Знiтаванне


Габелены Галiны Крываблоцкай як сувязь часоў

Вось жа дзiва: нават тонкiя нiткi могуць сшываць, умацоўваць, утрымлiваць нейкiя часткi ў адзiным. Нездарма ж у беларускай мове ёсць такое цудоўнае слова: знiтаванне. I нiбыта нябачныя нiтачкi звязваюць любоўю людзей, трымаюць iх разам i ўтрымлiваюць на нейкiм месцы, якое становiцца самым любiмым на зямлi. Невыпадкова адно з традыцыйных беларускiх мастацтваў заснавана на ўменнi працаваць з нiткамi, рабiць з iх не проста тканiны, а творы мастацтва — габелены i нават цэласныя кампазiцыi.

1387004158626_1

Мастачка Галiна Крываблоцкая ў свае габелены ўплятае ўласнае разуменне свету i адчуванне Сусвету. Кросны — як праваднiк у гэты Сусвет. Нiтачка да нiтачкi, колер да колеру, думка да думкi, пачуццi… Апошнiх — шмат. I калi разабрацца ў тым, з чаго пачыналiся творы, прадстаўленыя на выставе «У пошуках вясны», што размешчана ў Палацы мастацтва, то першасным вузельчыкам заўсёды было пачуццё, да якога дадавалася яшчэ нешта…

Мелодыя

«Актава». Так называецца твор 1978 года, адзiн з першых этапных у мастачкi. Чырвонае з чорным на шэрым… Спалучэнне фiгур у пэўным рытме. Малюнак геаметрычны, але ў iм нiбыта зашыфраваны пэўны код. Расшыфраваць — значыць пачуць гукi. Шмат гукаў, у кожнага сваё месца, свая задача. Як ёсць пэўныя задачы ў традыцый, якiя закладвалiся ў культуры народаў. Адна традыцыя выпадае — i актава не поўная. Гэты твор у Галiны Крываблоцкай нарадзiўся на фоне ўздыму iдэi аднаўлення нацыянальных традыцый, якая, магчыма, ужо гучала недзе ў паветры. Гэтую мелодыю мастачка падхапiла i ўпляла ў габелен, у якiм адчуваецца эксперыментальны дух, але пры гэтым ёсць адчуванне повязi з традыцыяй: усё роўна кожны чалавек носiць у сабе мелодыю сваёй зямлi, свайго роду.

Любоў

Бацька… Яго няма — адышоў у iншы свет. Сказала сабе: «Вось i ўсё»… Прыйшла ў майстэрню са сваiм сумам, думкi плылi… А рукi рабiлi сваю справу. Праз нiткi выявiўся душэўны стан, якi паяднаў космас з зямлёю, матэрыяльнае з ледзь улоўным: блакiтным аблокам iрвецца да неба светлая душа. «Вось i ўсё» — твор-прысвячэнне, якiх у Галiны Крываблоцкай шмат, таму што шмат людзей, з якiмi яна была знiтавана любоўю.

Кампазiцыя з чатырох алоўкаў — таксама зроблена з любоўю. Нiткi выстраiлiся ў шэрагi, закруцiлiся вiрам, як пачуццi. У шэрагах нiтак растварылiся слёзы. Гэта прысвячэнне брату, мастаку Вiктару Маркаўцу, якi заўсёды быў моцны, светлы чалавек. Але нечакана адышоў у iншы свет.

— Алоўкi — наш сiмвал з дзяцiнства, — тлумачыць Галiна. — Нас чацвёра дзяцей у сям'i: тры сястры i старэйшы брат Вiктар. Калi мама атрымлiвала свой настаўнiцкi заробак, то купляла нам у падарунак аловачкi. У кожнага з дзяцей былi свае алоўкi, мы iмi вельмi любiлi маляваць, таму ўсе выраслi творчымi людзьмi.

Твор «Апошнiя лiхтары» — таксама прысвячэнне: дзеду Аляксандру i бабулi Марыйцы.

— Бабуля з роду Янкоўскiх, адукаваная, iнтэлiгентная была жанчына, дзед — вельмi духоўны чалавек, якi скончыў царкоўна-прыходскую школу. Яны дапамагалi бацькам нас выхоўваць, даглядаць. I пакiнулi нам у спадчыну веру, якой мы прытрымлiваемся i якую перадаём сваiм дзецям.

Вера

Унiкальныя творы — габелены. Адчуваеш побач з iмi нейкае цяпло, якое iдзе, напэўна, не толькi ад нiтак. Таму што ў iх можна растварыць духоўны стан — як у творы «Цуд дрэва».

— Часам чалавеку даецца магчымасць пабываць у святых месцах, — гаворыць мастачка. — Аднойчы я была ў гасцях у Святога Мiкалая з Мiр Лiкiйскiх. Пашчасцiла на яхце паплыць у Мiжземнае мора, пасярод якога быў цудоўны маленькi востраў. На iм памiж скал расло старое-старое, але моцнае эўкалiптавае дрэва. Яно мяне так уразiла, што захацелася перадаць адчуванне моцы жыцця, якое напаўняла мяне ў той момант.

Мастакi — людзi тонкiх пачуццяў, якiя, напэўна, адчуваюць нябачны свет, прастору, iншае вымярэнне, якое немагчыма зафiксаваць дакладнымi прыборамi. Але яно ёсць: паглядзiце творы Галiны Крываблоцкай. Вялiкая частка яе габеленаў напоўнена светлымi, радаснымi колерамi, яны дыхаюць спакоем i пяшчотай. I ў iх жывуць анёлы!

— Ёсць у мяне твор — прысвячэнне анёлам. У кожнага чалавека ёсць добры i дрэнны анёл, — разважае Галiна. — На левым баку ў нас добры, цёплы анёл, на правым сядзiць халодны, злосны. Бываюць моманты ў чалавека, калi ў душы нiбыта нешта кiпiць: гэта нашы анёлы спрачаюцца. Мы гэта не заўсёды разумеем. Але калi добра папрасiць Бога: «Памiры маiх анёлаў», — то ўсё стане на месца. А калi нас пакiдае дрэнны, цёмны анёл i застаецца светла-залаты, то мы адчуваем стан Боскай ласкi i асалоды i нiбыта лунаем над усiм тым, што iдзе ад цёмнага анёла. Людзi змагаюцца ўвесь час за нешта: за жыццё, за праўду. У гэтым свеце ўвесь час трэба змагацца, найперш за душу…

1387004161378_2

Боль

Але бывае, што змаганне iдзе праз боль. Боль бывае агульным i вельмi моцным. I нават калi на твой лёс агульны боль не выпаў, то ўсё роўна ён нiбыта ў крывi пакаленняў жыве. I прарывае. Габелен-рэквiем «Трасцянец» — агульная памяць пра Вялiкую Айчынную вайну. Адзiн з першых беларускiх аб'ёмных габеленаў, створаны ў 1984 годзе. Гэты адметны твор зараз знаходзiцца ў музеi сучаснага выяўленчага мастацтва ў Маскве. Летась ён быў прадстаўлены на выставе да юбiлею Перамогi, пра што беларускай мастачцы спецыяльна паведамiлi i павiншавалi яе. На аўтарскай выставе ў Палацы мастацтва Галiна Крываблоцкая паказала, як выглядае памяць у габелене. I дала магчымасць гэта пабачыць — у iншых творах. Яе творы, дзе ёсць боль, адметныя. Цi то аб'ёмныя — як «Трасцянец». Цi то незвычайныя па форме: габелен, прысвечаны паўстанню 1863 года, выкананы ў форме трохкутнiка. Вельмi авангардная форма для твора, асаблiва калi ведаць, што ён быў зроблены ў 1988 годзе, да гадавiны паўстання Калiноўскага, якому была прысвечана тады вялiкая выстава айчынных творцаў.

На выставе вылучаецца габелен «Шлях». Глядзiш i бачыш: падвоенае сонца, расколатая зямля. Земляныя колеры. Колеры нашай зямлi. Чарнобыль…

— Мяне так узрушыла тое паведамленне! Было невядома, што гэтая катастрофа нам прынесла, — успамiнае спадарыня Галiна. — Мы тады працавалi з братам у майстэрнi. Усё ўнутры кiпела, i я намалявала гэты вобраз, пачала ткаць…

Захапленне

Праз боль, праз змаганне ўсё роўна прарастае надзея. I сонца зноў адно, i па зямлi расцякаецца яго святло чырвонымi плямкамi, як у працы пад назвай «Дзень». Радасцю напаўняе новы дзень — нават ад таго, што ён прыходзiць i ўсё iдзе сваёй чаргой: дрэвы растуць, птушкi пяюць, слiмакi выпаўзаюць. У Галiны Крываблоцкай слiмакi — адзiн з любiмых вобразаў:

— У многiх маiх творах можна ўбачыць гэтую iстоту, якую я вельмi паважаю. На зiму яна знiкае, а вясной з'яўляецца — як сiмвал цеплынi i аднаўлення жыцця. Вось слiмачок у нацюрморце «… I зноў дзень»: Вялiкдзень, яйкi на стале, пачатак новага жыцця…

Сёлета спадарыня Галiна стварыла 5 новых работ. Адна з iх — «Салаўiны спеў». Але самога салаўя ў ёй не варта шукаць. Затое можна адчуць стан чалавека, якi слухае прыгожыя спевы салаўя, адчувае спакой, радасць, замiлаванне i захапленне жыццём. Калi чалавек адкрыты для захапленняў, то знаходзiць iх у звычайных рэчах i з'явах. I тады з'яўляюцца мiнi-габелены як iмправiзацыi з нiтак, невялiкiя творы з цыкла «Дыялог з прыродай», цi ўдумлiвыя — як з цыкла «Дрэвы». Цi вялiкiя i маштабныя — як «Мелодыя зямлi». Гэты габелен створаны для Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi. Манументальных твораў у спадарынi Крываблоцкай шмат — для афармлення iнтэр'ераў залаў, заслон для палацаў культуры, некаторыя знаходзяцца ў музеях. Розныя па тэмах, памерах, задачах. Але яны знаходзяць сваё месца ў прасторы i часе, нясуць сваю фiласофiю — праз нiткi. А калi паглядзець на кампазiцыю з пляцення пад назвай «Каардынаты быцця», то наогул нiбыта чуеш вершы.

— Гэтую назву я падгледзела ў Алеся Разанава, у яго ёсць такая кнiжка. Але яна вельмi падыходзiць да твора. Тут ёсць барацьба, якая стварае наша жыццё. Тут Сусвет. Цяпло ад зямлi, сонца, агню. Еднасць сутнасцяў, з якiх складаецца наша быццё…

Ларыса ЦIМОШЫК

Ларыса Фiнкельштэйн, мастацтвазнаўца:

«Габелен i мастацкае шкло ў першую чаргу былi вiзiтоўкай беларускага мастацтва на Саюзных выставах. Творчасць Галiны Крываблоцкай — гэта адлюстраванне традыцый з аднаго боку, а з другога — увасабленне эксперыментальнага тэкстылю».

Паэт Алесь Разанаў:

«У мастацтва адна крынiца, якое б яно нi было: цi слоўнае, цi вiзуальнае. Калi аказваешся на выставе, то сутыкаешся з самой з'явай мастацтва. Але кожны мастак фармулюе па-новаму, што гэта ёсць. Тут адбываецца фармуляванне самой з'явы мастацтва. У яе ёсць адзiн самы важны фактар — субстанцыя душы. Гэта тая крынiца, адкуль бяруцца ўсе творы».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.