Вы тут

Усё пра маму


Адзіны ў Мінску Музей маці дзейнічае на базе сярэдняй школы № 42. Адкрыўся ён па ініцыятыве сталічнага аддзялення Беларускага саюза жанчын і пры падтрымцы адміністрацыі Фрунзенскага раёна толькі сёлета ў кастрычніку, але ўжо набыў вядомасць.

1387428686659_1

Праўда, зазірнуць у яго проста «з вуліцы» ў ахвотных не атрымаецца. Як распавяла «Звяздзе» дырэктар СШ № 42 Таццяна Ціхіня, экскурсіі трэба папярэдне замаўляць: графік наведвання складаюць спецыялісты з раённага аддзела адукацыі. «У нас былі прадстаўнікі розных арганізацый, ветэраны педагагічнай працы, супрацоўнікі камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пры ЖЭСах, па ініцыятыве Чырвонага Крыжа ладзілі экскурсію для таварыства інвалідаў, дый нашы вучні, безумоўна, падчас школьных канікулаў з цікавасцю вывучалі экспазіцыю. Спадзяёмся, з цягам часу колькасць наведвальнікаў істотна павялічыцца, бо гэта ж вельмі важна — праз любоў да сваёй маці, да сям'і выхаваць у дзецях пачуццё любові да Радзімы…».

Музей маці размяшчаецца не проста ў нейкім пераабсталяваным для гэтай мэты кабінеце, а ў адмысловым, досыць прасторным і зручным музейным памяшканні. Першая з яго экспазіцый «Ад старажытнасці да сучаснасці» ўяўляе сабой… куток звычайнай сялянскай хаты, з усімі тымі прадметамі побыту, працоўнымі прыладамі і іншымі прадметамі (ад дзіцячай калыскі да чапялы), з якімі штодня мела справу звычайная вясковая жанчына-маці. Экспазіцыя «У вайны не жаночы твар» змяшчае звесткі пра жанчын — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (фотаздымкі, асабістыя рэчы, франтавая перапіска). Яшчэ адна частка музея распавядае пра мінчанак, адзначаных ордэнам Маці, іншая прысвечана матулям вядомых беларусаў, якія праславілі нашу краіну ў свеце. Знайшоўся куточак таксама для творчых матуль тых дзяцей, якія і наведваюць 42 ю школу. Убачыць гэтыя экспазіцыі можна не толькі «жыўцом», але і ў сеціве: цяпер на сайце школы распрацоўваецца праект віртуальных экскурсій па музейным пакоі.

1387428689171_2

Дарэчы, першыя музейныя экспанаты прыносілі ў школу самі дзеці, а таксама бацькі і настаўнікі. Напрыклад, адметныя рэчы, кнігі, асабістыя паперы перадала Людміла Адамава, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем'яў вайскоўцаў, якія загінулі ў Афганістане.

«Плануем пашыраць і абнаўляць экспазіцыю, да свят абавязкова будзем рабіць тэматычныя праграмы, — дадае Таццяна Ціхіня. — А ў перспектыве музей, аналагаў якога няма ў Мінску (і, наколькі я ведаю, у іншых гарадах Беларусі таксама), можа набыць статус «агульнагарадскога».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».