Вы тут

Кніжны Мінск, альбо Што можа ператварыць сталіцу Беларусі ў сталіцу свету?


Горад Мінск можа быць вылучаны на званне кніжнай сталіцы свету 2017 года. Кім і як? Вось гэта, бадай, самае цікавае. Па-першае, заяўка можа зыходзіць ад самой краіны. Па-другое, яна павінна быць абгрунтавана і змяшчаць шэраг арыгінальных прапаноў па правядзенні акцыі, у якой задзейнічана ўся краіна, хоць і вылучаецца канкрэтны горад.

1387611069986_21-13

Кніжную сталіцу свету выбіраюць з шэрагу прапаноў, дзеля чаго пад эгідай ЮНЕСКА ствараецца аргкамітэт. У склад яго ўваходзяць эксперты, сярод якіх прадстаўнікі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў, Міжнароднай федэрацыі кнігагандляроў, Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый. Выбар, відаць, даецца няпроста: напрыклад, на званне кніжнай сталіцы свету на 2014 год намінаваўся блізкі нам Вільнюс, але ўступіў. Таксама не прайшла ў свой час і заяўка Масквы. Чым жа можа «ўзяць» сталіца нашай дзяржавы? І што для гэтага трэба зрабіць?

Гісторыя

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці, вылучае слушны аргумент:

— Беларусы — народ кніжны. Нездарма найбольш вядомымі яркімі асобамі ў нашай культуры былі людзі, звязаныя з кнігамі: кнігавыдаўцы, пісьменнікі, даследчыкі альбо людзі іншых прафесій, так ці інакш увекавечаныя ў кнізе. Калі мы прыгадаем нашу мінуўшчыну, то найперш згадваюцца імёны Францішка Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Льва Сапегі — усе гэтыя асобы так ці інакш былі звязаны з кнігай. Мы знаходзімся напярэдадні важнага юбілею — 500-годзя беларускага кнігадрукавання. І ўсё часцей пачынаем задумвацца пра ролю кнігі ў нашым жыцці і ў станаўленні і развіцці айчыннай культуры, якая падтрымлівае кніжны кірунак і цяпер: адно за адным выходзяць факсімільныя выданні, з'яўляюцца цудоўныя альбомы, беларускія сучасныя выданні заваёўваюць шматлікія прэміі, прызы на міжнародных конкурсах. Таму ўзнікла ідэя прыняць удзел у акцыі «Кніжная сталіца свету 2017 года» ў той час, калі наша краіна будзе адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і кнігадрукавання ўсходнеславянскага. І можна зрабіць гэта на міжнародным узроўні.

Аргумент сур'ёзны. І яго ўзялі да ўвагі 2 гады таму, калі на званне кніжнай сталіцы свету быў вылучаны Ерэван. Тады армяне прадэманстравалі, якім чынам кніга можа паказаць узровень развіцця культуры народа. Аднак дата — толькі нагода, каб намініравацца на высокі статус ЮНЕСКА. Гістарычны фактар можа адыграць сваю ролю, але асноўны крытэрый пры падрыхтоўцы адпаведных дасье — наяўнасць праграм развіцця чытання ў асяроддзі розных груп грамадства і наогул развіцця кніжнай культуры.

Ідэя

— Мне давялося быць у складзе беларускай дэлегацыі ў час святкаванняў з нагоды надання статуса сусветнай кніжнай сталіцы Ерэвану, — узгадвае Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры. — Тады гэтая падзея стала нацыянальным святам для ўсёй Арменіі. Яно аб'яднала армян ва ўсім свеце: прадстаўнікі дыяспары вельмі актыўна ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта. Яны дапамаглі арганізаваць шэраг мерапрыемстваў у многіх краінах свету — у прыватнасці, выставы рукапісных кніг, старадрукаў і армянскага мастацтва ў Еўропе і Амерыцы. Было адчуванне агульнага свята, якое ўмацавала пачуццё нацыянальнай годнасці. Гэта звышмэта, якая, на мой погляд, і павінна ставіцца пры рэалізацыі вышэйназванага праекта. У нас шмат прадпасылак для таго, каб паспрабаваць атрымаць гэты статус. Але для гэтага трэба рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, якія будуць улічвацца пры прыняцці рашэння. Яны могуць быць паспяхова рэалізаваныя толькі пры цесным супрацоўніцтве дзяржаўных органаў, устаноў і з удзелам шырокіх колаў грамадскасці. Таму што асноўная ідэя праекта «Кніжная сталіца свету» — папулярызацыя чытання. Гэтая праблема мае цяпер глабальны характар.

Горад

Натуральна, калі гаворка пра самы «кніжны горад» у гісторыі Беларусі, то тут ёсць варыянты. Пра іх нагадвае пісьменнік Навум Гальпяровіч:

— Шмат нашых асветнікаў выйшла з Полацка. Гэты горад як культурны цэнтр належыць не толькі палачанам, але ўсім жыхарам краіны. Але Мінск — сталіца Беларусі, адкуль фарміруецца імідж краіны, якая любіць і выдае кнігі. Таму цэнтр акцыі «Кніжная сталіца свету», калі прэтэндуем на гэтае званне, павінен быць у Мінску. Дзеля таго, каб гэта адбылося, каб мы ў свеце заявілі пра сябе як пра нацыю, якая стварае і чытае кнігі, трэба гаварыць пра нашу краіну і культуру ў іншых краінах. Таму што нават мы самі толькі некалькі дзясяткаў гадоў таму сталі адкрываць некаторыя старонкі сваёй жа гісторыі, якія тычыліся жыцця нашых асветнікаў. Але беларуская культура для многіх краін была донарам вайсковых, навуковых, асветніцкіх кадраў. Скарына — выдатны дзеяч Адраджэння, які належыць не толькі беларусам, не толькі Полацку. Таксама не толькі «нашы» Мікола Гусоўскі і Сімяон Полацкі. Калі мы будзем падкрэсліваць гэтыя акалічнасці, то атрымаем дадатковыя доказы, чаму Мінск можа прэтэндаваць на высокае званне.

А вось якія аргументы ў Міхася Пазнякова, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Мінск з'яўляецца магутным цэнтрам кнігі. Тут працуюць многія творцы, якія пішуць не толькі на беларускай ці рускай мове, але і на іншых мовах (армянскай, персідскай, фарсі, літоўскай, польскай, украінскай, балгарскай). Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіць вялікую культурна-асветніцкую работу. За год гэта прыкладна больш як 2000 розных літаратурных мерапрыемстваў — у бібліятэках, музеях, школах, гімназіях, дзіцячых садках. Ствараюцца літаратурныя клубы, студыі, аб'яднанні. Праводзяцца літаратурныя конкурсы. Ладзяцца цікавыя акцыі — напрыклад «Падары кнігу дзецям», згодна з якой у школьныя бібліятэкі перададзена больш за 3000 экзэмпляраў кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Беларусь — краіна літаратараў, якія часта самі знаходзяць шлях да чытача. І таму немагчыма палічыць рэальную колькасць кніг, акцый, чытанняў, сустрэч, ды і саміх пісьменнікаў. З аднаго пункту гледжання, таксама аргумент на нашу карысць: нашы людзі гатовы шукаць патрэбныя кнігі самі.

Краіна дапамагае літаратарам па-свойму: правяла «Год кнігі», ладзіць штогод міжнародны кніжны кірмаш і нават праводзіць кніжныя балі. Дык хіба гэта як не ў кніжнай сталіцы?

Прасоўванне

Пры Міністэрстве культуры ўжо створана рабочая група, якая будзе працаваць над падрыхтоўкай дасье. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Старшыня групы — намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік.

— У жніўні адбылося пасяджэнне рабочай групы, — паведаміла Наталля Задзяркоўская, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. — Гэта глабальны праект, і мы разумеем, што часу застаецца не вельмі шмат: фактычна за год праца павінна быць зроблена. Згодна з правіламі падачы дакументаў, мы павінны накіраваць заяўку за 2 гады, апошні тэрмін — красавік 2015 года. Важна, каб наша заяўка адрознівалася ад шэрагу іншых. Таму на цяперашнім этапе ёсць мэта — сабраць прапановы ад больш зацікаўленых у гэтым праекце асоб, устаноў, арганізацый, прычым не толькі з Мінска, але і з усёй Беларусі. Таму што адзін з крытэрыяў адбору — ступень удзелу ў гэтым праекце рэгіёнаў.

— Дасье — базавы дакумент, які з'яўляецца асновай для атрымання статусу кніжнай сталіцы свету, — удакладняе Тадэвуш Стружэцкі. — Таму яго трэба фарміраваць не вузкім колам, а з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.

Зацікаўленыя бакі — гэта як усе нашы пісьменнікі, якія павінны знаходзіць паразуменне ў такія моманты, так і ўсе кнігавыдаўцы і чытачы. Ці не дзеля апошніх і варта ўсё гэта пачынаць?

Відавочна, што нам патрэбны ўдзел у гэтай акцыі. І кожны, хто ў ёй зацікаўлены, можа далучыцца са сваімі ідэямі і прапановамі, якія будуць разглядацца рабочай групай.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?