Вы тут

Паралімпійская чэмпіёнка Людміла ВАЎЧОК: «НАСТАЧКА - ГАЛОЎНЫ ЦУД У МАІМ ЖЫЦЦІ»


Лёс Людмілы Ваўчок нагадвае паласу перашкод. Спачатку прыроджаная хвароба сэрца, затым — пералом пазваночніка і інвалідная каляска... Але ніводнае з гэтых выпрабаванняў не здолела стрымаць валявую дзяўчыну, якая насуперак лёсу стала не толькі трохразовай паралімпійскай чэмпіёнкай, але і... мамай.

Волчок 1

Пра беднага фізрука, злашчасную антэну і надзейныя рукі

У дзяцінстве ў Люды выявілі праблемы з сэрцам. Доктар параіў яе маці не спяшацца з аперацыяй, але максімальна абмежаваць фізічныя нагрузкі. Але ж, вядома, дзіця ёсць дзіця: энергія біла цераз край...

Я заўсёды была няўрымслівай, — усміхаецца Людміла і віртуозна пракручваецца на задніх колах сваёй каляскі, быццам ваўчок. — Таму, хоць і забаранялі, адціскалася ад падлогі і падцягвалася больш за ўсіх. Бедны настаўнік фізкультуры пасля кожнага ўрока мераў мне пульс... Але больш за ўсё я любіла бегаць на доўгія дыстанцыі, таму цішком запісалася ў секцыю па лёгкай атлетыцы. Дзякуй маме — падтрымала, бачыла, што без руху я гіну.

...І што б вы думалі? Здарыўся сапраўдны цуд — Люда перарасла хваробу. І ўпэўненымі крокамі пачала заваёўваць свае першыя спартыўныя ўзнагароды. Пасля таго, як 14 гадоў таму стала бронзавым прызёрам Кубка Еўропы ў бегу на 5 кіламетраў, пачала рыхтавацца да выступлення на Алімпіядзе ў Афінах. Але мара аб алімпійскіх Афінах абарвалася ў адно імгненне...

—   

11 верасня адбылася страшная трагедыя: у НьюЁрку рухнулі вежы гандлёвага цэнтра, —  узгадвае Людміла. — А на наступны дзень я палезла на дах інтэрната, каб паправіць тэлевізійную антэну. Спатыкнулася і паляцела ўніз...

Пазней ад урачоў 20-гадовая дзяўчына пачула страшны прысуд: «Больш хадзіць не зможаш». Для спартсменкі, якая ўваходзіла ў склад алімпійскай зборнай, гэта была катастрофа...

—  

Калі б не падтрымка мамы з братам, якія па чарзе дзяжурылі ля майго ложка ў бальніцы, не ведаю, ці справілася б я... — кажа Люда і паказвае фотаздымкі сваёй сям'і. — Раней у нас з братам былі адносіны на ўзроўні «прывітанне — пакуль». А пасля трагедыі ён не адыходзіў ад мяне ні на крок: мыў, пераадзяваў, пераварочваў, каб не ўтварыліся пролежні... «Ведаеш, я толькі цяпер зразумеў, як я цябе люблю...», —  сказаў ён мне тады. Мы з братам і сёння не разлі вада. Ён — галоўны мужчына ў маім жыцці. Ва ўсім мяне падтрымлівае, заўсёды гатовы падставіць плячо. Калі трэба было выбраць для дачкі хроснага тату, я нават не задумвалася, бо ведаю: калі што, Настачка будзе ў надзейных руках.

Ведаеш, калі шчыра, мне нельга крыўдзіцца на свой лёс, —  чую ад Люды зусім нечаканае прызнанне. — Бо сама яго пастаянна выпрабоўвала. Я ж без тармазоў расла. Глядзі (паказвае фота), залазіла вось на гэта дрэва і скакала з вышыні трохпавярховага дома ў плыткую рэчку... А колькі разоў пад лёд на каньках правальвалася... Магла ж зламаць сабе шыю яшчэ ў дзяцінстве... Мне заўсёды бракавала адрэналіну!.. Напэўна, у нейкі момант майму анёлу проста надакучыла выратоўваць... І ён вырашыў праверыць мяне на трываласць.

Пра тэлефонны званок, «цяжарны» заплыў і камячок шчасця

З часам Люда навучылася жыць па-новаму. Калі выпісалася з бальніцы, пачала ездзіць у рэабілітацыйны комплекс для інвалідаў-калясачнікаў у Калодзішчы, каб займацца з дзеткамі. Вырашыла быць там, дзе магла камусьці дапамагчы. Дапамагала і паралельна трэніравалася.

— Я практычна спала ў спартзале, — усміхаецца Людміла. — Хацела, каб мяне заўважылі, узялі ў спорт. Спрабавала сябе і ў штурханні ядра, і ў паўэрліфтынгу, і ў армрэслінгу. Я нават нарматывы майстра спорту выканала па штанзе ў вагавой катэгорыі 44 кілаграмы, а ў парных танцах на інвалідных калясках стала чэмпіёнкай Беларусі. Але ніхто не хацеў са мной важдацца, бо я на калясцы... А аднойчы мне патэлефанавала трэнер Тамара Мікалаеўна Шыманская... Гэты званок перавярнуў усё маё жыццё. Яна пачала ўгаворваць мяне паспрабаваць сябе ў лыжных гонках. Я спачатку супраціўлялася, бо са школы недалюблівала лыжы.

Але зноў адбыўся цуд: ужо праз пяць гадоў пасля траўмы Людміла Ваўчок заваявала залаты і тры сярэбраныя медалі Паралімпійскіх гульняў па лыжных гонках на санках. Тое, што не любіла, прынесла не толькі славу, але і даход. Пасля Алімпіяды спартсменцы сталі плаціць рэгулярную зарплату і выдзелілі ўтульную трохпакаёвую кватэру ў алімпійскім гарадку ў сталічным раёне Вяснянка. Апошняя не так даўно напоўнілася дзіцячым смехам...

— У Славенію — заваёўваць пуцёўку на Паралімпійскія гульні па веславанні ў Лондане — я паехала на чацвёртым месяцы цяжарнасці, — распавядае Людміла. — Трэба было праплыць усяго тысячу метраў. Падумала: я ж не хворая, а проста цяжарная. Еду!..

Праз месяц пасля родаў спартсменка ўжо рыхтуецца да Паралімпійскіх гульняў у Лондане. Як вынік — чарговы медаль. Яго маладая мама прысвяціла дачцэ. Але падчас шчырай размовы прызналася, што менавіта нараджэнне дзіцяці — яе самая галоўная перамога.

—  

Адкуль у вас столькі энергіі? — спрабую высветліць у Людмілы, якая паспявае не толькі даваць інтэрв'ю, але і ўцякаць ад Насты, якая даганяе маці на дзіцячым веліку.

— 

Ды вось ад гэтага камячка шчасця... — Люда пяшчотна прытуляе да сябе дачушку, імя якой перакладаецца з грэчаскай, як «тая, якая вяртае да жыцця». — Настачка — самы галоўны цуд у маім жыцці. Разам з дачушкай у маё жыццё прыйшоў новы глыбокі сэнс. Цяпер ведаю, што ў адказе не толькі за сябе, але і за вось гэты любімы камячок. Хочацца зрабіць для яе як мага больш.

Пра моцнага мужчыну, яблыкі ў цесце і скачок з парашутам

Волчок 2Пакуль Люда на трэніроўцы, за Настай прыглядае бабуля.

— 

Часам і іх бяру з сабой, — кажа спартсменка. — Сама іду ў трэнажорную залу, а мама з Настачкай плаваюць у басейне. Пакуль я тут, мне хочацца, каб дачка была ўвесь час побач са мной. Вось цяпер пачалі актыўна рыхтавацца да Алімпіяды ў Сочы. Нядаўна вярнулася з Эстоніі. Калі я з'язджаю на зборы, Наста застаецца з бабуляй. Вельмі сумую без дачкі. Толькі скайп нас выратоўвае.

З бацькам малой Люда ў добрых адносінах, але замуж за яго не спяшаецца. Проста, прызналася, хочацца, каб побач быў моцны мужчына, здольны абараніць, паклапаціцца...

— 

Нас траіх мама адна выгадавала, і нічога, усе ў людзі выйшлі! — усміхаецца энергічная Людміла. — Так што справімся. Ёсць галава, рукі і вера ў свае сілы. А гэта ж галоўнае! Нам няма калі раскісаць!

У пацвярджэнне сваіх слоў Люда пачынае збірацца на трэніроўку. Якраз у гэты час, каб прыгледзець за ўнучкай, прыехала Галіна Пятроўна са Смілавіч.

—   

Дзяўчаткі, вы ж галодныя, пэўна? — пачынае завіхацца ля пліты мама спартсменкі, якая, як высветлілася, усё жыццё працуе фельчарам на «хуткай». — А давайце я вам юшку пагрэю. Ці мо тваражку з павідлам хочаце? Павідла з чорных парэчак я сама варыла, за горадам агародзік невялічкі маю. А вось яблычкі, запечаныя ў цесце, частуйцеся! Люда іх гатуе так, што пальчыкі абліжаш.

—  

Ведаеш, я люблю гатаваць што-небудзь новае, — даносіцца голас Людмілы з суседняга пакоя. — Але па магчымасці стараюся не замыкацца ў чатырох сценах. Проста жыць хочацца паўнавартасна. Нядаўна ў Турцыю адна лятала. Адпачыла па поўнай праграме. Спускалася па горнай рацэ на плытах разам з немцамі (паказвае фота, з якога праз пырскі шчасцем свеціцца твар Люды). Было так весела! Мы там нават перакуліліся адзін раз, упалі ў ледзяную ваду. Таксама ездзіла на матацыкле з хуткасцю 250 кіламетраў за гадзіну. У Егіпце таксама не абышлося без прыгод: каталася на квадрацыклах. Яшчэ я вельмі люблю турзлёты з начоўкай у палатках і гутаркамі ля агню. Імкнуся часцей сустракацца з сябрамі. Вось сёння ўвечары нас з Насцяй запрасілі на хакей.

Волчок 3

У вольны час Люда гуляе ў тэніс, плавае ў басейне і нават... скокнула з парашутам.

— 

Думаеш, пасля траўмы я стала баяцца вышыні? — яна ўлоўлівае здзіўленне ў маіх вачах.—Зусім не! Наадварот, зразумела, што наогул нічога не баюся і магу справіцца з любой сітуацыяй. Калі абставіны складаюцца супраць мяне—гэта толькі дадае адрэналіну і ўпартасці. Я ў блін распляскаюся, але зраблю тое, што намеціла. Гэтаму мяне навучылі жыццё і спорт. І яшчэ я ніколі не бываю ў роспачы. Лічу, што нават з самай цяжкай сітуацыі заўсёды ёсць выйсце.

А дэпрэсія?..

— Ды яна часцей ад гультайства! А лепш спытай у маёй мамы, што такое дэпрэсія! Яна табе і пра дэпрэсію, і пра мігрэнь раскажа — пра ўсе гэтыя прыгожыя словы. Яна ўсіх вылечыць! На калгаснае поле пустазелле палоць паставіць — тады ўсе нягоды ў момант пройдуць (смяюцца)!

Калі Галіна Пятроўна паказала мне прыгожыя карціны, якія Люда вышывае сваімі рукамі, я, шчыра прызнацца, вельмі здзівілася. Ну ніяк не сумяшчалася ў маёй свядомасці непаседлівая спартсменка, якая нават падчас інтэрв'ю умудралася пераключацца на нейкія іншыя справы, і гэтая карпатлівая праца!..

— Перад спаборніцтвамі трэба адпачываць, канцэнтраваць энергію, а не растрачваць. Таму на зборах у мяне заўсёды з сабой вышыўка. Так я навучылася сябе стрымліваць.

Разам спускаемся ўніз на ліфце. Люда энергічна вітаецца з дворнікам Міхаілам, дачкой трэнера, які жыве па суседстве, цікавіцца, як у іх жыццё... І я лаўлю сябе на думцы, што ўжо нават і не заўважаю яе інваліднай каляскі. Згадваю пра яе толькі тады, калі Люда, якая паспела перасесці за руль свайго «Фольксвагена Пасата» з ручным кіраваннем, папрасіла закінуць каляску ў багажнік.

—  

А «зорнай» хваробы не баіцеся? — пытаюся ў спартсменкі на развітанне.

—   

Што ты! Ад яе ёсць эфектыўныя лекі: пастаянныя фізічныя трэніроўкі. І потым, я па-філасофску стаўлюся да рэчаіснасці. Так, цяпер я чэмпіёнка, купаюся ў славе, мяне ў прамым сэнсе гатовы на руках насіць... А заўтра ўсё можа скончыцца. Жыццё ж непрадказальнае. Хто б мне сказаў у школе, што я скончу магістратуру? (смяецца) Але ж скончыла летась. Атрымала спецыяльнасць «турызм і гасціннасць». Такі вось зачын на будучыню. Бо, самі разумееце, спорт не вечны, гады бяруць сваё... Таму, калі што, змагу працаваць у турызме, падымаць пытанні пра безбар'ернае асяроддзе. Без працы не застануся, і не марце!

Надзея ДРЫЛА

Фота Надзеі БУЖАН і з архіва Людмілы ВАЎЧОК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.