Вы тут

ПАДАТКУ НА «ДАРМАЕДАЎ» НЕ БУДЗЕ. ПАКУЛЬ


Пра гэта заявіў учора падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА Уладзімір Амарын, першы намеснік міністра фінансаў. Акрамя гэтага, ён распавёў пра дзяржаўны доўг, кошт ЧС па хакеі, развіццё рынку каштоўных папер і іншае. «Звязда» друкуе найбольш цікавыя адказы чыноўніка.

ХОЧАШ ІЛЬГОТЫ? ПРАЦУЙ

Насельніцтва апошнім часам актыўна абмяркоўвала верагоднае збіранне платы з «дармаедаў». Ёсць два варыянты: падатак, а таксама збіранне платы ў сацыяльнай плоскасці. «На нашу думку, людзі, якія не ўдзельнічаюць у фарміраванні валавога ўнутранага прадукту, не аплочваюць падаходны падатак у бюджэт краі ны, а таксама адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны, хоць, нягледзячы на гэта, карыстаюцца льготамі па аказанні бясплатнай меддапамогі, на камунальныя паслугі і транспарт, атрымліваюць бясплатную адукацыю, павінны неяк кампенсаваць кошт гэтых паслуг альбо аплачваць іх, — сцвярджае Уладзімір Амарын. — Верагодней за ўсё, гэта будзе рабіцца з дапамогай сацыяльных картак. Пытанне іх увядзення цяпер толькі прапрацоўваецца. Дарэчы, ёсць вопыт еўрапейскіх краін, калі ўводзяцца так званыя сацыяльныя карткі і выкарыстоўваюцца пры атрыманні сацыяльных паслуг. На маю думку, было б справядліва, калі б людзі, якія не плацяць падаткі, адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны, набывалі такія карткі, каб, напрыклад, трапіць на прыём да ўрача. Пакуль жа ніякія рашэнні па ўвядзенні падатку на дармаедаў не прымаліся і ў бюджэце на 2014 год ён ніяк не адлюстраваны».

$3,2 МЛРД ПА ДЗЯРЖДОЎГУ НАЛЕТА

«Вынік ацэнкі Сусветным банкам патрэбы эканомікі Беларусі ў знешнім фінансаванні — 8 млрд долараў. Пакрываць гэтую патрэбу толькі за кошт дзяржаўных запазычанняў у прынцыпе немагчыма. А што тычыцца плацяжоў па знешнім дзяржаўным доўгу, то налета яны складуць 3,2 млрд долараў, — заявіў Уладзімір Амарын. — Для гэтага мы плануем прыцягваць як знешнія, так і ўнутраныя пазыкі ў замежнай валюце. У прыватнасці, на знешнім рынку збіраемся прыцягнуць каля 800 млн за кошт чарговага выпуску еўрааблігацый. Як вядома, першы такі выпуск быў ажыццёўлены ў 2010 годзе, другі — у 2011-м. У цэлым атрымалася прыцягнуць 1,8 млрд долараў. Мы прагназуем, што зможам выйсці на рынак альбо ў канцы першага паўгоддзя 2014 года, дзесьці ў маі, альбо ў другім паўгоддзі — у верасні-кастрычніку. Арганізатарамі выпуску еўрабондаў будуць «Ашчадны банк Расіі» і Банк ВТБ. Стаўка па еўрааблігацыях будзе сучасным трэндам: так, даходнасць па пяцігадовых еўрабондах складае 8,5%, па сямігадовых — 8,75%». Акрамя таго, Мінфін і надалей будзе прыцягваць на ўнутраным рынку сродкі фізічных і юрыдычных асоб, перш за ўсё банкаў. «Сёлета за кошт дзяржаўных валютных аблігацый мы атрымалі каля 900 млн долараў, з іх прыкладна 100 млн удалося прыцягнуць за кошт трох выпускаў аблігацый для фізічных асоб. 16 снежня мы ажыццявілі яшчэ тры выпускі дзяржаблігацый для фізічных асоб на агульную суму 50 млн долараў тэрмінам на 1 год пад 7% гадавых. Паводле нашых ацэнак, за першы тыдзень іх размяшчэнне сярод насельніцтва вядзецца даволі паспяхова (ужо на суму каля $ 10 млн). Я думаю, што ў першым паўгоддзі 2014-га мы будзем выходзіць яшчэ з адным выпускам аблігацый у замежнай валюце для фізічных асоб. У цэлым налета мы будзем ставіць перад сабой задачу па прыцягненні ад аблігацый для фізічных асоб 75-100 млн долараў». Чыноўнік таксама паведаміў пра тое, што працягваюцца перамовы з кітайскім бокам па прыцягненні крэдытных сродкаў на інвестыцыйныя мэты, у тым ліку для рэалізацыі імпартазамяшчальных і экспартаарыентаваных праектаў. «Многія з такіх праектаў ужо ажыццяўляюцца ў энергетыцы, дарожным будаўніцтве. Актыўна працягваецца праца з кітайскімі банкамі, перш за ўсё з Эксімбанкам Кітая, Банкам развіцця Кітая. У 2013 годзе мы ўключылі ў гэтую працу яшчэ адзін кітайскі банк, з якім пачынаем рэалізацыю аднаго з праектаў па фінансаванні аб'ектаў у энергетыцы».

КРЭДЫТ ДЛЯ АЭС

«Назіральны савет расійскага Знешэканамбанка 19 снежня прыняў рашэнне аб адкрыцці ўраду Беларусі крэдытнай лініі на суму да 500 млн долараў для фінансавання часткі авансавых плацяжоў па праекце будаўніцтва Беларускай АЭС. Мы доўга гэты крэдыт прапрацоўвалі, рашэнне прынята, і цяпер эксперты працуюць над умовамі і ў цэлым па крэдытным дагаворы. Прыкладна да канца студзеня — пачатку лютага мы зможам гэты крэдыт аформіць і пачаць яго засваенне», — лічыць Уладзімір Амарын.

КОЛЬКІ БУДЗЕ КАШТАВАЦЬ ЧС ПА ХАКЕІ?

Уладзімір Амарын не даў дакладнага адказу на гэтае пытанне: «На падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі, які будзе праходзіць у Мінску ў маі 2014 года, сродкі выдаткоўваліся з бюджэту горада. У першую чаргу яны накіроўваліся на тое, каб палепшыць дарожную інфраструктуру. Тут хацелася б звярнуць увагу, што пабудаваныя аб'екты застануцца для ўсіх жыхароў горада. Мы будзем карыстацца гэтымі дарогамі. Што тычыцца гасцініц, то яны ў асноўным будуюцца за кошт сродкаў інвестараў.

Таксама пабудаваны аб'екты ў студэнцкай вёсцы, якія будуць выкарыстоўвацца для размяшчэння гасцей чэмпіянату. Потым імі будуць карыстацца нашы студэнты. Пабудаванай «Чыжоўка-Арэнай» будуць карыстацца жыхары, там будуць адпачываць дзеці, трэніравацца спартсмены. Гэта толькі на карысць нашаму гораду. Як і пасля любога мерапрыемства падобнага кшталту, пасля чэмпіянату свету па хакеі застанецца шэраг спартыўных аб'ектаў, камфортных гасцініц, месцаў размяшчэння, якімі потым мы будзем яшчэ вельмі доўга карыстацца. Казаць пра лічбы цяпер вельмі складана, але мы спадзяёмся, што падчас правядзення чэмпіянату, паколькі павялічыцца прыток турыстаў, павялічыцца таваразварот, за кошт чаго будзе папаўняцца не толькі бюджэт горада, але і бюджэт краіны».

«ВЫПРАБАВАЛЬНЫ ТЭРМІН» ДЛЯ АКЦЫЙ

На думку чыноўніка, рэфармаванне рынку каштоўных папер ідзе планамерна і паслядоўна. «Распрацаваны праект закона «Аб рынку каштоўных папер». Ён унесены ў парламент і прайшоў разгляд адпаведнай камісіяй у Палаце прадстаўнікоў. Новы закон будзе прымацца ўзамен дзейных законаў «Аб рынку каштоўных папер» і «Аб дэпазітарнай дзейнасці». Мы таксама падрыхтавалі закон «Аб інвестыцыйных фондах», зараз ён знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе. Гэты дакумент вельмі важны для рынку каштоўных папер. Літаральна ў бліжэйшы час ён павінен быць падпісаны.

Адным з элементаў рэфармавання можна назваць праект указа «Аб выпуску і абарачэнні замежных дэпазітарных распісак». Гэты ўказ доўгі час разглядаўся, цяпер ён падрыхтаваны, і мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час ён будзе прыняты. Закон створыць прававую базу, аснову для таго, каб акцыі нашых акцыянерных таварыстваў маглі прадавацца на знешніх рынках з выкарыстаннем такога інструмента, як дэпазітарныя распіскі. Гэты інструмент больш даступны для знешніх інвестараў, больш зразумелы для іх, і таму мы спадзяёмся, што ён прынясе пэўныя вынікі. Перавагай гэтага спосабу стане размяшчэнне беларускіх каштоўных папер, акцый на пэўны тэрмін — 2 гады. Новы ўладальнік акцый беларускага прадпрыемства на працягу двух гадоў будзе ўдзельнічаць у кіраванні акцыянерным таварыствам, атрымліваць адпаведныя дывідэнды, а па заканчэнні гэтага часу зможа прыняць рашэнне аб канчатковым выкупе акцый альбо іх продажы».

Падрыхтаваў Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?