Вы тут

Кераміка як антыстрэс,


або акарына - інструмент офісных супрацоўнікаў

З дома майстра-кераміста Івана Дашкова і яго жонкі мы вярталіся шчаслівымі і заспакоенымі. Прычынай таму — мяккае, па-беларуску пяшчотнае гучанне народных інструментаў — свістулек, акарын, якое мы пачулі ў іх майстэрні, ды і самі паспрабавалі на іх зайграць. Здавалася, душа раскрывалася ў гэты час і, імкнучыся пераадолець будзённыя клопаты, залівалася стройнай песняй. Выпраменьвалі цеплыню і самі гаспадары, якія знайшлі ў народнай творчасці не толькі свае карані, але і спосаб зарабляць на жыццё ў сучасным прагматычным свеце. Яны здаваліся тымі шчасліўчыкамі, што змаглі саскочыць з рэек няспыннага часу і сталі займацца спакойнай ручной творчасцю.

Іван Дашкоў кажа, што выпадкова стаў керамістам. Ён збіраўся паступаць на акцёра, але зламаў нагу:  дэманстраваць «сцэнічны рух» стала немагчымым. Маці папрасіла яго пайсці вучыцца ва Універсітэт культуры — і ён, пагадзіўшыся, трапіў на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На трэцім курсе ажаніўся, на пятым ужо меў дзіця. Трэба было неяк зарабляць грошы на сям'ю. Былі для гэтага больш простыя шляхі, але малады майстар адразу адкінуў іх, бо не бачыў перспектывы. Ён сабраў грошы: штосьці прадаў, штосьці пазычыў — ды і набыў ганчарную печку, каб абпальваць у ёй свае вырабы. Упраўляцца з такім агрэгатам вучыўся метадам уласных спроб і памылак — па колеры вырабаў стаў вызначаць, ці гатовыя яны. Паступова засвоіў розныя ганчарныя тэхнікі. I цяпер Дашкоў узначальвае секцыю керамікі беларускага Саюза майстроў. Жонка Юля займаецца валеннем (дарэчы на аўтобусным прыпынку яны сустрэлі нас у яркіх, вясёлых шапках, зробленых з лямцу). Цяпер у вольныя ад мацярынскіх клопатаў часіны (Дашковы маюць ужо двух
сыноў) яна дапамагае мужу ляпіць свістулькі — штук па пяць на дзень, болей не атрымліваецца. Дарэчы, на курсы аўтамабільных кіроўцаў маладая пара таксама пайшла разам.

Керамика 2

Дзеці Дашковых, толькі прачнуўшыся ад абедзеннага сну, адразу пачынаюць свісцець і забягаюць у пакой з глінянымі цацкамі ў руках. Яны таксама любяць завітаць у майстэрню бацькі, штосьці паляпіць, пагуляцца з глінай. А ён паступова пачынае вучыць іх сваім сакрэтам...

Нядаўняя распрацоўка майстра — старажытны інструмент  акарына, зроблены на замову Універсітэта культуры для кафедры народных музычных інструментаў. Дарэчы, спасылаючыся на знаёмага арт-тэрапеўта, Іван адзначае, што акарына — гэта інструмент актуальны ў ХХІ стагоддзі. Офіснаму супрацоўніку падчас абедзеннага перапынку было б вельмі карысна не толькі выпіць кавы, але і хвілін 5-10 пайграць на акарыне. У яе вельмі глыбокае гучанне, якое супакойвае, усе праблемы і клопаты адыходзяць на другі план.

Керамика 3

Я паспрабавала зайграць на акарыне, паступова адкрываючы і заціскаючы дзірачкі. Гукі быццам забралі ў палон, у іншы, запаволены свет. Ад гэтага інструмента цяжка адарвацца, ён быццам вяртае цябе да вытокаў, да чагосьці сапраўднага і вельмі прыгожага. Іван Дашкоў адзначае:

— Шмат хто набывае акарыну як так званую «цацку рэлаксу для дарослага чалавека». Прыходзяць дарослыя людзі, нават пенсіянеры, яны бяруць інструмент — і ўжо праз дзве-тры хвіліны ў іх нешта выходзіць. Ад самога грання атрымліваеш асалоду, але калі паставіць перад сабой адпаведную мэту, то можна падбіраць мелодыі. У акарын вельмі мяккі, прыемны тэмбр гучання. Іграючы, ты быццам некуды выходзіш на пару хвілін...

Свістулек у майстэрні Дашкова таксама надзвычай шмат, прычым самых розных памераў і формаў: куры, іншыя птушачкі і маленькія коні. Майстар адзначае, што свістулька — не проста цацка. Яна выконвае шмат карысных функцый: калі свісціш, развіваюцца лёгкія, таксама паляпшаецца дробная маторыка пальцаў, бо на кожным вырабе ёсць маленькія адтуліны, якія пастаянна трэба адкрываць ці закрываць. Гэта і першая музычная адукацыя, разуменне рытмаў, і добры лагапедычны трэнажор.

Іван расказаў, што выкарыстоўвае некаторыя рэдкія спосабы апрацоўкі гліны. Адзін з іх — малачэнне (вядомае яшчэ з неаліту): выраб пакрываецца малаком, праграваецца і набывае чорны колер. Такі спосаб, у адрозненне ад пакрыцця палівай і фарбавання, здаецца найбольш аптымальным, бо свістулькі дзеці бяруць у рот, а тут толькі натуральныя рэчывы. Другая тэхналогія — гартаванне, або абвар. Да апошняга часу Дашкоў быў адзіным у Беларусі, хто прымяняў гэтую тэхналогію, але нядаўна да яго далучылася яшчэ некалькі майстроў. Сутнасць у тым, што пры тэмпературы 1000 градусаў гліняны выраб дастаецца з печы абцугамі (пры такім напале ён свеціцца, як лямпачка) і акунаецца ў кіслую мучную рошчыну. Пасля гэтага выраб прамываецца ў вадзе і затым высыхае. За імгненне на ім з'яўляюцца непаўторныя малюнкі, двух аднолькавых няма — усе ўнікальныя.

Майстар адзначае, што на яго прадукцыю ёсць сталы попыт, і дадае, што беларусы пачалі калі не разумець, то інтуітыўна адчуваць розніцу паміж рэчамі, зробленымі майстрам, і звычайнымі аднадзёнкамі, і цяпер падсвядома імкнуцца да першага. Калі раней на выставах-продажах рамеснікаў было бязлюдна, то сёння за адны выхадныя ўсе іх рэчы разыходзяцца, як гарачыя піражкі.

Свістулька выконвае шмат карысных функцый: калі іграеш на ёй, развіваюцца лёгкія, паляпшаецца дробная маторыка пальцаў. Гэта і першая музычная адукацыя.

Можна лічыць, што Іван Дашкоў стаў пачынальнікам творчай дынастыі. Цяпер не толькі жонка і сыны дапамагаюць яму вырабляць штосьці з гліны. Яго бацькі таксама пачалі ствараць гліняныя цацкі, яны ўжо маюць свой адметны стыль. Брат таксама спрабуе сябе ў гэтым кірунку. Яго блізкія валодаюць і некаторымі іншымі аўтарскімі тэхнікамі: маці піша алеем, робіць карціны з лямцу, брат вырабляе дызайнерскія рэчы для інтэр'ера. Такім чынам, у наша прагматычнае ХХІ стагоддзе Іван Дашкоў і ўсе яго сваякі жывуць толькі з таго, што вырабляюць уласнымі рукамі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. Фота Любові БЯЛЯЕВАЙ

Мінскі раён

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».