У вядучага інфармацыйнага агенцтва краіны юбілей. 95 гадоў запар Беларускае тэлеграфнае агенцтва фіксуе штодзённую гісторыю дзяржавы. За гэты час у архіве кампаніі сабраліся мільёны тэкставых матэрыялаў, тысячы фотакартак. Самыя ўнікальныя з іх можна пабачыць на выставе «Гісторыя Беларусі ў фотаздымках фотакарэспандэнтаў БелТА».
Амаль цэлае стагоддзе журналісты і фотакарэспандэнты галоўнага айчыннага інфармацыйнага агенцтва становяцца сведкамі важных падзей у краіне. Пасяджэнні ўрада, парламента, нацыянальныя святы, народныя гулянні, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы — усё гэта нязменна фіксуецца супрацоўнікамі БелТА і захоўваецца ў архівах агенцтва: раней — стосамі фотакартак на паліцах, цяпер — гігабайтамі электроннай інфармацыі на камп'ютарных сэрверах. Кожны з іх — унікальная старонка з кнігі пра беларусаў.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў перадаў віншаванні супрацоўнікам агенцтва ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, выказаў асабістыя ўражанні пра карысную працу журналістаў і фотакарэспандэнтаў кампаніі.
— Ад працы БелТА сёння залежыць вельмі многае, — упэўнены Алег Праляскоўскі, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які ведае дзейнасць агенцтва знутры: у пачатку 2000-х ён з'яўляўся яго генеральным дырэктарам. — Адна з галоўных функцый агенцтва — інфармаванне абласных і раённых СМІ, данясенне да іх лаканічнай дакладнай інфармацыі.
Архівы БелТА — гэта ўнікальная беларуская гісторыя ў савецкія часы, жыццё народа ў перыяд перабудовы, кадры станаўлення Беларусі як суверэннай дзяржавы, адлюстраванне важных падзей сучаснай незалежнай краіны.
Любоў Бяляева. Фота аўтара.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.