Вы тут

Пётр Пракаповіч: «Неабходна, каб экспарт перавысіў імпарт»


У наступным годзе будзе рабіцца стаўка на комплексную мадэрнізацыю, мэта якой — павелічэнне канкурэнтаздольнасці тавараў і, як вынік, рост экспартных паказчыкаў. Пра гэта заявіў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Пётр ПРАКАПОВІЧ, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі.

Ад канкурэнцыі да супрацоўніцтва

У дакладзе «Эканоміка рэспублікі ў сучасных умовах. Выклікі і вектары развіцця» віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што адным з галоўных фактараў, які значна ўплывае на развіццё эканомікі краіны, з'яўляецца стварэнне Мытнага Саюза. Сёння ідзе праца па арганізацыі Адзінай эканамічнай прасторы. «Ад эканомікі маленькай мы паступова выходзім на эканоміку, якая кантралюе шостую частку сушы і валодае ўсімі неабходнымі рэсурсамі», — заявіў Пётр Пракаповіч.

Адным з першых вынікаў функцыянавання Мытнага саюза для Беларусі стала значнае зніжэнне плацяжоў за нафтапрадукты. Цяпер гэта дазваляе эканоміць штогод 4 мільярды долараў.

Асабліва падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра той факт, што Беларусь адмовілася ад састарэлай практыкі канкурыравання з Расіяй і Казахстанам: «Сёння мы адзіная каманда, і гэта дазволіць заваяваць трывалае месца на рынках як у самім Мытным Саюзе, так і за яго межамі».

Напрыклад, Мытны саюз экспартуе за год 250-300 мільёнаў тон нафты, а затым імпартуе прадукты з перапрацаванай нафтавай сыравіны, якія каштуюць ужо ў 10 разоў даражэй. Страты эканомікі відавочныя, таму стаіць мэта павялічыць аб'ёмы нафтаперапрацоўкі на сваёй тэрыторыі. Віцэ-прэм'ер лічыць, што ў першую чаргу гэта тычыцца беларускіх прадпрыемстваў такога напрамку.

Знайсці баланс

 

Сярод найбольш вострых праблем беларускай эканомікі намеснік прэм'ер-міністра назваў тое, што на працягу ўсяго перыяду незалежнасці краіна не можа збалансаваць знешнеэканамічную дзейнасць: купляем больш, чым прадаём. «Гэта самая вызначальная праблема. Калі мы не вырашым яе, то будзем і далей адчуваць негатыўныя эканамічныя праблемы ўнутры краіны, — падкрэсліў Пётр Пракаповіч. — Гэтая праблема ўзмацняецца ростам канкурэнтаздольнасці ва ўсім свеце. Так, мы былі вымушаны знізіць экспарт прадукцыі па машынабудаўніцтве, напрыклад, у Расію, бо наша цана, якасць і сэрвіс саступаюць канкурэнтам — кампаніям з Еўрапейскага саюза і ЗША».

Адной з асноўных прычын, чаму так доўга не атрымліваецца вырашыць экспартна-імпартную праблему, з'яўляецца гістарычны фактар. У часы Савецкага Саюза Беларусь была своеасаблівым «зборачным цэхам». Тады нашы прадпрыемствы працавалі на гатовай сыравіне, плаціць за яе не прыходзілася. Сёння ж мы залежым ад закупкі. «Неабходна, каб экспарт хаця б на 5-7%, а лепш — на 10, перавысіў імпарт прадукцыі», — заявіў Пракаповіч.

Дабрабыт — праз мадэрнізацыю

Галоўны інструмент, які дапаможа змяніць сённяшнюю сітуацыю з экспартам-імпартам з выгадай для Беларусі, — комплексная мадэрнізацыя ўсёй эканомікі, кожнага прадпрыемства краіны, дзе ёсць дзяржаўны капітал — такіх, дарэчы, 2820. «Мы і раней яе праводзілі, але не на ўсіх вытворчасцях. Цяпер мадэрнізацыя будзе тычыцца ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў», — акцэнтаваў увагу Пётр Пракаповіч.

Пра станоўчыя вынікі мадэрнізацыі можна казаць датычна да 40% прадпрыемстваў. На астатнія 60% яна яшчэ «не дайшла», або, нягледзячы на прынятыя захады, гэтыя вытворчасці значна адстаюць. Як падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра, задача 2014 года — пераадолець такое адставанне.

«Трэба разумець, што комплексная мадэрнізацыя мае пад сабой не толькі новае абсталяванне і тэхналогіі, але і ўкараненне самых дасканалых сістэм кіравання эканомікай на прадпрыемствах», — тлумачыць Пётр Пракаповіч.

Пётр Пракаповіч курыруе ва ўрадзе малыя і сярэднія прадпрыемствы Беларусі, а таксама свабодныя эканамічныя зоны. Сёння ў краіне працуе 110 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, вялікія перспектывы ёсць у тых фірмаў, дзейнасць якіх звязана з аграпрамысловай сферай і лесам — гэта значыць тых, якія працуюць на ўласнай сыравіне.

Што да дзейнасці свабодных эканамічных зон, то сёння яны вырабляюць 11 % усёй прамысловай прадукцыі. Іх тавары займаюць 12% ад усяго беларускага экспарту. «Важны рэзерв для развіцця свабодных эканамічных зон — пачатак рэальнай працы па будаўніцтве Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка. У перспектывах ён будзе даваць больш прыбытку, чым усе эканамічныя зоны, разам узятыя», — заявіў Пракаповіч.

Яшчэ адзін перспектыўны праект — стварэнне на тэрыторыі «Мінск-Сіці» міжнароднага фінансавага цэнтра. Намеснік прэм'ер-міністра ўпэўнены, што калі такі праект будзе зацверджаны і рэалізаваны, то ён прынясе нават больш прыбытку, чым беларуска-кітайскі індустрыяльны парк.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».