Вы тут

Багацце бывае нематэрыяльным засведчана экспертамі СЭТ


Статус эксперта ў галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству нададзены ЮНЕСКА.

Гэта навіна на ўзроўні сенсацыі: такую акрэдытацыю атрымала першая недзяржаўная арганізацыя з Беларусі. Але гэтая арганізацыя амаль 20 гадоў займалася менавіта тым, што рупліва збірала, натавала, зберагала і рыхтавала перадачу наступным пакаленням беларускіх традыцый.

Ні ў каго няма сумнення, што Беларусь — краіна багатая. I ўсе гаворкі пра наша багацце ў першую чаргу тычацца культурнай спадчыны, а калі больш канкрэтна, то таго адметнага, што ідзе ад народных традыцый і з'яўляецца нацыянальнымі асаблівасцямі. Гэта і мова, і песні, і паданні з казкамі, і каляндарныя абрады, і традыцыйныя рамесніцкія вырабы, і нават сваё асаблівае ўяўленне пра Сусвет... Усё гэта стала падставай, каб наша краіна далучылася да Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны», прынятай у 2003 годзе. Далучыцца да Канвенцыі — гэта значыць прызнаць, што ў эпоху глабалізацыі ёсць пагроза шматаблічнасці свету і ў першую чаргу менавіта ў тым, што тычыцца існавання народных традыцый. З другога боку, пагаджацца з палажэннямі Канвенцыі — гэта значыць прымаць на сябе абавязак клопату пра захаванне традыцый і рабіць для гэтага пэўныя захады.

«Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» — гэта арганізацыя, якая фактычна гэтыя захады і ажыццяўляе праз сваю дзейнасць, таму што займаецца канкрэтнымі справамі. Заснаванае ў 1998 годзе, таварыства ў 2002-м зарэгістравана ў Беларусі

як рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб'яднанне. За гады існавання арганізацыі сябры СЭТ правялі больш за 20 этнаграфічных экспедыцый у розныя рэгіёны Беларусі. Сабрана шмат матэрыялу, якому імкнуцца надаць новае жыццё: яго выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы народных свят, у моладзевых фальклорных гуртах, нават вяртаюць у месцы збору мясцовым супольнасцям альбо ва ўстановы культуры. Калекцыі, сабраныя сябрамі таварыства, выкарыстоўваюцца для экспанавання ў розных музеях і ва ўласных выставачных праектах. Уся гэтая дзейнасць і была ацэнена, калі вырашалася пытанне аб акрэдытацыі арганізацыі пры ЮНЕСКА.

Аляксей Глушко, старшыня «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства», удакладняе:

— Такую акрэдытацыю можа атрымаць любая грамадская арганізацыя, якая мае практычнае дачыненне да захавання традыцыйнай культуры. Гэта своеасаблівая адзнака нашай шматгадовай дзейнасці. Таму што статус эксперта павінен быць падмацаваны рэальнымі справамі, пра якія мы пісалі ў сваёй заяўцы. А мы працуем з фальклорам, абрадамі, рамёствамі... Але, на мой погляд, важна тое, што мы не проста апісваем і збіраем, а імкнёмся працягваць жыццё традыцый, таму што спрыяем іх перайманню, далучаючы моладзь да народнай культуры. Важным з'яўляецца і прыцягненне ўвагі да захавання культурнай спадчыны. Акрэдытацыя пры ЮНЕСКА павышае аўтарытэт арганізацыі ўнутры краі ны, дае магчымасць у якасці экспертаў адсочваць і ўплываць на рашэнні, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні ў галіне аховы культурнай спадчыны.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».