Вы тут

Кнiга як сведчанне дабрачыннасцi


У Нацыянальнай бiблiятэцы Рэспублiкi Беларусь прайшоў традыцыйны Калядны дабрачынны баль кнiгi. Яго правядзенне стала добрай пераднавагодняй традыцыяй. У эпiцэнтры сапраўднага свята кнiгi — аўкцыён па продажы найбольш цiкавых выданняў некалькiх апошнiх гадоў.

1387004072523_1

Усё было так, як на самых славутых аўкцыёнах — тое ж хваляванне, строгiя правiлы, тое ж жаданне апярэдзiць адзiн аднаго ў куплi прывабнага лота. А ўсяго лотаў вызначылi 43. Летась, дарэчы, iх было менш за 30. Спярша прапанавалi да продажу кнiгi па тэме «Вытокi». «Баркалабаўскi летапiс» (зразумела, факсiмiльнае выданне «Беларускай Энцыклапедыi iмя Петруся Броўкi») набылi за 3,5 мiльёна рублёў. А старт пачынаўся з 800 тысяч... Кнiгу «Мастакi Парыжскай школы з Беларусi» абвясцiлi на продаж за 100 тысяч рублёў. А ў вынiку арганiзатары аўкцыёну атрымалi за невялiкага памеру кнiгу 3 мiльёны 600 тысяч рублёў. «Патаемнае наiўных мастакоў Беларусi» (альбом Юрыя Малаша прапанаваў да продажу выдавецкi дом «Звязда») пры намiнале ў 100 тысяч рублёў прадалi за 2 мiльёны 100 тысяч... I такiх уражальных прыкладаў нямала. Была i тэма з некалькiх лотаў — «Кнiга з аўтографам». Арганiзатары прапанавалi кнiгi Генадзя Пашкова, Валянцiны Палiканiнай, Юлii Навiцкай, Мiкалая Чаргiнца, Тамары Лiсiцкай, зборнiк перакладаў Мiколы Мятлiцкага «Пад крыламi Дракона. Сто паэтаў Кiтая». Усяго ў вынiку сродкi, заробленыя на аўкцыёне, склалi болей як 65 мiльёнаў рублёў. У параўнаннi з леташнiмi прыбыткамi — рост у два разы!

1387004076400_2

— Мне думаецца, што кнiжны калядны аўкцыён — важная традыцыя, якая будзе i надалей развiвацца, — заўважыла першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Лiлiя Ананiч, падсумоўваючы вынiкi гэтага свята кнiгi. — Прыемна, што лiдарамi па продажы сталi дзяржаўныя выдавецтвы. Гэта яшчэ i сведчанне таго, што ў нас у краiне кнiгавыдавецкая галiна з'яўляецца прывабным складнiкам нашага жыцця. Зараз выдавецтвы складаюць свае планы, заглядваюць у заўтрашнi дзень. Несумненна, i цiкавасць удзельнiкаў аўкцыёну стане для ўсiх падказкай у вызначэннi тых цi iншых тэм, тых цi iншых творчых праектаў.

Другi дзень VII Мiжнароднай канферэнцыi выдаўцоў, палiграфiстаў i распаўсюджвальнiкаў друку прайшоў у дзелавой атмасферы. Асноўная ўвага была нададзена агляду рынкаў друку Беларусi, Расii i Казахстана.

Кастусь Лешнiца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?