Вы тут

Непрыватызаваныя кватэры трапяць у разрад арэнднага жылля


Такі механізм пачне дзейнічаць пасля 1 ліпеня 2016 года

Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін», які прадугледжвае фарміраванне фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання (арэнднага жылля) шляхам пераводу дзяржаўнага жылля ў разрад арэнднага, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага лідара.

1387402017374_19-56

Дакумент прадугледжвае змяненне саставу дзяржаўнага жыллёвага фонду за кошт пераводу службовых, спецыяльных службовых, асобных відаў сацыяльных кватэр і асобных відаў спецыяльных жылых памяшканняў у разрад арэнднага жылля. У дзяржаўным жыллёвым фондзе застаюцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, спецыяльныя жылыя памяшканні, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і жылыя памяшканні ў інтэрнатах.

Механізм пераводу

Налета да 1 красавіка ў фонд памяшканняў камерцыйнага выкарыстання будуць пераведзены заселеныя службовыя, спецыяльныя службовыя жылыя памяшканні і некаторыя віды спецыяльных жылых памяшканняў. А вось жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія не прыватызаваны грамадзянамі, будуць пераведзены ў разрад камерцыйнага жылля пасля 1 ліпеня 2016 года. У дакуменце ўдакладняецца, што да гэтай даты грамадзяне змогуць скарыстацца правам на прыватызацыю. Пасля названай даты прыватызацыя спыняецца.

Указам вызначаны пералік катэгорый грамадзян, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду на перыяд працоўных (службовых) адносін. У прыватнасці, да іх адносяцца дзяржаўныя служачыя, што займаюць пасады, якія даюць права на атрыманне жылых памяшканняў, згодна з пералікам, вызначаным Прэзідэнтам Беларусі, а таксама суддзі і пракурорскія работнікі; маладыя спецыялісты; работнікі арганізацый, размешчаных на тэрыторыях з узроўнем радыеактыўнага забруджвання звыш 5 кюры на кв. км і прыраўнаваных да іх тэрыторыях; вайскоўцы; работнікі ў выпадку іх пераезду ў іншы населены пункт пры прызначэнні на пасаду, пераводзе ад аднаго наймальніка да другога; навукоўцы, прафесарска-выкладчыцкі састаў вышэйшых навучальных устаноў, работнікі арганізацый культуры і катэгорыі асоб, якія вызначаюцца Саветам Міністраў па ўзгадненні з Прэзідэнтам Беларусі.

Колькасць кватэр, якія прадастаўляюцца названым асобам, не павінна перавышаць 40% ад усёй колькасці фонду камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду. Астатнія 60% кватэр будуць размяркоўвацца сярод чаргавікоў, а пры іх адсутнасці — тым людзям, якія не маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Камерцыйнае жыллё рэспубліканскага жыллёвага фонду будзе прадастаўляцца работнікам, якія стаяць на ўліку ў арганізацыі, у якой знаходзіцца такі фонд, з магчымасцю самастойнага вызначэння гэтымі арганізацыямі катэгорый, што маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля.

Стаўкі камерцыйнага выкарыстання

На агульных падставах плата за карыстанне камерцыйным жыллём будзе вызначацца, зыходзячы з памеру базавай стаўкі платы за карыстанне такім жыллём, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў, з прымяненнем каэфіцыентаў, вызначаных аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месцазнаходжання жылых памяшканняў.

Памер платы за карыстанне камерцыйным жыллём, якое ўключана ў фонд з ліку заселеных службовых, спецыяльных службовых жылых памяшканняў, некаторых відаў спецыяльных жылых памяшканняў, а таксама для грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне камерцыйнага жылля, будзе вызначацца з выкарыстаннем аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам (па ўзгадненні з Мінжылкамгасам) паніжальных каэфіцыентаў.

Пасля заканчэння прыватызацыі (1 ліпеня 2016 года) па заяве наймальніка камерцыйнага жылля, які адносіцца да асоб, што маюць права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, можна будзе перавесці арэнднае жыллё, якое ён займае, у разрад жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. У гэтым выпадку такі наймальнік не будзе плаціць за карыстанне жылым памяшканнем.

Чаргавікоў «прафільтруюць»

Удакладняюцца падставы і ўмовы пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пастаноўка на такі ўлік маладых сем'яў будзе ажыццяўляцца незалежна ад забяспечанасці плошчай жылога памяшкання пры ўмове адсутнасці ў іх уласнага жылля або жылля, прадастаўленага па дагаворы найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Права на атрыманне льготнага крэдыту або субсідыі на будаўніцтва і набыццё жылля яны не маюць, аднак могуць прэтэндаваць на ўдзел у будаўніцтве камерцыйнага жылля, якое ўзводзіцца камунальнымі будаўнічымі арганізацыямі з абмежаванай рэнтабельнасцю (5%).

Прадугледжваюцца абмежаванні ў пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і падставы для зняцця з такога ўліку ў дачыненні да грамадзян, што зарэгістраваны па месцы жыхарства ў інтэрнатах, жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду па дагаворы найму жылога памяшкання, аднак там фактычна не пражываюць. Гэта таксама тычыцца і тых, хто скарыстаўся дзяржаўнай падтрымкай пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў на працягу 5 гадоў (за выключэннем павелічэння складу сям'і ў сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) дзяцей, а таксама вайскоўцаў у выпадку пераезду з іншага населенага пункта пры прызначэнні на пасаду).

Указам тлумачыцца, што атрыманне камерцыйнага жылля будзе з'яўляцца формай паляпшэння жыллёвых умоў, за выключэннем прадастаўлення такога жылля на перыяд працоўных (службовых) адносін. Грамадзяне, якім даецца камерцыйнае жыллё, здымаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Людзі, якія прыбылі ў Мінск ці населеныя пункты Мінскага раёна з іншых населеных пунктаў і прызначаны (выбраныя) на пасады, уключаныя ў пералік, што вызначаецца Саветам Міністраў па ўзгадненні з Прэзідэнтам Беларусі, прымаюцца на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы працы (службы) без уліку часовых абмежаванняў, прадугледжаных для пастаноўкі на такі ўлік у Мінску (10 гадоў) і населеных пунктах Мінскага раёна (5 гадоў).

Падрыхтаваў Сяргей Куркач.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».