Вы тут

«...Нехта пакурыў і паехаў у школу, а нехта — у рэанімацыю»


З'явіўшыся ў сярэдзіне 2000-х у многіх еўрапейскіх краінах пад выглядам духмянасцяў, спайс вельмі хутка займеў вялізную аўдыторыю прыхільнікаў. А ў 2008 годзе было ўстаноўлена, што асноўны дзеючы складнік толькі на першы погляд бяскрыўдных сумесяў для курэння — сінтэтычны канабіс. Фактычна, гэта штучна створаны аналаг аднаго з асноўных актыўных складнікаў прыроднага наркотыку — марыхуаны. Але негатыўнае ўздзеянне канабісу і яго вытворных на арганізм чалавека, па меркаванні многіх спецыялістаў, у некалькі разоў перавышае аналагічнае ўздзеянне марыхуаны. Псіхіятар-нарколаг Магілёўскага абласнога наркалагічнага дыспансера Наталля ДАМАРЭНКА кажа:

1386819819757_12-7

— Уплыў так званых «міксаў» на арганізм чалавека, безумоўна, негатыўны, але дакладна ўздзеянне вызначыць цяжка. Праблема ў тым, што кожны раз мы маем справу з нейкім новым рэчывам, а таму і клінічная карціна бывае самая розная. Трэба ўлічваць і індывідуальныя асаблівасці арганізма: нехта пакурыў і пайшоў у школу, а нехта — адразу трапіў у рэанімацыю, прычым апошніх выпадкаў хапае. Сумесі для курэння вельмі хутка выклікаюць моцную залежнасць, і без дапамогі спецыялістаў спыніць ужыванне бывае вельмі цяжка. Псіхічная залежнасць ад спайсу пры працяглым ужыванні часцей за ўсё выяўляецца ў дэпрэсіі, апатыі, страце інтарэсу да жыцця. Сярод самых горшых наступстваў — лятальны зыход, прычым для гэтага не абавязковая перадазіроўка.

Але спайс працягвае сваё шэсце па Еўропе. Галоўная яго перавага над іншымі сінтэтычнымі наркотыкамі — больш даступны кошт і галоўная «аўдыторыя» — падлеткі і маладыя людзі да 22 гадоў.

— Курыць так званыя «легальныя сумесі» я пачаў, калі прыехаў вучыцца ў Мінск, — расказвае Станіслаў, студэнт адной з мінскіх ВНУ. — Прычым гэта не было «першым досведам», як у многіх. Раней я ўжо спрабаваў наркотыкі, але спайс прываблівае сваім коштам і лёгкасцю ў набыцці. Спачатку толькі спрабаваў, але з мінулай восені пачаў ужываць яго стабільна хаця б раз на тыдзень.

— Але спайс забаронены і гандляваць ім нельга...

— Гэта ўсё ўмоўна. Як толькі забараняюць адзін з канабіноідаў, на яго месцы з'яўляюцца адна-дзве новыя мадыфікацыі. Пакуль адпаведныя органы займаюцца іх вывучэннем і забаронай, гандляры пастаўляюць нешта новае. І так пастаянна. Што датычыцца набыцця, то ўсё яшчэ прасцей — праз інтэрнэт.

Разглядваю названы Станіславам сайт. Пры першым візіце электронны рэсурс просіць пацвердзіць, што карыстальніку ўжо ёсць 18 гадоў і адразу ж перакладае ўсю адказнасць за магчымыя наступствы на кліента. Націскаем «пацвярджаю» і аказваемся ў свеце «дабрыні і вяселля» — на галоўнай старонцы змяняюць адзін аднаго фотаздымкі радасных «кліентаў». «Гарантыя якасці — 100%», «І галоўнае — усё легальна». Калі верыць сайту, уладальнікі шукаюць аптовых кліентаў па ўсёй Беларусі... Кошт для «аптавікоў» вельмі дэмакратычны — за кілаграм сумесі просяць усяго 1,5 тысячы долараў.

Гандляры спайсам пішуць: «Не верце чуткам, што сумесь для курэння — аналаг наркатычных рэчываў. Усе кампаненты нашых міксаў не з'яўляюцца наркотыкамі або таксінамі, не выклікаюць прывыкання і дазволены для выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

— Нічога натуральнага там няма, — працягвае Станіслаў, — любы «мікс» — гэта аснова і рэагент. Аснову насычаюць рэагентам у рознай канцэнтрацыі. Эфект самы розны. «Дае ў галаву» — гэта галоўнае. Пры перадазіроўцы ў асноўным адключаешся, у некаторых выпадках могуць пачацца «візуалы» — галюцынацыі. Весела, дэзарыентацыя ў прасторы... Аднойчы сябар аднарога «ўбачыў», напужаў мяне.

— А ў чым тады задавальненне? Убачыць галюцынацыі?

— А навошта гарэлку піць? Каб знаходзіцца ў стане ап'янення? Так і тут. Пад «спайсам» весела. «Прыход» — гэта калі адчуваеш, што ты ўжо не ў гэтым свеце, думкі сабраць не можаш у адно цэлае, табе лёгка... Калі слухаць у гэты момант музыку, то ў яе з'яўляецца адразу шмат сэнсаў, хоць насамрэч і не так.

— Ты казаў, бываюць дрэнныя выпадкі...

— Ну, аднойчы перакурыў, адключыўся, пачаў дрыгацца, пена з роту пайшла. Напужаў усіх, але потым супакоіўся ды заснуў. Сам нічога не памятаю. Але сябры казалі, што гэта жудасна выглядала... Некаторых пачынае ванітаваць хвілін праз дзесяць. Знаёмы ўвогуле на мяне з напільнікам кідаўся. Пра гэта зараз лёгка казаць, а тады было сапраўды страшна.

— Як ты сам лічыш, спайсы шкодзяць арганізму?

— Шкодзяць. Пасля таго, як кінуў, месяц заснуць нармальна не мог — адчуваў страх, усё здавалася, што нешта зараз выскачыць на мяне з-за рога. І зусім не смешна было. Безумоўна, шкодзяць яны псіхічнаму здароўю, лёгкім і страўніку. Бо, калі «праб'е на хаўчык», дык ясі што папала, а потым праблемы. Але ў мяне толькі вось гэткія страхі перад сном былі. Зараз ужо больш-менш адпусціла... Дарэчы, калі кінуў, праз тыдзень пачаўся ўздым настрою. Доўжыўся ён тыдні два: мабыць, арганізм адыходзіў і радаваўся. І дрэвы былі прыгожыя, і людзі добрыя. Потым стала як заўсёды.

— Ці ўзнікае залежнасць?

— Безумоўна! Спачатку курыў раз на тыдзень і ўсім казаў, што залежнасці ў мяне няма, а гэта проста забава. Потым пачаў курыць часцей. І ў выніку паўгода прайшло пад «міксамі». Устаеш з раніцы і толькі адна думка: «Дзе ўзяць?». Потым разумееш... Курыць ці часам выпіваць піва можна і не адрываючыся ад жыцця, а спайс зацягвае канкрэтна. Мы з сябрам вырашылі кінуць. І ў нас атрымалася.

Часцей за ўсё да ўжывання спайса схільныя юнакі ад 15 да 22 гадоў. Па словах прэс-афіцэра Першамайскага РУУС г. Мінска Святланы Білінскай, у месяц у дачыненні да спажыўцоў і збытчыкаў у раёне заводзіцца каля 10 крымінальных спраў. За курэнне забароненага «тавару» ў дачыненні да падлеткаў складаюцца пратаколы, далей — ставяць на ўлік у інспектара па справах непаўналетніх. За збыт асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў прадугледжана пакаранне ад 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.