Без халестэрыну няма трывалай клеткі. А без клеткі, зразумела, няма арганізма. Тлушчападобнае рэчыва — халестэрын — змяшчаецца ў вонкавых мембранах клетак і ўдзельнічае ў шэрагу розных працэсаў. Утварэнні жоўцевых кіслот, сінтэзе гармонаў палавых залоз, кары наднырачнікаў, вітаміну Д. Аднак лішак халестэрыну наносіць арганізму вялікую шкоду, паколькі спрыяе ўзнікненню атэрасклерозу, ішэміі, інфаркту міякарда, інсульту і іншых захворванняў.
Норма халестэрыну ў крыві
5,2 ммоль/л — ідэальная колькасць, да якой варта імкнуцца.
5,3—6,5 ммоль/л — зона рызыкі.
Звыш 6,5—8 ммоль/л — гіперхалестэрынемія.
Лішак халестэрыну адкладваецца на сценках аорты, сасудаў сэрца, галаўнога мозга, ніжніх канечнасцяў, а значыць, прыводзіць да звужэння іх прасвету і пагаршэння кровазвароту ў гэтых органах, нагадвае валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алена ГАРНІЦКАЯ.
У нашым арганізме пастаянна ўтвараецца халестэрын (з тлушчаў, вугляводаў і некаторых амінакіслот). Лічыцца, што каля 80 працэнтаў яго сінтэзуецца самім арганізмам і толькі 20 трапляе з прадуктамі жывёльнага паходжання. Самая вялікая колькасць халестэрыну знаходзіцца ў мазгах, яечным жаўтку, тлустым мясе, печані, нырках, ікры, цвёрдых сырах і інш. У малацэ, кефіры, марской рыбе, нятлустых гатунках ялавічыны, бараніны, сасісках змяшчаецца няшмат халестэрыну.
У сталым узросце і пры маларухомым ладзе жыцця, калі абмен рэчываў паніжаны, ёсць атэрасклероз і шэраг іншых захворванняў, рэкамендуецца абмежаваць колькасць халестэрыну ў ежы, але не выключаць яго поўнасцю.
Як панізіць колькасць халестэрыну?
1. Не пераядаць. Калі ваша вага перавышае норму на 10 кг і больш, неабходна тэрмінова перагледзець структуру харчавання. Выдаліць з рацыёну тлустае мяса, печань, ныркі, мазгі, вэнджаныя каўбасы, паштэт, карэйку, масла, марожанае, пірожныя, торты, бісквіты, здобу, шакалад.
2. Дадаць: алеі (не толькі сланечнікавы), індычку, курыцу, цяляціну, марскую рыбу і морапрадукты, свежую гародніну і фрукты, аўсяныя крупы, вотруб'е, хлеб з мукі грубага памолу, арэхі.
3. Фізкультура. Ранішняя гімнастыка, пешыя прагулкі, плаванне, танцы — усё што заўгодна, толькі не гіпадынамія.
4. Не курыць, не злоўжываць алкаголем, вучыцца перамагаць стрэсавыя сітуацыі.
Трэба таксама мець на ўвазе, што канцэнтрацыя агульнага халестэрыну ў плазме змяншаецца падчас галадання, злаякасных новаўтварэнняў, хвароб лёгкіх (туберкулёз, неспецыфічная пнеўманія, інш.), павышанай функцыі шчытападобнай залозы, паражэннях цэнтральнай нервовай сістэмы і інш.
Пасля 40 гадоў аналіз на агульны халестэрын рэкамендуецца рабіць не радзей за 1 раз у год.
Рэкамендуецца для зніжэння халестэрыну:
* траска, камбала, пікша, селядзец, скумбрыя, сардзіны, тунец, ласось;
* абястлушчаныя малочныя прадукты;
* яечны бялок;
* празрыстыя, вегетарыянскія супы;
* авёс, кукуруза, рыс, хлябцы, аўсянае пячэнне;
* свежая, замарожаная гародніна, гарох, бабы, вараная бульба, фрукты, сухафрукты, арэхі;
* травы, спецыі, гарчыца, перац, воцат, абястлушчаныя падлівы, празрыстыя марынады;
* абястлушчаныя пудынгі, жэле, мусы;
* чай, нямоцная кава, мінеральная вада, сокі без цукру, безалкагольнае піва.
Святлана БАРЫСЕНКА.
...Гэты вясковец быў вельмі шчыры працаўнік, да таго ж ніколі не квапіўся на чужое, нават на калгаснае
З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.
Мінулы 2020 год закрыў граніцы, але адкрыў вочы на тое, што побач.
Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.