Вы тут

Шлях на новыя сусветныя рынкі ляжыць праз мадэрнізацыю


Для калектыву Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання, якое ўзначальвае генеральны дырэктар, доктар тэхнічных навук, прафесар Вячаслаў Аляксандравіч Бурскі, бесперапынная мадэрнізацыя вытворчасці даўно стала стылем жыцця. Інакш нельга: занадта высокія патрабаванні да прадукцыі, якую выпускае калектыў. А гэта, у першую чаргу, лазерная, оптыка-механічная і оптыка-электронная апаратура, якая пастаянна ўдасканальваецца ў якасных і функцыянальных адносінах за кошт выкарыстання апошніх навуковых адкрыццяў, дасягненняў у галіне новых тэхналогій.

1387610909150_1

Стварэнне і вытворчасць такой апаратуры патрабуе наяўнасці адпаведных вытворча-тэхнічнай, выпрабавальнай базы, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння доследных работ.

Асноўным элементам гэтай прадукцыі з'яўляецца оптыка, якасць якой вызначае тактыка-тэхнічныя характарыстыкі ўсяго вырабу.

Чарговы этап удасканалення вытворчасці і тэхналогій разгортваецца сёння на аснове распрацаванай Комплекснай праграмы мадэрнізацыі дзеючых і стварэння новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў на 2013 — 2015 гады. Праграма холдынга «БелОМА» распрацавана пад патранажам і пры ўдзеле навукова-тэхнічнага цэнтра «ЛЭМТ» БелОМА («Лазеры ў экалогіі, медыцыне і тэхналогіі»), што ўваходзіць у склад холдынга (кіраўнік гэтага цэнтра член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Аляксей Пятровіч Шкадарэвіч) і ўключае ў сябе найбольш важныя кірункі абнаўлення вытворчых магутнасцяў, стварэння новых спецыялізаваных вытворчасцяў. На гэтай базе будуць асвоены новыя сучасныя тэхналогіі, забяспечаны выпуск новай, запатрабаванай рынкам, канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Зараз калектывы, якія ўваходзяць у холдынг (а гэта ААТ «ММЗ імя С.І.Вавілава — кіруючая кампанія холдынга «БелОМА», ААТ «Зеніт-БелОМА» ў г. Вілейка, ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар», ААТ «Жлобінскі завод «Свет», той жа НТЦ «ЛЭМТ» БелОМА), прыступілі да рэалізацыі праграмы.

— Важна адзначыць, што калі раней прадпрыемствы холдынга спецыялізаваліся на выключна аптычных вырабах, то падчас канверсіі (калі хтосьці яшчэ памятае, што гэта такое) і з развіццём рынкавых адносін у вытворчасці асвоены шэраг новых кірункаў, якія забяспечылі прадпрыемствам стабільнае эканамічнае становішча пры ваганнях кан'юнктуры рынку, — расказвае галоўны інжынер Дзмітрый Міхальцоў. — Пры гэтым аптычныя вырабы ўсё роўна застаюцца для нас галоўнымі. З гэтай прычыны мадэрнізацыя, галоўным чынам, таксама звязана з развіццём новых пакаленняў аптычных і оптыка-электронных прыбораў, а яшчэ тэхналогій для іх вытворчасці. Прычым размова ідзе аб стварэнні тэхналогій і канструкцый сусветнага ўзроўню, якіх у Беларусі не было ніколі. Ды і ў Расіі таксама ёсць далёка не ўсё. Згодна з распрацаванай інвестыцыйнай праграмай па выніках тэндараў будуць ажыццёўлены закупкі самага сучаснага абсталявання вядучых сусветных вытворцаў, якое стане асновай новай магутнай вытворчасці.

Адзначым, што ў рамках комплекснай праграмы мадэрнізацыі прадпрыемствамі холдынга рэалізуецца адразу некалькі буйных інвестыцыйных праектаў (усяго сем). Агульны аб'ём інвестыцый у асноўны капітал у 2013-2015 гадах з улікам дзяржаўнай падтрымкі складзе па холдынгу 295,5 мільярда рублёў. Плануецца, што аб'ём вытворчасці ў фактычных цэнах у 2015 годзе ў адносінах да 2012-га ўзрасце ў 1,9 раза. А доля экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці складзе 50 працэнтаў.

1387610912813_2

Праект нумар адзін

Цікавы сам пералік важнейшых інвестыцыйных праектаў. Назавём усяго некалькі.

З улікам важнасці ўзроўню оптыкі ў шэрагу кампанентаў оптыка-электронных прыбораў у мэтах пашырэння наменклатуры аптычнай прадукцыі, нарошчвання яе долі ў аб'ёмах вытворчасці і скарачэння імпарту дарагіх камплектуючых (спецаб'ектываў, у прыватнасці) развіццё аптычнай вытворчасці вылучана ў індывідуальны інавацыйны праект. Называецца ён так: «Стварэнне вытворчасці оптаэлектроннай тэхнікі на базе цеплавізійных, лазерных сістэм, з выкарыстаннем электронна-аптычных пераўтваральнікаў і высокадакладных аптычных кампанентаў».

Як гаворыцца, важна было пацягнуць за «нітачку». У працэсе вырабу прадукцыі аптычнага профілю задзейнічаны цэлы комплекс спецыялізаваных вытворчасцяў: ліцейная, механаапрацоўчая, аптычная, аддзелачная, зборачна-электрамантажная... Праграма прадугледжвае ахоп і гэтых вытворчасцяў, што забяспечваюць у комплексе канчатковы вынік: выпуск гатовай прадукцыі з больш высокімі тэхнічнымі і эксплуатацыйнымі характарыстыкамі.

Скажам, важнымі паказчыкамі, якія характарызуюць прадукцыю аптычнага профілю, з'яўляюцца мінімальная вага, герметычнасць і таварны выгляд, чым і тлумачацца асаблівыя патрабаванні да карпусных дэталяў, што вырабляюцца метадам ліцця пад ціскам. Задача працэсу — атрыманне танкасценнай герметычнай дэталі з высокай якасцю паверхні, якая забяспечвае магчымасць наступнай аддзелкі без дадатковых аперацый даводкі, з выкарыстаннем механаапрацоўчага абсталявання. Адсюль зразумела, што клопат аб набыцці сучасных машын ліцця пад ціскам і дзвюх печаў індукцыйнага нагрэву быў своечасовым. Укараненне гэтага сучаснага ліцейнага абсталявання, акрамя забеспячэння патрэбных аб'ёмаў вытворчасці, павышае прадукцыйнасць працэсаў плаўкі, ліцця за кошт павелічэння працэнта выхаду прыгодных, зніжае энергазатраты. На чарзе — набыццё і ўкараненне ўстаноўкі па апрацоўцы паверхні шклянымі шарыкамі перад нанясеннем лакафарбавага або палімернага пакрыцця.

Побач у праграме — не менш важныя для народнай гаспадаркі «канверсійныя» пункты: «Распрацоўка і асваенне ў вытворчасці новых імпартазамяшчальных экспартаарыентаваных пнеўмаапаратаў тармазнога прываду велікагрузных аўтамабіляў, якія не маюць аналагаў у СНД», і «Стварэнне спецыялізаванай вытворчасці вузлоў тармазных сістэм для велікагрузных аўтамабіляў марак МАЗ, КАМАЗ, УралАЗ».

1387610915836_3

Пнеўмаапараты і іншыя вузлы тармазных сістэм распрацоўваюцца ў адпаведнасці з зацверджанай праграмай імпартазамяшчэння па тэхнічных заданнях, якія прадастаўлены ААТ «МАЗ» і ААТ «КАМАЗ». Пры гэтым вырабы павінны цалкам адпавядаць сучасным патрабаванням бяспекі аўтатранспартных сродкаў (правілам Адзінай Эканамічнай Камісіі (ЕЭК) ААН № 13, тэхнічным рэгламентам і нарматыўным прававым актам іншых краін). Стварэнне і асваенне ў вытворчасці гэтых вырабаў разам з задавальненнем патрэб унутранага рынку дасць магчымасць таксама замацавацца на рынку краін СНД.

Безумоўна, не ўсё так проста. Развіццё названага кірунку патрабуе комплекснай рэканструкцыі шэрагу спецыялізаваных вытворчасцяў (штамповачнай, гальванічнай, інструментальнай, механазборачнай вытворчасці высокадакладных дэталяў.) Мадэрнізацыя вышэйзгаданых вытворчасцяў прадугледжваецца бізнес-планамі праектаў.

У выніку работы, якая праводзіцца, прадпрыемствы холдынга плануюць значна павялічыць наменклатуру і аб'ёмы вытворчасці навукаёмістых вырабаў з высокімі спажывецкімі якасцямі.

1387610917773_4

«Такіх кампаній на тэрыторыі былога Савецкага Саюза няма»

Журналісты «Звязды» пабывалі на выставе прадукцыі холдынга і бачылі яе шырокую гаму — оптыка, лазерныя сістэмы, інфрачырвоныя прыборы назірання і многае іншае. Акрамя таго, развіваюцца і іншыя кірункі вытворчасці: бытавыя лічыльнікі газу, электрасушылкі, электрасокавыціскалкі-шынкоўкі, абагравальнікі, святлотэхнічная прадукцыя, у тым ліку і з выкарыстаннем святлодыёдаў.

— Прадукцыю пастаўляем у 30 краін свету, — паведаміў камерцыйны дырэктар Уладзімір Кіскін. — У краіны СНД, на Блізкі Усход і ў Паўднёва-Усходнюю Азію, у ЗША і Лацінскую Амерыку. Наша прадукцыя канкурэнтаздольная на сусветных рынках. Пастаўкі ажыццяўляюцца ў асноўным у выніку выйгрышу тэндараў, якія праводзяцца ў розных краінах.

Важна, што на прадпрыемствах холдынга захаваны ўмовы для масавай вытворчасці. Мы можам выпускаць дзясяткі, а то і сотні тысяч адзінак аптычнай прадукцыі ў год. Такіх кампаній на тэрыторыі былога Савецкага Саюза няма. Выпускаем усе вядомыя ў свеце тыпы аптычных вырабаў для лёгкага стралковага ўзбраення. Пры гэтым мы з'яўляемся адной з нямногіх фірмаў у свеце, якія маюць такі набор прадукцыі.

Адным з важных элементаў у прасоўванні прадукцыі на рынках з'яўляецца ўдзел у выставах. Да прыкладу, у гэтым годзе наш стэнд на міжнароднай выставе «Айдэкс» (ААЭ, горад Абу-Дабі) па насычанасці быў адным з найбольш прадстаўнічых. Яго наведалі кіраўнікі многіх краін, у тым ліку прадстаўнікі кіруючых дынастый Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Арабскіх Эміратаў, і іншыя дэлегацыі. Мы задаволены вынікамі працы выставы і нашага стэнда на ёй. Многія дамоўленасці, дасягнутыя на выставе, зараз ператвараюцца ў кантракты. Некалькі кантрактаў на вялікія сумы мы ўжо заключылі.

Лічым, што мадэрнізацыя з'яўляецца важнай умовай забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі прадпрыемстваў холдынга. Як і любыя іншыя намаганні, накіраваныя на ўдасканаленне вытворчасці, гэта ўмацоўвае пазіцыі «БелОМА» на знешніх рынках.

1387610920526_5

Прадукцыйнасць працы вырасла ўтрая

Крыху вышэй мы сказалі, што ў працэсе вырабу прадукцыі аптычнага профілю задзейнічаны цэлы комплекс спецыялізаваных вытворчасцяў. Нас запрасілі ў цэх механаапрацоўкі № 5.

— Мадэрнізацыя 5-га цэха пачалася ў 2000 годзе, калі ўсталявалі першы нямецкі апрацоўчы цэнтр, — гаворыць намеснік начальніка цэха Ігар Лойка. Разам з намеснікам галоўнага тэхнолага Станіславам Глякавым ён знаёміць нас з працай аднаго з падраздзяленняў цэха — высокатэхналагічнай вытворчасцю па апрацоўцы шырокай наменклатуры карпусных дэталяў павышанай і высокай дакладнасці аптычных і оптыка-электронных прыбораў. Гэтая цалкам сучасная вытворчасць з'явілася менавіта дзякуючы паэтапнай рэканструкцыі ўчастка апрацоўчых цэнтраў старога пакалення. Паступова тут былі ўстаноўлены 15 суперсучасных апрацоўчых цэнтраў новага пакалення.

Пакажам перавагі новага абсталявання ўсяго на адным прыкладзе. Унікальнасць універсальна-фрэзернага апрацоўчага цэнтра мадэлі DMU — 60Р заключаецца ў тым, што разам з высокай дакладнасцю (8 мкм пры рабоце адначасова па 5 каардынатах) пры апрацоўцы дэталі шпіндаль станка можа займаць як гарызантальнае, так і вертыкальнае становішча (у тым ліку розныя прамежкавыя становішчы, а таксама можа праводзіцца бесперапыннае фрэзераванне па 5 каардынатах адначасова), што неабходна пры вырабе асноўных базавых карпусных дэталяў аптычных і оптыка-электронных вырабаў.

Тэхналагічныя магчымасці і дакладнасць апрацоўчых цэнтраў новага пакалення дазволілі выключыць працаёмкія даробчыя каардынатна-расточныя аперацыі. Акрамя таго, апрацоўка дэталяў за адну ўстаноўку з 4-х, 5-і бакоў значна скараціла колькасць спецыяльнай аснасткі.

Высокатэхналагічная вытворчасць працуе ў тры змены. Кантроль якасці вытворчасці дэталяў ажыццяўляецца на спецыяльна выдзеленым і належным чынам абсталяваным участку каардынатных вымярэнняў — перш за ўсё з дапамогай каардынатна-вымяральнай машыны новага пакалення мадэлі СОNTURА-G2 знакамітай фірмы «Карл Цэйс» з актыўнай сканіруючай галоўкай і магазінам вымяральных шчупаў.

— Без такога абсталявання мы не змаглі б упэўнена прысутнічаць з нашай прадукцыяй на рынках, — лічыць Ігар Лойка. — Яно дало магчымасць не толькі павысіць дакладнасць і якасць дэталяў, але і прадукцыйнасць працы (у 2,5-3 разы), і ў 5-6 разоў знізіць спажыванне электраэнергіі. Акрамя таго, значна палепшылася культура вытворчасці.

1387610923493_6

«Прынцып карабейніка» ў дзеянні

Адзін з адрасоў пастаяннай і паспяховай мадэрнізацыі ў холдынгу — яго навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ». Праводзіцца яна тут на строга навуковай аснове, што само па сабе з'яўляецца перадумовай поспеху.

Пра тое, што за апошні час з'явілася новага, просім расказаць дырэктара цэнтра Аляксея Пятровіча Шкадарэвіча.

— Перш за ўсё распрацаваны новыя кірункі ў тэхніцы. Праведзены іх маркетынг, і цяпер гэтыя вырабы ўдзельнічаюць у тэндарах, а мы паспяхова прасоўваем іх на сусветных рынках. У першую чаргу можна казаць пра цеплавізійную тэхніку, якая раней адсутнічала ў нашай наменклатуры. Другі новы кірунак — аптычныя прыборы для комплексаў супрацьпаветранай абароны. І трэці — так званыя «інтэлектуальныя прыцэлы». Яны дазваляюць значна паменшыць, а то і выключыць чалавечы фактар. Самі выконваюць усю работу па ўліку балістык і іншых паправак, нават тэмпературы паветра, напрамку і хуткасці ветру.

Пачалі развіваць яшчэ адзін новы кірунак — оптыку для беспілотных лятальных апаратаў, стварылі спецыяльную лабараторыю. Як, дарэчы, і лабараторыю па кантролі электронна-аптычных пераўтваральнікаў для прыбораў начнога бачання.

Асвойваем новыя рынкі, і не без поспеху. Апошнія два гады праводзілася вялікая праца па выхадзе на рынкі Саудаўскай Аравіі, пачалі асвойваць рынак Іарданіі, з'явіліся першыя кантракты. Працуем з многімі расійскімі фірмамі, і яны з гатоўнасцю з намі супрацоўнічаюць. Хоць рынкі — заўсёды справа не простая. З 1997 года мы з'яўляемся пастаўшчыкамі аптычных прыцэлаў для арміі Швецыі. Нашы вырабы выйгралі тэндар, і мы сталі першай кампаніяй на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, якая зрабіла такі прарыў. Усё гэта адбылося пасля таго, як нашы магчымасці былі ацэнены шведскімі спецыялістамі: і наша інфраструктура, і наш чалавечы патэнцыял.

Удзельнічалі ў тэндары і на гэты год. Але па надуманай прычыне буйны заказ на гэты раз аддалі іншаму вытворцу. Мы можам толькі здагадвацца, што такім чынам беларусам «адгукнуліся» плюшавыя мішкі. Хоць наш праект быў больш танным.

Былі ганаровыя і выгадныя для нас заказы на пастаўку прадукцыі грамадзянскага прызначэння ў ЗША. Вялікую колькасць оптыкі, таксама грамадзянскага прызначэння, пастаўлялі ў Еўропу. Па меры нашага «сталення» і росту кваліфікацыі з'яўляюцца больш складаныя вырабы. За апошнія чатыры гады мы выйшлі на больш высокі ўзровень тэхналогій, развіваем іх і паспяхова канкурыруем на сусветных рынках. Сваёй задачай лічым своечасовы пераход з 5-га тэхналагічнага ўкладу і ўстойлівае замацаванне ў 6-м тэхналагічным укладзе. Калі пяты абапіраўся на дасягненні ў галіне мікраэлектронікі, інфарматыкі, новых відаў энергіі і матэрыялаў, асваення касмічнай прасторы, спадарожнікавай сувязі і інш., то ядро шостага тэхналагічнага ўкладу, згодна з прагнозам расійскага эканаміста Сяргея Глазьева, аднаго з аўтараў гэтага навуковага тэрміна, — нанаэлектроніка, малекулярная і нанафатоніка, нанаматэрыялы і нанаструктураваныя пакрыцці, нанасістэмная тэхніка. Гэта дыктуе свае і тэхналагічныя, і вытворчыя, і «рынкавыя» задачы.

1387610926744_7

Калі казаць аб нашай пазіцыі на рынках, то наш прынцыповы падыход такі — максімальнае задавальненне патрабаванняў заказчыка. Ёсць спецыфікацыя — вельмі дакладна выконваем кожны яе пункт, нават калі ён здаецца невыканальным. Праца на сусветных рынках, дзе вельмі жорсткая канкурэнцыя, патрабуе ад нас забяспечваць высокія тэхнічныя характарыстыкі. Ніхто не возьме прадукцыю, нават выгадную па цане, калі яна не будзе адпавядаць належнаму тэхнічнаму ўзроўню.

— Ці атрымліваецца істотна пашыраць наменклатуру вырабаў?

— Пытанне правільнае. Адным з нашых моцных бакоў як вытворцы і з'яўляецца шырокая наменклатура вырабаў. А «прынцып карабейніка» дыктуе: чым больш на прылаўку раскладзена тавараў, тым большая верагоднасць, што нешта купяць.

Спецыфіка накірунку такая, што ўсе апошнія гады наша і аднатыпная прадукцыя не была вельмі дарагою на рынках, і, каб зрабіць яе больш прыбытковай, спатрэбіліся буйнасерыйныя заказы. Буйная серыя — гэта заўсёды добра, але яна потым закрывае рынак канкрэтнай краіны для цябе на некалькі гадоў. Ты задаволіў патрэбы заказчыка — і пакуль яму гэты тып аптычных прыбораў больш не патрэбны. Таму пастаянна шукаем новыя рынкі, прапануем новую прадукцыю. Прычым яна выдатна «кладзецца» на інфраструктуру Рэспублікі Беларусь, бо мае невялікую энергаёмістасць і металаёмістасць, затое высокі складнік інтэлектуальнай працы. Яе наменклатура ўвесь час пашыраецца, з'яўляюцца новыя ідэі, а ўслед — і новыя прыборы. Паляпшаецца якасць прадукцыі, адначасова пашыраецца сэрвіс для яе пакупнікоў — адкрываем новыя сэрвісныя цэнтры на тэрыторыі спажыўцоў. Ва ўсім гэтым бачым перадумовы канкурэнтаздольнасці.

Мы з'яўляемся буйным канструктарскім, навуковым падраздзяленнем буйнога холдынга, і ад нас чакаюць забеспячэння заводаў аб'яднання камерцыйна выгаднымі заказамі. Наш уклад у агульную скарбонку і заключаецца ў тым, што мы такія заказы прыносім і разам з заводамі аб'яднання іх рэалізуем.

Што тычыцца мадэрнізацыі — як «ЛЭМТ», так і холдынга ў цэлым, то трэба яшчэ раз падкрэсліць, што холдынг — гэта шматпрофільнае прадпрыемства з рознымі кірункамі дзейнасці. Кірунак, за які адказваем мы, оптыка, уваходзіць у рэспубліцы ў лік важнейшых напрамкаў развіцця прамысловасці. Пры гэтым без новых тэхналогій не абысціся, чым мы, уласна кажучы, і займаемся.

Калі казаць пра саму мадэрнізацыю, то можна заўважыць, што ў нас вылучыліся як бы тры яе блокі, тры «кіты». Па-першае, новае высокапрадукцыйнае абсталяванне для механаапрацоўкі, якое дасць магчымасць апрацоўваць дэталь на станку не за гадзіну, умоўна кажучы, а за 20 хвілін (прычым спажыванне электраэнергіі — усяго 3 кВт/г замест 10). Другі блок, або кірунак, — інфрачырвоная оптыка, у тым ліку і асферычная. Гэта ўвогуле новая найскладанейшая тэма. Гэта тое, што наша моладзь называе апошнім піскам навуковай моды. Усяго некалькі краін маюць такую прадукцыю, а хутка будзем мець яе і мы. І трэці — лазерная оптыка. Яна ў нас была, але змянілася складанасць вырабаў, а значыць, з'явіліся павышаныя патрабаванні да тэхналогій.

А калі па вялікім рахунку, то прынцып любой мадэрнізацыі, нават яе стратэгія ў тым, каб прадбачыць зменлівы попыт спажыўцоў прадукцыі і своечасова адпавядаць яму. Быць тэхнічна і тэхналагічна гатовым да чарговага рыўка.

— Вы ўвесь час падкрэсліваеце, што адна з мэт мадэрнізацыі — стварэнне новых вытворчасцяў...

— Другая частка нашай Комплекснай праграмы так і фармулюецца — стварэнне новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў на 2013-2015 гады. Наогул, у нашай мадэрнізацыі некалькі задач. У тым ліку і пашырэнне наменклатуры аптычнай і іншай высокатэхналагічнай прадукцыі шляхам павелічэння долі вырабаў з высокім дабаўленым коштам, сур'ёзным складнікам высокаінтэлектуальнай працы.

Што тычыцца новых вытворчасцяў, то арганізуем у сябе новыя вытворчыя падраздзяленні. Па-першае, участак вырабу асферычнай інфрачырвонай оптыкі (пра што я ўжо ўзгадваў) з нанясеннем алмазападобных пакрыццяў на аптычныя паверхні лінзаў з германію. На іх аснове будуць створаны новыя аб'ектывы і цеплавізійныя прыборы. Мы ствараем у холдынгу ўчастак па вытворчасці аптычных дэталяў 1-га класа чысціні для новага пакалення лазерных прыбораў. Плюс участак зборкі цеплавізійнай тэхнікі, які асобным радком запісаны ў праграму мадэрнізацыі.

Некаторыя віды прадукцыі нам імкнуцца не прадаваць (такім чынам аказваецца ціск на краіну), таму будзем выпускаць самі. Тым самым павысім і ступень лакалізацыі. Павышэнне ступені лакалізацыі вырабаў, што выпускаюцца, калі большая частка іх ці камплектуючых для іх вырабляецца ў Беларусі, забяспечвае занятасць нашых, а не чужых рабочых.

Зараз сальда выглядае такім чынам: на цеплавізійнай тэхніцы на адзін вывезены долар увозім паўтара долара. На іншай тэхніцы перавышэнне большае. І калі на сваіх вытворчасцях увядзём новае абсталяванне, якое запланавалі пад ўстаноўку згодна з інвестыцыйнай праграмай, то будзем увозіць у краіну ў тры разы больш долараў, чым вывозіць.

Публікацыю падрыхтавалі Уладзімір Хількевіч,
Алена Даўжанок і Яўген Пясецкі (фота).

УНП 100185185

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».