаваўся ў любові да мінскай публікі, адзначаў, што, маўляў, мы «самыя шалёныя, і гэта класна». Для мінчан калектыў пашырыў сэт-ліст свайго выступлення, выканаўшы нават нечаканыя для фанатаў кампазіцыі (кавер-версіі вядомых песень Nіrvаnа, Guns'n'Rоsеs і іншых).

Непрыемным аказалася тое, што Lіmр Bіzkіt, як і многія іншыя замежныя каманды, не праводзілі ў Мінску прэс-канферэнцыю і тым больш такое папулярнае ў іншых краінах мерапрыемства, як сустрэча з фанатамі. І гэта нягледзячы на тое, што ў нашых прыхільнікаў назапасілася шмат пытанняў да музыкантаў, а ў сацыяльных сетках гэтыя пытанні застануцца проста незаўважанымі з-за вялікай колькасці пішучых фанатаў.

1386819815608_2

Тым не менш, на адно наша пытанне Фрэд Дэрст адказаў.

— Як у вас атрымліваецца, нягледзячы на ўзрост і даўнюю канцэртную дзейнасць, па-ранейшаму гэтак жа энергічна адплясваць на сцэне, «заводзіць» гледачоў так, што тыя пускаюцца ў скокі? Што дазваляе вам да гэтага часу захоўваць свайго роду «хлапечую энергетыку»?

— Як ні дзіўна, «у сядле» дазваляе трымацца моцны, проста шалёны, энергаабмен з залай. І Мінск — адзін з самых яскравых прыкладаў такога энергаабмену. Калі выходзіш на сцэну, першае, што хочацца зрабіць асабіста мне, — гэта падзяліцца сваёй энергіяй з залай, выплюхнуць тое, што збіралася падчас чакання выступлення, пералёту, каб яшчэ малавядомая табе публіка адчула твой настрой, запал, шчасце ад стасункаў з ёй. Як правіла, я даволі хутка выдыхаюся, і калі публіка млявая, выступленне можа скончыцца жаласна. Але ў большасці выпадкаў адбываецца цуд: публіка настолькі «дазапраўляецца» тваёй энергіяй, што пачынае выплюхваць яе лішкі на цябе, уваходзячы ў стан, блізкі, напэўна, да трансу. Пры гэтым ніякай жорсткасці, ніякіх сапраўдных вар'яцтваў. Гэта проста вяртанне энергіі. І яна вяртаецца ў такой колькасці, што, калі б у мяне на галаве была лямпачка, яна б імгненна выбухнула ад напружання (смяецца). Тое, што я даю зале, зала вяртае мне сто разоў, і, дзякуючы ёй за гэта, я выплюхваю яшчэ больш. Гэта проста неверагодныя эмоцыі, і іх адчуваюць усе ўдзельнікі нашага гурта. Хоць, не ўтойваю, пасля такіх воплескаў мы адчуваем сябе выціснутымі быццам лімон. Вялікі дзякуй мінскай публіцы за такую шалёную, неверагодную аддачу! Мінск, ты акрыляеш мяне!

Хачу заўважыць, што далёка не толькі Lіmр Bіzkіt вырашылі правесці тур па Расіі і сумежных постсавецкіх краінах. Такім жа чынам збіраецца пракаціцца і іншая амерыканская рок-група — Kоrn. Не за гарамі туры па СНД і ў іншых гуртоў. І справа далёка не толькі ў нашых фанатах, але і ў тым, колькі зарабляюць тут знакамітыя гурты. Наша публіка «згаладалася» па якасных канцэртах, па магчымасці ўбачыць сваіх даўніх куміраў «жыўцом». А яшчэ наша публіка гатовая плаціць за тыя відовішчы, якіх так доўга чакала.

Ілья Катусаў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.