Вы тут

Каця Iўлiева: «Заўсёды кажу толькi тое, што думаю»


Шчырасць, адкрытасць i самакрытыка — пазiцыя Кацi Iўлiевай у эфiры радыё «Мiр», у асабiстым жыццi i на сцэне, дзе яна выступае як Каця Оўшэн. Музыка — яе стыхiя, датычыцца гэта дзённага трохгадзiннага «Мiравога эфiру», вячэрняй праграмы па пятнiцах i суботах «Мiравая танцпадлога» або выступленняў, нават калi гэта рэпетыцыя дома, якую чуюць толькi суседзi. Мы сустракаемся з Кацяй пасля дзённага эфiру. Я з першай хвiлiны адчуваю яе пазiтыў. Здаецца, нiбыта яна забегла павiтацца i зараз зноў «паляцiць» па справах. Акiдваю вокам суразмоўцу i чамусьцi ўзнiкае думка: нешта не так?.. Аказваецца, дзяўчына проста перафарбавала валасы... Вось яно, пацвярджэнне схiльнасцi да эксперыментаў.

1386905356214_13-6

— Адчуваеце перамены з новым колерам валасоў?

— Колер кардынальна змяняе адчуваннi i ўспрыманне цябе iншымi. Людзi з цёмнымi валасамi атаясамлiваюцца з сур'ёзнасцю, хаця ўнутрана я застаюся такой, як i была раней: лёгкай, актыўнай i пазiтыўнай. Пра сур'ёзныя рэчы я, безумоўна, задумваюся, бо ёсць iмкненне да перамен у жыццi. Так заўсёды адбываецца, што чалавек, змяняючы нешта ў знешнасцi, натуральна настройваецца на нешта новае. I мне гэта iмпануе.

— У якiх жа сферах чакаць перамен?

— Яны будуць усюды: як у асабiстым жыццi, так i ў творчай сферы. Аднак, калi гаварыць пра радыё, то, думаю, тут кардынальных перамен не прадбачыцца. Бо я iмкнуся ўвесь час здзiўляць нечым сваю аўдыторыю, штодзённа працаваць над памылкамi i рухацца далей. Раскрываць сакрэты пакуль што не хацелася б.

— Атрымлiваецца, усё ж даводзiлася сутыкацца са стэрэатыпамi пра бландзiнак?

— Са зменай колеру валасоў я на сабе адчула: людзi вакол сталi ўспрымаць мяне па-iншаму. Раней даводзiлася пастаянна даказваць, што на вынiк маёй працы знешнасць не ўплывае. Не заўсёды ўдавалася адразу пераканаць. А зараз, мне здаецца, у гэтым сэнсе стала значна прасцей. Кардынальна перафарбоўвацца не стала, бо мне блiзкая цёплая гама, я i ўнутры такая ж. Упускаю ў сваё жыццё ўсiх, нават калi даводзiцца наступаць на граблi. У гэтым мая iснасць. Што б я нi рабiла, iмкнуся рабiць шчыра. Я нават заўсёды кажу толькi тое, што думаю. Разумею, што людзям сказанае можа не падабацца цi яны мяне няправiльна зразумеюць. Але крывадушнасць не па мне.

— Якiя якасцi вы цэнiце ў стаўленнi людзей да вас?

— Перш за ўсё — павагу. Прычым гэта датычыцца любой сiтуацыi ў жыццi. Мне важна таксама, каб людзi ўмелi адэкватна рэагаваць i ацэньваць. Часам сустракаеш на сваiм шляху i тых, хто, прыкрываючыся добрымi намерамi, можа парушыць твае планы. Таму добра, калi чалавек умее ацэньваць у iншых перспектыву. Я нармальна стаўлюся да крытыкi, парад i рэкамендацый. Калi выказваюць канструктыўныя заўвагi, спрабую перагледзець сiтуацыю, змянiць яе ў лепшы бок. Усе ж мы не iдэальныя. Словам, «мае» людзi — шчырыя, праўдзiвыя i ў нечым самакрытычныя.

— Якiя недахопы ёсць у вас?

— Я вельмi няўседлiвая i нецярплiвая. Кожны раз, калi гэтыя якасцi праяўляюцца ўва мне, iмкнуся iх перамагчы. Напрыклад, бывае так: адкладваеш нейкую справу ўвесь час, а потым у апошнi момант садзiшся i ўсё робiш. I вось у такiх сiтуацыях да позняй ночы сядзiш, але даводзiш распачатае да канца. Мая адказнасць перакрывае гэты недахоп. Таксама я вельмi хутка ўскiпаю. Але, калi пачынаю заўважаць у сваiх паводзiнах такiя адценнi то адразу ж iмкнуся думаць рацыянальна. Супакойваю сябе i спыняюся, альбо тактоўна пераходжу на iншую тэму. Мне здаецца, сваю ролю адыгрывае яшчэ i тое, што па знаку задыяка я Шалi. Таму не абыходзiцца без настойлiвасцi i ўпартасцi. Прытым, я нiколi не буду спрачацца да апошняга, калi на сто працэнтаў не ўпэўнена ў сваёй слушнасцi.

— Для раўнавагi вам што патрабуецца?

— Для мяне па жыццi не характэрны баланс. Я знаходжуся пастаянна ў руху, дзе вышыня змяняецца прызямленнем. Хоць людзi ў большасцi сваёй iмкнуцца да балансу, у маiм выпадку няма жадання яго дасягнуць, бо мне не цiкава плыць па цячэннi. Раўнавага для мяне мае значэнне хiба што ў асабiстым жыццi, а ў творчасцi мной рухае супярэчлiвасць.

— Вы сёння можаце сказаць, што займаецеся любiмай справай?

—У гэтым плане я самы шчаслiвы чалавек, бо маю магчымасць займацца тым, што мне вельмi падабаецца. Я працую дыджэем на радыё, сама ствараю музыку. Такi сабе двайны прылiў драйву. Узяць, напрыклад, праект «Мiравая танцпадлога». Там я кожны тыдзень адсочваю навiнкi ў свеце музыкi. Калi казаць пра мой сольны праект Каця Оўшэн, дзе я пiшу музыку i выконваю яе, то тут ёсць да чаго iмкнуцца. Але галоўнае — што мая сфера дзейнасцi прыносiць задавальненне i хочацца ўвесь час нешта прыдумляць i развiвацца.

— Як трапiлi на радыё «Мiр»?

— Гэта быў перыяд пераходу з аднаго месца працы на iншае. Нармальная практыка сярод дыджэяў. Мне патэлефанавалi, я прайшла гутарку i цяпер працую тут.Таму, можна сказаць, радыё само знайшло мяне.

— А наогул калi-небудзь марылi працаваць на радыё?

— У дзяцiнстве не было жадання стаць дыджэем цi радыёвядучай. Па волi выпадку я трапiла ў гэтую нiшу. Я скончыла Унiверсiтэт культуры па спецыяльнасцi «Рэжысура святаў». Аднойчы мне патэлефанаваў аднакурснiк i прапанаваў паспрабаваць сябе ў амплуа радыёвядучай. На той момант я была на адпрацоўцы ў адмiнiстрацыi Цэнтральнага раёна Мiнска ў аддзеле культуры. Толькi ўявiце: офiс — паперы, дакументацыя — для творчага чалавека нялёгкае выпрабаванне (зрэшты, вопыт усё ж такi набыла там карысны). Таму перавесцiся на радыё было ўдачай. Шчыра прызнаюся, першыя месяцы ўвесь эфiр распiсвала на паперы. Адыходзiць ад прапiсаных тэкстаў дазваляла сабе хiба што ў вiншаваннях...Паверце, працаваць даводзiлася не менш чым тым, хто марыць пра радыё ўсё жыццё. Да прыходу на радыё «Мiр» я папрацавала на розных радыёстанцыях i вядучай, i нават на пасадзе праграмнага дырэктара. I вось цяпер я ўжо 1,5 года тут.

— Што важна ўлiчваць чалавеку, якi хоча быць радыёдыджэем?

— Адзiн з галоўных пунктаў — добра разбiрацца ў сучаснай музыцы. I не мае значэння, хто займаецца плэй-лiстом: ты цi музычны рэдактар. Таксама важна ўмець кiраваць эфiрным працэсам. Я, напрыклад, ад працы «за пультам» атрымлiваю проста каласальнае задавальненне. Спадзяюся, i аўдыторыi яно перадаецца. Наогул, трэба быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў свеце. Дыджэй павiнен умець дзялiцца сваiм жыццёвым вопытам, каб да месца пажартаваць у праграме альбо расказаць нейкае здарэнне з жыцця, якое прымусiць слухача задумацца. Калi дзелiшся з аўдыторыяй пачуццямi, то гэта вас зблiжае. Самае галоўнае — быць пры любых умовах самiм сабой, бо гульня на публiку лёгка распазнаецца i ў нейкiм сэнсе нават адштурхоўвае.

— Праца ў эфiры патрабуе немалых эмацыянальных затрат. Як аднаўляецеся?

— У эфiры ўсё люблю рабiць самастойна. Бо лiчу, я лепш адчуваю свой настрой, месцы, калi трэба выводзiць сябе ў эфiр. Гэта ж часам лiтаральна долi секунды, а на ўспрыманнi адлюстроўваецца. Таму за ўсё — ад звядзення трэкаў i да выпуску навiн — мне хочацца адказваць самой. Засяроджанасць на працэсе, як вы заўважылi, патрабуе ў тым лiку i эмацыянальных выдаткаў. Бывае так, што пасля праграмы я яшчэ па дарозе дадому працягваю адчуваць тэмпарытм мiнулага эфiру. У мяне няма такога, каб я выйшла i разняволiлася. Толькi недзе праз гадзiну я больш-менш супакойваюся. Каб аднавiцца, мне трэба нейкi час проста памаўчаць. Так я настройваюся на далейшыя дзеяннi i планы на дзень.

— У дзяцiнстве вы марылi быць знакамiтай. Уяўленне аб папулярнасцi спраўдзiлася?

— Да папулярнасцi стаўлюся вельмi спакойна. Не магу сказаць, быццам дасягнула нейкiх вышынь, каб лiчыць сябе «зоркай». У дзяцiнстве ж марыла, як i многiя пра тое, каб кветкi дарылi, аўтографы бралi... А з узростам па-iншаму ўспрымаеш поспех. Папулярнасць любой цаной мяне не цiкавiць. Сёння мне хочацца працаваць на ўзроўнi i адчуваць аддачу аўдыторыi!

Алена ДРАПКО.

P.S. «Мiравы эфiр з Кацяй Iўлiевай» слухайце з панядзелка па пятнiцу з 10:00 да 13:00 на радыё «Мiр». Анонс перадач, а таксама навiны глядзiце на radiomir.by.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».