Вы тут

Швейцарыя ў асобна ўзятым прыходзе


У свой час настаяцелю прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Салігорска ў вёсцы Чыжэвічы Міхаілу Пажадаеву прапаноўвалі службу за мяжой. Ды ён адмовіўся: маўляў, я пабываў шмат у якіх кра і нах, шматчаго пабачыў — мне не трэба Швейцарыя, я хачу пабудаваць Швейцарыю тут, у Беларусі, у асобна ўзятым рэгіёне.

З таго часу прайшло больш за 10 гадоў. І прыход стаў сапраўдным цэнтрам адраджэння праваслаўя на Салігоршчыне. Вакол створанага духоўна-асветніцкага сацыяльна-культурнага цэнтра аб'ядналіся праваслаўныя.

Малы Трыянон у Чыжэвічах...

—  

Усяго ў цэнтры 24 памяшканні, — запрашае на экскурсію протаіерэй, настаяцель Пакроўскага і Благавешчанскага храмаў, кандыдат багаслоўскіх навук Міхаіл Пажадаеў. — Вось тут размесцяцца вучэбныя аўдыторыі, гасцявыя нумары, кіназапа, залы дпя лекцый. Мяркуем запрашаць вядомых тэолагаў, багасловаў, знаўцаў культуры і мастацтва, адукаваных людзей, спецыялістаў. У перспектыве — майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве, псіхалогіі, этыкеце, этыцы, гісторыі сусветных рэлігій, тэатральным мастацтве.

Кожнае памяшканне аформлена ў адметнай гістарычнай і архітэктурнай стылістыцы: Месапатаміі, Старажытных Егіпта,
Грэцыі, Рыма, у раманскім стылі, барока, ракако, ар-дэка, шынуазры. Напрыклад, зала для тэатральных прадстаўленняў капіруе тэатр Марыі Антуанеты ў Малым Трыяноне ў Версалі, дзе выхаванцы Салігорскай школы мастацтваў змогуць ладзіць пастаноўкі спектакляў.

—  

Не ўсе дзеці змогуць наведаць той жа Версаль, Лондан, Пражскі Град, а такое ўбранне, афармленне дапамогуць ім спасцігаць культуру розных народаў і эпох. Ты можаш не стаць хімікам, біёлагам, а вось чалавекам культурным быць абавязаны, — лічыць настаяцель. — Не сакрэт, што ў нашым грамадстве не хапае такога паняцця, як высокая культура. І наш цэнтр прызначаны запоўніць прабелы ў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, сямейных, бытавых адносінах. Плануем цесна супрацоўнічаць з установамі адукацыі. У сучасных праграмах для школьнікаў, студэнтаў шмат недахопаў. Вельмі шкада, што са школьнага курса выключылі прадмет «Сусветная мастацкая культура», мала вывучаецца старажытная, руская літаратура, гісторыя старажытнасці. Чалавек, які не валодае высокай культурай, інтэлектам, духоўнасцю, не стане асобай. Стрыжнем ідэалогіі любой дзяржавы з'яўляецца разумнае, добрае, вечнае. У гэтым сэнсе царква і дзяржава маюць агульную кропку сутыкнення. А матэрыяльны дастатак, высокі ўзровень жыцця — вытворная ад духоўнасці. Мы не багатая краіна, але беднасць пачынаецца з беднасці жаданняў, як у таго Шарыкава. І стымуляваць лепшыя жаданні ў чалавеку трэба прыгажосцю, мастацтвам.

Пра сумна вядомага Шарыкава з булгакаўскага «Сабачага сэрца» айцец Міхаіл згадаў невыпадкова: у яго жылах цячэ кроў вялікага пісьменніка Булгакава. Яго продкі — магнацкі род Булгакавых — валодалі шмат якой маёмасцю, у тым ліку палацава-паркавым комплексам у Жылічах, які па архітэктуры і раскошы не саступае палацу Радзівілаў. Дзед айца Міхаіла суправаджаў вышэйшых духоўных саноўнікаў з разнастайнымі візітамі ў шматлікія краіны Блізкага Усходу,

Еўропы. На працягу 40 гадоў ён сабраў унікальную калекцыю — звыш 500 экспанатаў.

І выява дачкі Неферціці

Частка артэфактаў — каля 250 — знойдзе сваё месца ў музеі, што ствараецца ў цэнтры. Тут будзе прадстаўлена гісторыя Старажытных Усходу, Егіпту, Грэцыі, Рыма, Месапатаміі, ранняга і позняга Сярэднявечча, іншых эпох. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва розных стагоддзяў: гліптыка, маёліка, нумізматыка, скульптура, букіністыка. Вельмі шмат рэчаў, якія маюць музейны ўзровень. Фрагменту мармуровай палеткі з эпітафіяй часоў імператара Нерона — 1950 гадоў. А старажытнаегіпецкая палетка яшчэ старэй — ёй 3,5 тысячы гадоў. Яшчэ адзін артэфакт — выява галавы дачкі Неферціці і Энхатона, створаная старажытным майстрам як мадэль для скульптуры.

Сярод экспанатаў найкаштоўнейшыя букіністычныя выданні: друкаваны твор 1526 года аднаго з вучняў Іагана Гутэнберга. Сусветнымі шэдэўрамі прадстаўлена і карцінная галерэя, дзе будуць размешчаны 56 арыгінальных палотнаў вядомых мастакоў: Крамскога, Верашчагіна, Васняцова, Шышкіна.

Дарэчы, чатыры прадметы цяпер знаходзяцца на атрыбуцыі ў музеі Пушкіна ў Маскве. Камісія прапанавала святару прадаць іх за тысячы долараў. Але бацюшка адмовіўся. Будучы музей, бясспрэчна, дасць фору многім вядомым установам. Таму што музея антычнасці ў Беларусі няма. Калісьці яе Вялікасць Кацярына, самадзержыца расійская нацыяналізавала калекцыю Радзівілаў. Зараз яна з'яўляецца гонарам Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу.

— Уся гісторыя чалавецтва — гэта той фундамент, на якім базіруецца сённяшняя цывілізацыя. І яго трэба шанаваць. Сучасныя тэхналогіі, інтэрнэт, не маглі б узнікнуць без вопыту, што назапасіла чалавецтва. І калі ігнараваць дасягненні нашых папярэднікаў, то мы зноў можам апынуцца ў першабытнай эпосе, — гаворыць настаяцель.

Рыза для Свяцейшага Патрыярха

Швейную майстэрню на тэрыторыі цэнтра можна па праве назваць творчай лабараторыяй. Тое, што робяць тут, не пад сілу нікому ва ўсім праваслаўным свеце — гэта шматкрыжовыя рызы. А пачалося ўсё з ідэі айца Міхаіла падараваць Мітрапаліту Філарэту полістаўрыён (у перакладзе з грэчаскай мовы «полі» — шмат, «стаўрыён» — крыж). У старажытнасці — гэта адзенне епіскапаў, архіепіскапаў, мітрапалітаў і патрыярхаў. Яно ўяўляла сабой фелонь з мноствам нашытых ці вытканых на ім крыжоў. Шматкрыжовыя рызы захоўваюцца ў музеі — запаведніку «Маскоўскі Крэмль», іх можна ўбачыць на іконах Андрэя Рублёва. У рускай праваслаўнай царкве полістаўрыён насілі вышэйшыя іерархі — мітрапаліты. І толькі ў знак асаб-

лівых заслуг ім узнагароджваліся архіерэі. Гэтыя ўбранні адменены ўказам цара Пятра І у 1705 годзе. З цягам часу тэхналогія іх вырабу была страчана.

Якім чынам удалося разгадаць сакрэты найстаражытнейшага рамяства, айцец Міхаіл не расказаў. Зрэшты, не ў гэтым справа. Галоўнае, што пошукі, якія доўжыліся на працягу некалькі гадоў, далі вынікі, а тэхналогія запатэнтавана.

Выраб полістаўрыёна патрабуе цярплівасці, вопыту, майстэрства, паколькі работа ручная, вельмі далікатная. Такімі якасцямі і валодае швачка па золаце Таццяна. На адну рызу, як правіла, яна затрачвае тры месяцы. Майстрыха нават вырабіла полістаўрыён для Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У гэтым адзенні ён здзейсніў літургію ў саборным храме Свята-Панцеляймонава манастыра на Афоне.

— Многія іерархі праваслаўных цэркваў набываюць наша адзенне, — канстатуе айцец Міхаіл. — Значыць, можна сказаць, што мы спасціглі высокі ўзровень майстэрства, а наша дзейнасць ацэнена на самым высокім царкоўным узроўні.

Сёння ў творчай лабараторыі вырабляюцца не толькі складаныя архіерэйскія і іерэйскія адзенні, але і прадметы царкоўнага начыння, іконы. У рабоце выкарыстоўваецца сучасная тэхніка, але вышыўка застаецца вышыўкай.

І яна, як любое мастацтва, патрабуе натхнення і творчасці.

Шчасцю трэба вучыць

Па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Кірыла і Уладыкі Мітрапаліта ў цэнтры створана вытворчая лабараторыя Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У бліжэйшай перспектыве тут плануецца выпускаць духоўна-асветніцкія перадачы, навучальныя ролікі. Часткова закуплена неабходнае абсталяванне.

—У нас былі кантакты з прадстаўнікамі канала Dіscovery Scіence, Dіscovery Systems. Яны сказалі, што філасофія нашай праваслаўнай царквы, культуры — белая пляма для Захаду.

І гэтая ніша нікім не занята на рынку. Калі, маўляў, выраблены прадукт будзе адпавядаць стандартам, то мы згодны яго купляць і трансліраваць на ўвесь свет, — распавёў святар. — На маю думку, праблема царквы існуе як на Захадзе, так і на Усходзе. Грамадства не разумее сэнсу і значэння царквы. Навошта яна патрэбна? Што гэта такое: культурна-гістарычны запаведнік, музей? Не, задача царквы іншая — гэта інстытут шчасця. Шчасцю таксама трэба вучыцца. Таму што правільныя веды даюць правільнасць дзеянняў, правільнасць дзеянняў, у сваю чаргу, — правільнасць вынікаў, а правільнасць вынікаў прыносіць людзям задавальненне —чалавечае і вечнае, — упэўнены настаяцель.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».