Вы тут

Mіnsknews.by — гэта ўсё пра Мінск


У сталіцы з'явіўся свой інтэрнэт-партал журналісцкіх расследаванняў, разважанняў, каментарыяў — поўнай інфармацыі пра жыццё ў галоўным беларускім мегаполісе. Сёння стартаваў новы праект агенцтва «Мінск-Навіны» — www.mіnsknews.by.

1387402038186_19-44

— Дагэтуль у нас быў сайт з навінамі ўласна агенцтва, газет «Минский курьер» і «Вечерний Минск», — тлумачыць генеральны дырэктар агенцтва Кацярына ДУБІНСКАЯ. — Уласна кажучы, сайты газет таксама застаюцца, аднак цяпер у нас ёсць шырокі партал з больш шырокімі магчымасцямі. Адсюль можна праглядаць і сайты газет, і слухаць радыё «Мінск». Аднак усе нашы журналісты будуць напаўняць не толькі друкаваную перыёдыку, але і агульную інтэрнэт-версію. Зразумела, апошняя будзе больш насычанай — за кошт фота- і тэлерэпартажаў, блогаў, магчымасці размяшчэння бясплатных аб'яў для жыхароў сталіцы і г.д.

Сама пабудова сайта можа нагадваць вядомы партал www.tut.by, аднак толькі ў тым сэнсе, што ў нас інфармацыя таксама дзеліцца па вялікіх блоках — «Палітыка», «Грамадства» і г.д. І усё ж такі гэта інфармацыя толькі пра Мінск. Уся наша сталіца ў дробязях і падрабязнасцях. Актыўна будзем весці блогі — з удзелам не толькі журналістаў, але і вядомых пісьменнікаў, артыстаў і г.д. Карыстальнік сайта атрымлівае магчымасць задаць хвалюючае пытанне, журналісты агенцтва — выйсці на сувязь з чыноўнікамі, якія могуць даць кампетэнтны адказ. Важныя, цікавыя пытанні і адказы будзем прапаноўваць для шырокай аўдыторыі. Плануюцца і анлайн-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў гарадской улады.

Як правіла, падобныя парталы змяшчаюць спасылкі і на іншыя інтэрнэт-рэсурсы, аднак мы плануем карыстацца толькі ўласнай інфармацыяй. Іншая справа, калі, скажам, газета «Звязда» надрукуе цікавы артыкул пра жыццё нашага горада, то гэта знойдзе адлюстраванне на сайце агенцтва. Адкрыты і доступ да каментарыяў. Адзінае, у чым я тут настойваю, — не даваць доступ для каментарыяў у выпадках размяшчэння трагічных навін. Дапоўніць сайт і так званая «палітра дня» — самыя адметныя падзеі ў свеце. Спадзяюся, удасца нам і годна прадстаўляць дастойную прадукцыю сталічных прадпрыемстваў на правах рэкламы.

Адкрыццё падобнага інтэрнэт-рэсурсу — новы крок у развіцці агенцтва. Творчы калектыў не можа застойвацца. Акрамя таго, нельга пакідаць магчымасць засумаваць і патэнцыяльнаму чытачу. Зыходзячы з гэтага, мы ўжо змясцілі каля нашых стоек на станцыях метро і яшчэ плануем укараніць на іншым грамадскім транспарце QR-код, з дапамогай якога можна хутка спампаваць на мабільны тэлефон свежы выпуск газеты «Вечерний Минск». Практыка паказвае, што ста тысяч бясплатных экзэмпляраў газеты не хапае. Гэта і не дзіўна: газета апошнім часам распаўсюджвалася не толькі на станцыях метро, але і ў некаторых гандлёвых цэнтрах, установах культуры, аптэках, на буйных прамысловых прадпрыемствах. Замест павелічэння друкаванага тыражу было вырашана скарыстацца новымі магчымасцямі, здольнымі прывабіць новую, маладзейшую, аўдыторыю.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?