Вы тут

Вынікі тыдня 7-13 снежня 2013 года. Пра важнасць паўтарэння пройдзенага


Мінулыя сем дзён былі адзначаны цэлым шэрагам сімвалічных падзей. На фоне 22-годдзя разбурэння СССР геапалітычная сітуацыя падштурхоўвае да вывучэння ўрокаў мінулага.

Драматычныя падзеі разгортваліся ў Кіеве. У ноч на 9 снежня ўкраінская міліцыя правяла шэраг сілавых аперацый па расчыстцы барыкад на вуліцах сталіцы. Некалькі блокпастоў апазіцыі сапраўды ўдалося ліквідаваць без прымянення жорсткіх мер. Аднак далейшыя дзеянні сілавікоў наткнуліся на арганізаваны адпор прыхільнікаў еўрапейскай інтэграцыі. Вызваліць ад пратэстоўцаў плошчу Незалежнасці і будынак Кіеўскай гарадской адміністрацыі праваахоўнікам не ўдалося. Паралельна быў праведзены ператрус у офісе партыі «Бацькаўшчына», падчас якога міліцыя канфіскавала дакументы і буйную суму грошай.

Спроба сілавога вырашэння сітуацыі выклікала чаканую жорсткую рэакцыю з боку ЗША і Еўрасаюза. Украінскую сталіцу наведалі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан і памочнік Дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд. Абедзве правялі сустрэчы і з уладай, і з апазіцыяй, а таксама непасрэдна з актывістамі на Майдане. Адначасова ў інфармацыйную прастору ўкідаліся рознага роду дакументы, аўдыя і відэа-запісы, якія ў першую чаргу кампраметавалі лідараў апазіцыі.

На гэтым фоне працягваліся перамовы афіцыйных уладаў Украіны з прадстаўнікамі Еўрапейскага саюза. Бакі нібыта нават дамовіліся аб «дарожнай карце» выканання пагаднення аб асацыяцыі. Аднак рэальна ніякіх зрухаў не адбылося. Брусель не пайшоў на рэальную кампенсацыю страт Украіны і выдаткаў яе на мадэрнізацыю па еўрапейскіх стандартах, не стаў абмяркоўваць ніводнае з палажэнняў самога пагаднення.

У выніку палітычны крызіс ва Украіне працягваецца і пагражае зноў перайсці да сілавой фазы. Шматлікія групы прыхільнікаў «Партыі рэгіёнаў» сцягваюцца ў Кіеў, каб арганізаваць «Антымайдан». ЗША ўводзяць санкцыі супраць украінскіх алігархаў, а тыя (перш за ўсё Рынат Ахметаў) пачынаюць празрыста намякаць прэзідэнту Віктару Януковічу на страту ім рэальных рычагоў улады.

Характэрна, што, на думку цэлага шэрагу экспертаў, супраць украінскага лідара зараз выкарыстоўваецца «беларускі сцэнар». У 2010 годзе ў Беларусі ён у сілу цэлага шэрагу ўнутраных і знешніх прычын праваліўся. Сёння на прыкладзе Украіны мы можам назіраць, што было б з нашай краінай у выпадку лаяльнага стаўлення да людзей, якія выйшлі на плошчу Незалежнасці 19 снежня 2010 года.

Дарэчы, многія бачаць за беспарадкамі ва Украіне руку Масквы. А сама Масква ў гэтай сітуацыі захоўвае падкрэслены спакой. Уладзімір Пуцін 12 снежня выступіў з пасланнем Федэральнаму сходу, дзе заявіў пра гатоўнасць Расіі да ўзаемадзеяння і перамоў з Украінай у канструктыўным ключы. «Яшчэ да ўсіх гэтых праблем, пачынаючы з мая бягучага года, Украіна выказала жаданне прысутнічаць на ўсіх сустрэчах «тройкі « ў якасці назіральніка, удзельнічаць у дыскусіях, і неаднаразова заяўляла раней аб сваёй зацікаўленасці ў далучэнні да асобных пагадненняў Мытнага саюза, — заявіў расійскі лідар. — Мы нікому нічога не навязваем, але калі ў нашых сяброў ёсць жаданне сумеснай працы, мы гатовы да працягу гэтай працы на экспертным узроўні».

Беларусь на мінулым тыдні закранулі і ўкраінскія падзеі (наша апазіцыя выступіла за салідарнасць з Майданам), і расійскае мерапрыемства (яго нямала абмяркоўвалі на экспертнай канферэнцыі аб інфармацыйных выкліках інтэграцыі, што прайшла ў Мінску). Аднак асноўныя трэнды задавалі ўнутраныя падзеі.

Важная нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы прайшла 10 снежня. Яе прысвяцілі пытанням развіцця будаўнічай сферы і ўдасканалення работы з кіруючымі кадрамі. Галоўным і малапрыкметным палітычным момантам у выступленні Прэзідэнта краіны на гэтым мерапрыемстве была, на мой погляд, крытычная ацэнка вынікаў рэформы дзяржаўнага апарату, праведзенай у краіне. Фактычна Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, замест аптымізацыі функцый і выхаду на новую якасць працы, адбылося механічнае скарачэнне штатных адзінак з павелічэннем нагрузкі на пакінутых работнікаў. І гэта, безумоўна, у корані разыходзіцца з тым, што патрабуецца для ўмацавання суверэннай беларускай дзяржавы ў цяперашніх умовах. У выніку Прэзідэнт даручыў вярнуцца да гэтага пытання і давесці рэформу да лагічнага завяршэння.

Яшчэ адным характэрным зваротам да мінулага вопыту стаў сам фармат нарады, які сабраў касцяк вертыкалі ўлады для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця краіны. Аляксандр Лукашэнка даручыў зрабіць такія мерапрыемствы рэгулярнымі.

Пытанне мабілізацыі беларускай улады з'яўляецца асабліва важным напярэдадні непазбежнай структурнай перабудовы беларускай эканомікі ў тых няпростых умовах, якія складваюцца на міжнароднай арэне сёння. Дарэчы, пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў пятніцу, паказала, што пры пазітыўным руху па асобных напрамках у галоўных для Мінска пытаннях Масква застаецца няўступлівай. Аб'ёмы паставак нафты ў нашу краіну так і не былі ўзгоднены бакамі. Затое расійскі прэм'ер заявіў аб магчымасці ўвядзення ў Беларусі расійскага рубля, што на фоне існуючых рознагалоссяў прагучала даволі «свежа».

У Мінску на мінулым тыдні пабываў прадстаўнік Дзяржаўнага сакратара ЗША, які правёў перамовы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. А на наступны дзень ветэран амерыканскай палітыкі Збігнеў Бжэзінскі выступіў з артыкулам у Fіnаnсіаl Tіmеs, дзе адзначыў, што Беларусь нібыта пачынае праяўляць прыкметы арыентацыі на Захад.

З гэтага ўсяго стала складвацца ўражанне, што ўводзіць расійскі рубель у Беларусі калегі з Масквы хацелі б на падставе ўпадабанай імі разводкі ў трохвугольніку ЗША — ЕС — Расія, якую цяпер удасканаляць на палях паліттэхналагічных бітваў ва Украіне.

Юрый Царык

 

Папярэднія матэрыялы:

Вынікі тыдня 30 лістапада - 6 снежня. Рашучыя крокi ва ўмовах невыразных перспектыў

Вынікі тыдня 23-29 лістапада. Крызiс еўраiнтэграцыi i сенсацыi, якiх не заўважылi

Вынікі тыдня 16-22 лістапада. Сітуацыя вакол Беларусі становіцца больш дынамічнай

 

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.