Вы тут

Перадышка для мам


Калі ў сям'і сур'ёзна хварэе дзіця, маме даводзіцца глядзець яго практычна 24 гадзіны на суткі. Догляд такога дзіцяці — штодзённая, манатонная праца, якая знясільвае. Цяжкахворага сына або дачушку не адправіш у дзіцячы сад, школу, летнік. Так, часам з ім можа пасядзець бабуля, а мама тады сходзіць у краму. Але ж ёй, як і любой другой жанчыне, трэба хоць часам наведваць цырульню, доктара; урэшце, удзяляць увагу іншым дзецям... Калі і як гэта рабіць?

Цяпер у бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, з'явілася магчымасць кароткага адпачынку. Дзіця можна пакінуць на час у спецыялізаванай установе, дзе яму будзе забяспечаны клопат і догляд, а бацькі ў гэты час, карыстаючыся перадышкаю, змогуць адпачыць, прывесці ў парадак дом, з'ездзіць кудысьці — карацей кажучы, заняцца сваімі справамі.

— Спачатку некаторыя мамы асцерагаліся: а што людзі падумаюць пра мяне? Можа, я дрэнная маці, раз аддаю дзіця чужым людзям? Цяпер ужо, бывае, тэлефануюць да нас і просяць: я нараджаю другое дзіця, вазьміце на гэты час маю дзяўчынку «на перадышку»... — гаворыць дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса Ганна ГАРЧАКОВА. — І гэта выдатна, што ў такіх сем'ях нараджаюцца другія, трэція дзеці. Мы заўважылі, што апошнім часам з такіх сем'яў і бацькі сталі радзей сыходзіць...

Адпачынак для бацькоў і бясцэнны вопыт для дзіцяці

Сацыяльная перадышка — так называецца паслуга, пра якую ідзе гаворка. Яна ўжо ўведзена ў пералік сацыяльных паслуг на дзяржаўным узроўні, бо аказалася вельмі актуальнай і запатрабаванай. Да гэтага такая сацпаслуга на працягу двух гадоў апрабоўвалася ў рамках праекта «Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь».

— Наша сям'я ўжо некалькі разоў карысталася сацыяльнай перадышкай, — распавядае мінчанка Вольга Каспяровіч, чый унук Максім мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. — Заўтра ў Максіма, дарэчы, апошні дзень «перадышкі», і я ўжо па вопыце ведаю, што забіраць яго будзе цяжка, ён захоча пабыць там яшчэ. Наш Максім вельмі лянівы. Але пасля «перадышкі» ён па-іншаму пачынае сябе паводзіць: лепш даглядае сябе, лепш ставіцца да бацькоў, менш «псіхуе». Карацей, з ім ужо нашмат лягчэй.

У нас трохпакаёвая кватэра. У Максіма ёсць свой пакой, у яго шмат цацак, камп'ютар, ноўтбук — усё ёсць. Але гэта бясцэнны вопыт для такога дзіцяці — пабыць у іншай абстаноўцы, з іншымі людзьмі, мець зносіны з такімі ж дзецьмі, як ён сам. Пры гэтым адпачываюць бацькі і адпачывае ён сам. Так што перадышка патрэбна не толькі бацькам, але і дзецям — гэта для іх магчымасць зносін.

У Мінску бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, могуць пакінуць яго начасовую апеку сацыяльных работнікаў грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ)» на тэрмін ад некалькіх дзён да месяца на працягу года.

—  Перш чым узяць дзіця на пражы-ванне, мы дэталёва распытваем мамі татаў пра яго звычкі, перавагі і хобі. Першую ноч мама нават можа правесці з дзіцем, каб паглядзець, як яно адаптуецца да новай абстаноўкі. Такая паслуга папулярная, — кажа Марыя Сінякевіч, каардынатар гэтага праекта ў«БелАДДІіМІ».

Самых цяжкіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў спецыяльным і медыцынскім доглядзе, можна часова размясціць у Беларускім дзіцячым хоспісе.

—  Некаторых дзяцей не кожны наватможа пакарміць, таму што трэба гэта рабіць праз зонд. Калі мама аддае такое дзіця на сацыяльную перадышку, яна ўпэўнена ў нас, бо нашы сядзелкі ўсе з медыцынскай адукацыяй. Наогул, калі дзіця трапляе да нас першы раз, мы яго бяром на тры пробныя дні. Калі ўсё праходзіць добра — мы ў сілах забяспечыць належны догляд, а дзіцяці камфортна іспакойна, — супрацоўніцтва працягваецца, — распавяла нам старшая медсястра аддзялення сацыяльнай перадышкі Беларускага дзіцячага хоспіса Аксар на Бацюкова.

Скарыстацца сацыяльнай перадышкай можна, загадзя напісаўшы заяву, запоўніўшы анкету пра сваё дзіця, а таксама падаўшы медыцынскую даведку аб тым, што ваш малы не хварэў апошнія тры дні на інфекцыйныя захворванні. Пасля гэтага з вамі заключаць дагавор і пазнаёмяць ваша дзіця з медсёстрамі і абавязкова—з сядзелкай, якая будзе яго даглядаць. Догляд ажыццяўляецца за кошт сродкаў хоспіса.

ооо

Са студзеня мінулага года сем'і, якія пражываюць у Мінскай вобласці і ў Мінску, могуць адправіць сваё дзіця-інваліда ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця (Валожынскі раён) — на тэрмін да 28 дзён.

ооо

Сацыяльная перадышка з пачатку мінулага года даступная і ў Гомельскай вобласці — на базе Бабіцкай дапаможнай школы-інтэрната Рэчыцкага раёна. Бабіцкая дапаможная школа-інтэрнат — дзяржаўная ўстанова, у якой пражываюць і навучаюцца дзецісіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Тут добрыя ўмовы для адпачынку і рэабілітацыі.

Варта падкрэсліць, што паслуга сацыяльнай перадышкі не прадугледжвае адмову бацькоў ад дзяцей.

— Нашы дзеці сямейныя, яны горача любімыя сва і мі бацькамі. Бацькі перадаюць нам іх на пэўны час з прычыны сваіх абставін, — кажа кіраўнік праекта ў Беларускім дзіцячым хоспісе Тамара Рэшка. — І мы дзіця не лечым, а прапаноўваем догляд, ствараем спакойную, утульную абстаноўку...

Колькі будзе каштаваць?

Нічога бясплатнага, як вядома, не бывае. Сацыяльная перадышка — дарагая паслуга, яна не можа быць дабрачыннай для ўсіх. У рамках праекта яна прапаноўвалася сем'ям бясплатна. Цяпер, калі праект скончаны, нейкую частку аплаты павінны будуць узяць на сябе бацькі.

За 22 месяцы рэалізацыі праекта «Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю ў Рэспубліцьі Беларусь» паслугай сацыяльнай перадышкі скарысталіся 160 сем'яў. Праект рэалізоўваўся пры тэхнічнай падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

Але самае галоўнае ўсё ж тое, што інтэрнатныя ўстановы, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінпрацы і сацабароны, будуць працягваць прадастаўляць мамам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, гэтую паслугу.

— Заканадаўчая база ёсць, у статуце дамоў-інтэрнатаў замацавана паслуга сацыяльнай перадышкі. Няма ніякіх падстаў для таго, каб яна не выконвалася, — сказала «Звяздзе» першы намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Таццяна Дамарацкая.

Прапаноўваць сацыяльную перадышку на платнай аснове змогуць усе дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Аплаціць гэтую паслугу можна будзе за кошт штомесячнай дапамогі на дзіця (пенсіі).

Напрыклад, кошт пражывання дзіцяці ў Чэрвеньскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця складае 40 тыс. рублёў на суткі, Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцейінвалідаў — каля 80 тыс. рублёў. Па словах Таццяны Дамарацкай, пастаянныя выхаванцы гэтых інтэрнатных устаноў таксама пражываюць там на ўмовах аплаты, якая складае 90% іх пенсіі. «Мы можам разглядаць магчымасць прадастаўлення сацыяльнай перадышкі на такіх жа ўмовах, на якіх іншыя дзеці ўтрымліваюцца ўтрымліваюцца ў спецыялізаваных інтэрнатных установах», — сказала яна.

Святлана БУСЬКО

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.