Вы тут

Надзея Ермакова: “Як будзем працаваць, так будзем і жыць”


Сёння ў нашай газеце адбылася “прамая лінія” з удзелам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай. Нашых чытачоў хвалявалі розныя пытанні – ад верагоднасці дэвальвацыі да прыватных жыццёвых праблем. Пасля размовы з людзьмі кіраўнік галоўнага банка краіны абагульніла адказы на асноўныя пытанні.

IMG_9700

Дэвальвацыі не будзе

Надзея Ермакова заявіла, што не трэба чакаць дэвальвацыі. Яе не будзе. І увогуле стабільнасць у краіне залежыць ад кожнага: “Трэба разумець, што не ад грашова-крэдытнай палітыкі і не ад банкаўскай сістэмы залежыць стабільнасць. Яна ў першую чаргу залежыць ад працы эканомікі. Таму я скажу так: калі мы ўсе разам будзем добра працаваць, цалкам аддавацца працы, а не проста прыходзіць і сыходзіць, то ўсё ў нас будзе стабільна. Таму што грошы напрацоўваюцца толькі ў вытворчасці. А мы ўжо потым абслугоўваем іх. Як будзем працаваць, так будзем і жыць”.

Валюту не забароняць

Старшыня Нацбанка пагадзілася, што адток рублёвых укладаў з банкаў ёсць. “Але ён, шчыра кажучы, не такі вялікі. У асобных банках назіраецца “плюс”, потым “мінус”. Па-рознаму. Але калі ўзяць агульную тэндэнцыю, то ёсць адток. Звязана гэта, у першую чаргу, з дэвальвацыйнымі чаканнямі, з недаверам да беларускага рубля. Але ж зразумела, што цяпер канец года: нехта хоча штосьці купіць, баючыся, што цэны зменяцца. На куплю нерухомасці шмат здымаюць. Нехта пераводзіць уклады ў валютныя. У той жа час, у лістападзе нават пачаўся аддок па валютных дэпазітах. Звязана гэта было з інфармацыяй, якая пайшла са СМІ аб тым, што ў Беларусі будзе забаронена хаджэнне замежнай валюты. Але гэта проста недарэчнасць. Як можна забараніць хаджэнне валюты, калі ўсе прадпрыемствы маюць экспарт, імпарт і разлікі ідуць у замежнай валюце?”.

Мікракрэдыты возьмуць пад кантроль

“На фоне таго, што ў банках высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, людзі ідуць у мікрафінансавыя арганізацыі, -- кажа Надзея Ермакова. -- Бо нікому не забараняецца па Грамадзянскім кодэксе пазычаць грошы. Пытанне толькі – пад якія працэнтныя стаўкі. Таму мы падрыхтавалі праект указа Прэзідэнта, які зараз знаходзіцца ў Адміністрацыі. Спадзяемся, што да канца года ён будзе падпісаны. І Нацбанк стане рэгулятарам і гэтых арганізацый. Тады мы, па-першае, прымусім іх зарэгістравацца. Сёння яны існуюць як звычайная юрыдычная асоба ці прадпрымальнік. А потым яны будуць рэгістравацца як кампанія, якая мае права прадастаўляць займы. Пасля будзем працаваць са стаўкамі такім жа чынам, як і з банкамі. Але яшчэ раз хочацца нагадаць, што людзі павінны рэальна ацэньваць свае сілы, калі бяруць любы крэдыт”.

Дэнамінацыя – налета наўрад ці

“Дэнамінацыя – гэта не аднадзённы працэс. І хутчэй за ўсё налета праводзіць яе не прыйдзецца. Умовай для дэнамінацыі павінна быць інфляцыя менш за дзесяць працэнтаў. А у нас яна пакуль двухзначная. Іначай цэны адразу падрастуць і зноў павялічыцца маса грошай, якая спатрэбіцца на абслугоўванне гэтых цэн. Друкаванне грошай – гэта вельмі дорага”, -- нагадала кіраўнік Нацбанка.

Жыллёвае крэдытаванне адновіцца

“Я не магу зараз сказаць, якія будуць працэнты па жыллёвым крэдытаванні, калі яно адновіцца. Гэта будзе залежыць ад сітуацыі, якая складзецца ў эканоміцы. Але выдавацца такія крэдыты будуць. Зараз жа канец года, таму ў банкаў зніжаны рэсурсы”, -- заявіла Надзея Ермакова. Сярод іншага яна таксама паведаміла пра шосты транш Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, які чакала краіна напрыканцы года. Рашэнне аб яго выдзяленні, па словах кіраўніка Нацбанка, будзе прымацца ў першым квартале 2014-га. Надзея Ермакова расказала і аб іншых крыніцах папаўнення нацыянальных залатавалютных рэзерваў: “Гэта дадатнае сальда экспарту-імпарту, прыцягненне замежных інвестыцый у краіну, і продаж дзяржмаёмасці. А таксама размяшчэнне еўрабондаў”.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Поўны тэкст “прамой лініі” чытайце ў найбліжэйшы час на старонках газеты і на нашым партале.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.