05 снежня, субота

Вы тут

ЦЭПЕЛІН — НА ТАЛЕРКУ!


Смачна есці ў Новым годзе! Шаноўныя чытачы, галоднымі са «Звяздой» вы дакладна не застанецеся. Урачыста, пад бой курантаў, мы распачынаем новую рубрыку — «Смакі Кухмістра Верашчакі». У ёй шаноўны знаўца беларускай старадаўняй кухні Алесь Белы будзе нам распавядаць, як гатаваць найлепшыя нацыянальныя стравы. А сёння (як падарунак да свята) майстар-клас па прыгатаванні цэпелінаў правядзе яго маці Валянціна Іванаўна.

Хто не ведае, цэпеліны —  гэта вялізныя бульбяныя клёцкі з мясам. Чаму мы выбралі на Новы год менавіта іх? Ды як жа, дранікі ўжо крыху паднадакучылі, а бульбашамі, як ні круці, мы застанёмся і ў 2014 годзе. Таму... Нож і тарку ў рукі, пару кілаграмаў бульбы ставім каля ног — і наперад!

кухня2

Цэпеліны вельмі смачныя і каларыйныя. У сям'і Белых іх заўсёды гатавалі на святы. Да таго ж страва старажытная, гатавалася на Беларусі не адно стагоддзе, таму смак сапраўднага свята яна перадасць дакладна. Такім чынам...

1. Чысцім кілаграмы два бульбы, надзіраем яе на тарцы (можна прапусціць праз блендар, так будзе значна хутчэй). Чысціць бульбу на Новы год усё адно некаму прыйдзецца, дык што там два лішнія кілаграмчыкі!

2. На каструлю ці вялікую місу кладзём друшляк, засцілаем яго марляй. Таркаваную бульбу порцыямі змяшчаем у марлю і рукамі адціскаем з яе сок. Мякаць, якая атрымліваецца ў выніку, высыпаем у асобны посуд. Паўтараем працэс з наступнай порцыяй. Паралельна можна ўявіць, што гэта такі бульбяны беларускі снег, зляпіць некалькі сняжкоў і запусціць імі ў сваіх хатніх. Толькі не загуляйцеся, пакіньце штосьці на цэпеліны.

3. Сок, які сабраўся пад друшляком, зліваем. На дне посуду атрымліваецца гатовы крухмал (з выгляду ён нагадвае смятану). Дадаем яго ў адціснутую бульбяную масу, каб добра ляпілася. Калі бульба занадта вадзяністая, на ўсякі выпадак уліваем яшчэ крыху разведзенага вадой крухмалу, купленага ў краме. Гэта каб быць упэўненым, што цеста будзе клейкім (ніякіх яек туды не кладзем). Солім, старанна перамешваем рукамі. Трэба атрымаць такое цеста, якое б добра ляпілася і не цякло. Бульбяны сок нам не спатрэбіцца. Таму можаце пакінуць яго асобна і ў якасці розыгрышу за навагоднім сталом даваць поўныя чаркі з ім тым, хто пераможа ў конкурсах.

4. Цяпер гатуем начынку. Для гэтага найлепш падыдзе свініна. Сала ў ёй павінна быць не надта шмат — Цэпеліны. дзесьці чацвёртая ці пятая частка.

Мяса наразаем нажом на невялічкія кубікі (Валянціна і Алесь Белыя ўпэўнены, што так атрымліваецца значна смачней, чым тады, калі выкарыстоўваецца фарш). У мяса кідаем нашынкаваную цыбулю, солім, добра перамешваем. Начынка для цэпелінаў гатова — нічога складанага.

5. Далей самае прыемнае — лепка. Бяром добры кавалак бульбянога цеста (бо нашы цэпеліны будуць досыць вялікімі), кладзем на далонь і расплюшчваем. Яшчэ кавалачак цеста на сярэдзіну, а зверху — мясную начынку. Колькі мяса класці, вырашайце самі, але не трэба занадта шмат, каб яны пасля не лопнулі. Залепліваем краі цэпеліна, старанна мнем яго з усіх бакоў, каб атрымаўся ідэальна гладкім.

Цяпер кожны гатовенькі цэпелін кладзем на драўляную дошчачку асобна, так, каб ён не датыкаўся да іншага.

6. Ставім на газ ваду, солім, кідаем кавалак цыбуліны (каб водар у цэпелінаў быў яшчэ больш прыемны, ды і смак жыжкі лепшы). Па адной кідаем кожную клёцку. Пасля лыжкай правяраем, каб не зліпліся. Праз пэўны час яны ўсплывуць. Аднак гэта яшчэ не азначае, што ўсё гатова. Цэпеліны можна даставаць з вады тады, калі яны набудуць цёмна-шэры колер.

7. Цэпеліны можна падаваць разам з жыжкай або на талерцы са смятанай. Ёсць і трэці варыянт — крыху падсмажыць на блясе з тлушчам, каб яны набылі залацісты колер. Такія вось зімовыя сонейкі ў вашай утульнай хаце.

Цэпеліны надзвычай сытныя, таму іх можна падаваць замест аднаго гарачага як мінімум. Бульба ў іх мае асаблівы, крыху «гумовы» смак — і гэта незвычайна! Іх гатавалі яшчэ нашы продкі, таму і вы асіліце.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Фота Любові БЯЛЯЕВАЙ.

Р.S. Сябры! На нашым сайце zviazda.by вы можаце паглядзець відэа майстар-класа Валянціны Белай па прыгатаванні цэпелінаў, а таксама знайсці гэты рэцэпт з пакрокавым фота.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.