Вы тут

«ЛЕПЕЙ» НЯМА КУДЫ!


Лепей за Рыгора Барадулiна можа быць толькi ён сам. Днямi выйшла новая кнiга народнага паэта Беларусi, якая так i называецца «Лепей». Мякка, лёгка, лаканiчна. Як мы любiм.

1387257973917_17-5

Але не ўсё ў кнiзе як звычайна. I хоць творчасць дзядзькi Рыгора лiчыцца вяршыняй беларускай паэзii, да кнiгi, наогул, сёння даволi складана прыцягнуць чытача. Усе пераходзяць на электронныя чыталкi або наогул не чытаюць. Для таго, каб прыцягнуць чалавека да кнiгi (хаця трэба прызнаць, беларусы яшчэ трымаюцца; прыгадайма хаця б статыстыку, паводле якой беларусы — найбольш чытаючая краiна з усiх краiн СНД), трэба асмелiцца на нешта надзвычайнае. На што i ўгаварылi Рыгора Барадулiна стваральнiкi кнiгi «Лепей».

«Лепей» — гэта кнiга ХХI стагоддзя, у якой няма нiводнага друкаванага слова! Яна складаецца з двух нататнiкаў. У першым сабраны вершы паэта 1952—2013 гадоў., напiсаныя ўласнаручна графiчна пазнавальным почыркам. Гэта почырк самога Барадулiна. У нататнiку «Лепей» — 103 вершы. Прычым большасць з iх — напiсаныя ў апошнiя гады i ёсць нават тыя, якiя раней нiдзе не друкавалiся. Ёсць тут «нататкi на палях»: эпiграмы, уласныя праўкi, малюнкi ўнучкi Дамiнiкi... Так мы бачым некананiчнага Барадулiна. Тут i верш «Ойча наш, што ў Нябёсах», i кароткiя вершыкi з лаянкавымi словамi. Глыбiня, iронiя i добрыя сяброўскiя жарты — уся разнастайнасць i нават супярэчлiвасць творчасцi паэта адлюстраваны ў адной кнiзе.

Другi нататнiк можна толькi ўмоўна так назваць. Гэта, хутчэй, папка. У ёй — кружэлка з запiсам вершаў з кнiгi Барадулiна «Лепей». Гэтае аўдыясуправаджэнне, трэба прызнацца, у многiм спрашчае ўспрыманне. Бо часам графiчна вытанчаны i цiкавы почырк паэта разабраць бывае даволi складана. Нават нягледзячы на некалькi вершаў у пачатку кнiгi, якiя для прыкладу прадублiравала калiграфiчным почыркам спявачка Алена Казанцава. А таму, нягледзячы на невялікі памер, з кнігай Барадуліна вы праведзяце не адзін вечар, разбіраючы таямніцы почырку жывога класіка. Што можа быць прыўкрасней!

У канверце з крафт-паперы ў папцы побач з кружэлкай ёсць i фотаздымкi Барадулiна. Яны ўсе рознага памеру, такiя, якiмi яны былi ў часы, калi фатаграфавалi на плёнку i праяўлялi амаль у хатнiх умовах. У прынцыпе, гэта бадай што набор унiкальных паштовак. Усе яны таксама падпiсаны Барадулiным i тлумачаць, што мы бачым на фота. У дадатак да ўсяго, сярод здымкаў ёсць вельмi рэдкiя экзэмпляры. Iх дзядзька Рыгор знайшоў у сваiм драўляным чамадане. Менавiта з iм Барадулiн некалi прыехаў паступаць на мiнскi фiлфак. Цяпер ён захоўвае ў чамадане фотаздымкi. Многiя фотаздымкi з праекта «Лепей» таксама нiдзе дагэтуль не друкавалiся. Напрыклад, фота бацькi Барадулiна — Iвана Рыгоравiча. Наогул, цiкава трымаць у руках копii аўтэнтычных старых здымкаў паэта, на якiх мы бачым яго... абсалютна новым. Прынамсi, маё пакаленне, якое прывыкла ўжо да пэўнага вобраза Рыгора Барадулiна (удумлiвы, мудры фiлосаф сталага веку ), можа пераканацца, што народны паэт Беларусi таксама быў маладым, авантурным, вясёлым жартаўнiком. На многiх фотаздымках ён крыўляецца i пасмiхаецца. Ёсць у канверце i некалькi фотаздымкаў мамы Барадулiна, якой ён прысвяцiў значную частку сваёй творчасцi.

Увесь гэты набор ахайна запакаваны ў кардонную скрыню. I паўсюль — толькi словы i лiтары, выведзеныя рукой паэта! Думаю, пройдзе не шмат часу i гэтае выданне стане такой жа бiблiяграфiчнай рэдкасцю i каштоўнасцю, як, напрыклад, непадцэнзурнае выданне «Ладдзi роспачы» Уладзiмiра Караткевiча.

Дарэчы, у прадмове да выдання «Лепей» распавядаецца, што Барадулiн спачатку насцярожана паставiўся да такой iдэi. Паўплывалi на яго прымхi старых сябровак. Але, пачуўшы адабрэнне ад добрага дзясятка аўтарытэтных людзей, не абцяжараных забабонамi, пагадзiўся. А мы з вамi маем такую радасць — кнiгу, якая ўся спрэс — аўтограф генiяльнага беларускага паэта.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.