Вы тут

ПРАЎДА. НІЧОГА, АПРОЧ ПРАЎДЫ


Няма неабходнасці нагадваць пра тое, як часта беларуская літаратура звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны, расказваючы пра мужнасць і гераізм савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а разам тым раскрываючы і сапраўды звярыны воблік фашызму. Тым не менш, усё ж пра гэта нельга не гаварыць, бо, хоць і напісана пра самую вялікую вайну шмат ды, здавалася б, не засталося ў гісторыі яе ніводнай старонкі, якая не была б прачытана літаратарамі, гаварыць ёсць пра што. Прынамсі, нямала расказана і пра гераізм дзяцей, якія змагаліся з ворагам упоравень з дарослымі. Нямала можна прачытаць і пра зверствы гітлераўцаў у дачыненні да іх, у тым ліку і пра тое, што існавалі спецыяльныя лагеры, у якіх у малых пакутнікаў забіралі кроў, што потым ішла на лячэнне нямецкіх салдат і афіцэраў. Аднак...

1387339155775_18-34

Часцей згадваецца лагер у Парычах, а таксама на тэрыторыі вучэбнай гаспадаркі «Чырвоны Бераг», а гэта ўсё Гомельшчына, адпаведна, сённяшнія Светлагорскі і Жлобінскі раёны. Але ж былі і іншыя дзіцячыя донарскія лагеры, у прыватнасці, у вёсцы Сёмкава, што пад Мінскам, пра якія звестак захавалася не так і шмат. Тым больш ухвальна, што нарэшце заслона тайны ліквідавана. З гэтым, па сутнасці дзіцячым канцлагерам і звязаны асноўныя падзеі, што адбываюцца ў новым рамане Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў», выпушчаным выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Але, безумоўна, гэта не значыць, што пісьменнік тым самым звужае дзеянне твора, прывязваючы яго толькі да таго, што адбывалася ў Сёмкаве і яго ваколіцах. Паколькі раманная прастора заўсёды шырокая, то і ахоп падзей вельмі шырокі, як і геаграфія дзеяння. Гэта і само Сёмкава, і акупаваны Мінск, ды нават Берлін. Гэта і дазволіла Мікалаю Чаргінцу аб'ёмна і шырока спасцігнуць тое, што звязана з падзеямі, які знайшлі адлюстраванне ў рамане.

Узнаўляючы гэтыя падзеі, аўтар рамана адштурхоўваецца ад лёсу трох сем'яў: Левіных, Рабіновічаў і Статкевічаў. Дзве яўрэйскія, адна — беларуская. Урэшце, гэта толькі па пашпарце. А так тры звычайныя мінскія сям'і. У многім падобныя між сабой, але ў чымсьці, зразумела, і розныя, са сваімі характарамі і лёсамі. Праўда, калі быць дакладным, дык у чымсьці розныя іх лёсы былі да вайны. У час жа акупацыі гэтыя сем'і, як і сотні іншых, сталі вельмі падобнымі між сабой, бо над усімі аднолькава навісла бяда. Хоць лёсы Левіных, Рабіновічаў асабліва незайздросныя. Як і іншых яўрэяў. Тым самым у рамане з'яўляецца яшчэ адна тэма — вайна і яўрэі. Важна і тое, што ў рамане пераканаўча паказаны сапраўдны твар «чалавекалюбца» Кубэ, які прапанаваў сваё вырашэнне яўрэйскага пытання — з дапамогай саміх жа яўрэяў.

Ва ўсю стараецца нейкі «Абрам Липкович с улицы Беломорской». Сапраўды ўжо: сям'я не без вырадка. Гэты Ліпковіч хутка зарыентаваўся і стаў фашысцкім паслугачом, не задумваючыся, знішчае сваіх супляменнікаў. У яго свая жыццёвая пазіцыя, якую ён не ўтойвае, дзеліцца сваёй «філасофіяй» нават з Левіным, з якім знаёмы яшчэ з даваенных гадоў.

Не спыніла Ліпковіча нават тое, што была знішчана яго сям'я.

Праўда, нічога, апроч праўды, — гэтым правілам кіраваўся Мікалай Чаргінец, пішучы свой раман, таму ў творы нямала эпізодаў, ад якіх становіцца не па сабе. Шмат якія з іх звязаны, безумоўна, з тым, што адбывалася ў Сёмкаве, калі з дзяцей цалкам выпампоўвалі кроў і яны тут жа паміралі. Прыгожыя дзяўчаткі, якім было гадоў дванаццаць, а то і меней, нярэдка паміралі па іншай прычыне: іх гвалтавалі. Такая «ўцеха» асабліва падабалася дырэктару інтэрната (так афіцыйна ён называўся яшчэ з даваеннага часу) Вайтовічу.

Не адыходзіць аўтар ад праўды і тады, калі імкнецца разабрацца, чаму некаторыя ішлі на службу ў паліцыю. Несумненна, тут аднабаковага падыходу быць не можа. Разумеючы гэта, пісьменнік стварыў цікавы вобраз аднаго з такіх паслугачоў — Леаніда Цвяткова. Леанід своечасова спыніўся. Адбылося гэта дзякуючы яго даваеннай знаёмай. Ягоны роздум — гэта роздум таго, хто аднойчы спатыкнуўся, але знайшоў у сабе сілы адумацца.

Апошнюю кропку ў лёсе Цвяткова аўтар, праўда, не ставіць. Адступаючы, фашысты вырашылі яго завербаваць і забраць з сабой. Тыя з партызанаў, з кім ён ужо супрацоўнічае, падтрымалі такое рашэнне...

Назва рамана — «Аперацыя «Кроў» — з'явілася невыпадкова. Яна блізкая да закадзіраванай аперацыі па вызваленні дзяцей, якія ўтрымліваліся ў Сёмкаве — «Аперацыя «Інтэрнат». Прадумана яна была вельмі старанна, і да яе падключылі не толькі партызанаў, а нават Цэнтральны штаб партызанскага руху ў Маскве. Несумненная ўдача пісьменніка — вобразы тых, хто асабліва шмат спрыяў таму, каб усё прайшло паспяхова. Гэта і перакладчыца Ірэна Караблёва, якая, наладзіўшы сувязь з партызанамі, перадавала ім сакрэтную інфармацыю. Асаблівая роля адведзена савецкай разведчыцы, якая выступае пад імем Ганны Фішэр, законнай спадчынніцы маёнтка ў Сёмкаве.

Новае слова аб Вялікай Айчыннай вайне абпальвае сэрца сваёй бескампраміснай праўдай, але без яе не абысціся. Тым больш цяпер, калі краіна рыхтуецца да 70-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2015 годзе гэтаксама ўрачыста мы будзем святкаваць 70-годдзе Вялікай Перамогі. У сувязі з гэтым лозунг «Ніхто не забыты, нішто не забыта» набывае асабліва актуальнае значэнне. Раман «Аперацыя «Кроў» пры ўсёй сваёй высокай мастацкай вартасці валодае і не менш важнай якасцю: гэта — кніга-ўчынак пісьменніка, які сам добра ведае, што такое мужнасць і гераізм, і не церпіць бесчалавечнасці, подласці, ніколі не даруе здрады.

Алесь Марціновіч.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.