Марознай, сонечнай суботай каля 12 тысяч навабранцаў тэрміновай службы і рэзервістаў сталі сапраўднымі салдатамі. У гэты дзень кожны з іх урачыста прыняў вайсковую прысягу і пакляўся ў вернасці Радзіме.
Вялікі, доўгі страявы пляц славутага 72-га гвардзейскага Аб'яднанага вучэбнага цэнтра, што ў Печах, на Барысаўшчыне, запоўнены салдатамі. Іх на пляцы — амаль 2 тысячы, а перад імі, за ачапленнем — тысяч 6 бацькоў, сваякоў, сяброў, дзяўчат, якія амаль месяц не бачылі «сваіх салдат» і прыехалі да іх з усёй Беларусі. У нагах стаяць вялікія, як бочкі, кайстры, набітыя смачнымі хатнімі стравамі, а ў бацькоўскіх руках на марозе дрыжыць невялічкі фотаапарат — хранікёр важнай падзеі ў жыцці сям'і. Усе гэтыя позіркі, слёзы на вачах сентыментальных бацькоў ажывілі ў памяці ўласныя эмоцыі, бо летась сам менавіта на гэтым буйным прамавугольніку сціскаў аўтамат, хваляваўся, таксама шукаў вачамі гасцей і маршыраваў перад трыбунай, з якой нас вітаў генерал-лейтэнант Юрый Жадобін, міністр абароны. Усё і ў гэты раз праляцела за адно імгненне. І не паспелі хлопцы цалкам асэнсаваць, што адбылося, як трапілі ў гарачыя абдымкі сваякоў.
Сярод гэтага хвіліннага тлуму заўважаю хлопца, які шчасліва ўсміхаецца і нешта даводзіць сваім таварышам.
— Адчуванні ад прысягі ўрачыстыя, а настрой — вясёлы, бадзёры. Запомню гэту падзею на ўсё жыццё! Вельмі хачу ўбачыць сваіх бацькоў і сяброў. Сумаваў па іх, — кажа радавы Дзмітрый Літвінчук, ураджэнец Камянеччыны.
Каля трыбуны, з якой яшчэ нядаўна за дзеяй назіраў генерал-маёр Міхаіл Пузікаў, намеснік міністра абароны, чуллівая дзяўчына доўга не адпускае свайго хлопца.
— Мы з Аляксандрам ужо два з паловай гады сустракаемся, — апавядае Наталля і краем хусцінкі выцірае вільготныя вочы. — У войска яго прызвалі пасля вучобы ў каледжы. І я ўжо разумела, што Саша мусіць прайсці гэтае выпрабаванне — службу ў войску. Я ганаруся ім і вельмі-вельмі яго кахаю. Дачакаюся абавязкова!
Калі для кожнага ружовашчокага хлопца ў камуфляжы гэты дзень — падзея, для афіцэра — адказная праца. Аднак арганізавана ўсё на даволі добрым узроўні. Людзей з электрычак сустракалі вайскоўцы, якія дапамагалі візіцёрам не заблудзіцца ў гарадку. Ну а для тых, хто прыехаў здалёк, у часцях адвялі для начлегу асобныя месцы, каб людзі маглі загадзя прыехаць і не спазніцца.
— Прысяга прайшла добра. Кожны падышоў да яе адказна і абыякавых у нас не было, — пасля ўрачыстасці прызнаецца капітан Павел Казлоў, камандзір зводнай роты рэзерву 114 й школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы. — Напрыклад, рэзервісты, якія праходзяць зборы ў нашай часці, — людзі з жыццёвым досведам, а таму імкнуцца прайсці службу без аніякіх інцыдэнтаў.
Калі разам з фатографам збіраліся ўжо пакідаць Печы, заўважылі, як радасны салдат са смехам ускідваў над галавой малога. Як аказалася, не сына, а брата. Не маглі наглядзецца на сына ў форме бацькі, якія прыехалі да свайго Вані з вёскі Охава (Пінская раёна). Зараз яго чакае першае звальненне, а пасля — доўгія месяцы важных і адказных вайсковых абавязкаў. Добрай табе службы, салдат!
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Барысаўскі раён.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!