Вы тут

Масток паміж мовамі


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 10.01.14 г.

_____________________________________________________________

Англійская, нямецкая, шведская, нарвежская, галандская, французская, іспанская, партугальская, італьянская, літоўская, латышская, польская, ураінская, беларуская, руская, эсперанта і кітайская… Складана нават уявіць, што адзін чалавек можа валодаць усімі гэтымі мовамі, а яшчэ — перакладаць прозу ды паэзію, пісаць вершы, мець адукацыю філосафа. Сёння мы знаёмім чытачоў “Кніжнага свету” з такой вось незвычайнай асобай. Пра спецыяльныя методыкі вывучэння замежных моў, запаўненне лакун перакладной літаратуры на беларускай мове і парады маладым перакладчыкам — наша гутарка з сапраўдным паліглотам Юрасём Жалезкам.

жалезка

 

— Спадар Юрась, як атрымалася, што вы зацікавіліся замежнымі мовамі і перакладам?

— Як гэта заўсёды вядзецца, усё пачалося яшчэ са школьных часоў. Падчас навучання ў школе я займаўся прафесійным плаваннем. Але ў 9-м класе пераключыўся на мовы. У школе вывучаў англійскую мову, але нам яе выкладалі не вельмі добра, таму займаўся самастойна. Накупляў падручнікаў і выкарыстоўваў кожны вольны дзень для заняткаў. Так за два гады я вывучыў англійскую мову даволі добра: потым яе не давялося больш вучыць. У 9-м класе пайшоў на курсы нямецкай мовы, што тады ладзіліся ў Доме афіцэраў. Там займаўся прыкладна год. Пасля заканчэння школы вырашыў паступаць у Інстытут замежных моў на перакладчыцкі факультэт. Тут я вывучаў тры мовы: англійскую, французскую і італьянскую. Пачаў вывучаць і іншыя. Я скончыў перакладчыцкі факультэт з чырвоным дыпломам, год вучыўся ў французскім Грэноблі. Таму яшчэ ў інстытуце досыць добра вывучыў французскую мову. Увогуле, мовы вучу ўсё сваё жыццё.

— Ці існуюць спецыяльныя методыкі вывучэння моў, у адпаведнасці з якімі вы працуеце?

— Прыкладна дзесяць моў я ведаю досыць добра. Сем — горш. Але на гэтых дзесяці мовах я магу свабодна размаўляць, усё разумею. Як вучу мовы? Усё вельмі звычайна: бяру падручнікі і чытаю. Чытаю толькі тэксты. Граматыку і тлумачэнні пакідаю па-за ўвагай. У мяне ўжо выпрацавалася такая сістэма. Я быццам “глытаю” тэксты і з імі ўсю лексіку. Граматыку мне чытаць увогуле не патрэбна. Справа ў тым, што калі ўжо ведаеш столькі моў, то разумееш, што ні ў воднай з іх няма нічога надта новага, усё ўжо вывучана. Калі б зараз заняўся нейкай мовай, то змог бы вывучыць яе за некалькі тыдняў. Я не магу не вывучаць мовы, увесь час імі займаюся. Гэта ўжо і хобі, і прафесія, і лёс. У цэлым жа магу сказаць, што здзейсніў мару свайго жыцця: вывучыў 17 моў.

— Гучыць фантастычна. Ці складана ўтрымліваць у памяці столькі інфармацыі аж на 17 мовах?

— Кожная мова займае сваю “ячэйку” ў галаве і працуе. Магу адзначыць, што вывучэнне моў — справа захапляльная. Часам я адмыслова раблю падарожжы ў лінгвістыку. Напрыклад, беларускае слова “каза” і англійскае слова “cheesе”, сыр. Паміж імі ёсць масток — нямецкае слова сыр — “Käse”. Гэта прыклады старажытных слоў, якія даўно існуюць у мовах. Такія падарожжы даказваюць, што ўсе еўрапейскія мовы родныя. Ці, да прыкладу, англійскае слова “to dream” — спаць, марыць — і беларускае слова драмота. Латышскае слова “gulta” — ложак — і беларускае “гультай”.

Я раіў бы ўсім займацца мовамі. Ад гэтага ёсць сапраўдны плён: трэніруецца памяць, развіваецца мысленне. А самае вялікае задавальненне — калі вывучыш мову, на ёй размаўляць.

— Адным з асноўных аспектаў вашай дзейнасці з’яўляецца пераклад мастацкай літаратуры на беларускую мову. А тут з чаго ўсё пачыналася?

— Гэта адбылося напрыканцы навучання ў інстытуце. Тады я пазнаёміўся з нашым вядомым перакладчыкам з нямецкай мовы Васілём Сёмухам і арганізаваў выданне кнігі “Навелы” Гі дэ Мапасана ў перакладзе на беларускую мову. Потым шмат часу прафесійна займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, на пераклад мастацкай літаратуры пераключыўся толькі ў апошнія гады.

— Цяпер над чым працуеце?

— Не так даўно скончыў перакладаць нарвежскія народныя казкі. У планах — перакласці трэцюю частку “Малога і Карлсана-з-даху” Астрыд Ліндгрэн: дзве ўжо перакладзеныя. Таксама хочацца перакласці “Прыгоды Тома Соера” Марка Твэна, “Апавяданні пра жывёл” Э. Сетан-Томпсана, з французскай — кнігу Андрэ Датэля “Краіна, у якую ніколі не патрапіш”. Задумаў яшчэ і пераклад рамана “Сто гадоў адзіноты” Габрыэля Гарсія Маркеса. Стараюся перакладаць з тых моў, з якіх на беларускую мала што перакладзена і з якімі сёння мала хто працуе. Таму пакідаю па-за ўвагай нямецкую, французскую. Канцэнтруюся на шведскай, іспанскай, нарвежскай.

— Цяпер многія перакладчыкі актывізавалі свае сілы, выходзяць новыя і новыя кнігі, з’яўляюцца спецыяльныя сайты. Як ацэньваеце працу нашых перакладчыкаў мастацкай літаратуры?

— Сапраўды, з’явілася шмат новых перакладаў, і ў цэлым цяпер выходзіць больш перакладных кніг, чым у савецкія часы. Перастварэнні робяцца на даволі высокім узроўні. Канечне, самы лепшы, фактычна, узорны перакладчык — Васіль Сёмуха. Ён азнаёміў беларускага чытача з усёй нямецкай літаратурай. Калі чытаеш кнігі ў яго перакладзе, атрымліваеш сапраўдную асалоду: у яго цудоўная, смачная беларуская мова, а пераклады ні ў чым не саступаюць арыгінальным мастацікм творам, напісаным адпачатку па-беларуску.

Я таксама перакладаю паэзію з замежных моў: нарвежскую, англійскую, французскую, іспанскую, італьянскую.

— Кажуць, што ў такім выпадку перакладчык павінен вельмі акуратна абыходзіцца з тэкстам арыгінала, не ператвараць яго ў падрадкоўнік. Як знайсці залатую сярэдзіну паміж арыгіналам і перакладам, каб ён усё ж заставаўся вершам пэўнага паэта, а не стаў новым творам перакладчыка?

— Каб верш пераклаўся добра, павінна прыйсці натхненне. Інакш зрабіць якасны пераклад занадта складана. Бо трэба перадаць усё, што ёсць у арыгінале, і зрабіць так, каб яно добра гучала па-беларуску. Перакладаць вершы — практычна тое ж, што і пісаць іх. Гэта натхненне, натхненне і яшчэ раз натхненне. Напэўна, з гэтай прычыны перакладу паэзіі навучыць немагчыма. Мне здаецца, што для такой працы ў чалавека павінна быць божая іскрынка. А для прозы дастаткова проста добра ведаць абедзьве мовы.

— Ці ёсць паэты, якіх вам асабліва падабаецца перакладаць?

— Так, гэта Генры Лангфела, Кен Хенслі — з англійскай мовы, Віктор Гюго — з французскай.

— Якая самая любімая з перакладзеных вамі кніг?

— Мне вельмі падабаецца — хаця яна лёгка перакладалася — кніга Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан-з-даху”. Напісана жывой гутарковай мовай. Працуючы над перакладам, я амаль не карыстаўся слоўнікам. Падкрэслю, што ў цэлым перакладаць дзіцячую літаратуру намнога больш складана, чым дарослую. Для такіх кніг патрэбна дасканалае валоданне мовай. У дарослай літаратуры гэта не так важна, а ў дзіцячай проста неабходна, каб пераклад добра гучаў па-беларуску. Таму перакладчыкам-пачаткоўцам я раіў бы пачынаць менавіта з дарослай літаратуры, а потым пераходзіць на дзіцячую. На беларускую мову ўвогуле перакладзена шмат дзіцячых твораў. Фактычна ўся сусветная класіка, акрамя казак Ганса Хрысціяна Андэрсена. Беларуская мова — адзіная мова ў Еўропе, на якую пакуль не існуе прамога перакладу яго казак. Хочацца перастварыць і яго.

— На якія творы сусветнай класікі акрамя тых, што ў вашых планах, вы параілі б звярнуць увагу перакладчыкам?

— Мне хацелася б пачытаць па-беларуску кнігу Роберта Пена Уорэна “Уся каралеўская раць”, раманы Артура Хейлі, увогуле, сучасную класіку ХХ ст. Па сутнасці, на беларускую мову з такой літаратуры амаль нічога не перакладзена, акрамя кнігі Колін Макалоў “Птушкі на цернях”, але яна выйшла яшчэ ў савецкія часы. Я параіў бы ўзяцца менавіта за такія творы, напісаныя па-англійску.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?