Вы тут

Мастак з Гомеля Валерый Ляшкевіч 20 гадоў жыве на вуліцы


А днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё яго выставы

І не толькі выставы. Адбыўся яшчэ і паказ дакументальнага фільма «Скрыжаванне» рэжысёра Настассі Мірашнічэнкі пра жыццё, творчасць і філасофію (так-так, менавіта філасофію!) мастака. На гэтае незвычайнае мерапрыемства сабралася даволі шмат народу. Асабліва калі ўлічваць, што мастака добра ведаюць гамяльчане, а вось у сталіцы пра яго мала хто чуў. За столькі гадоў жыцця на вуліцы гамяльчане прывыклі да Валерыя Ляшкевіча. Заўважаць яны яго, вядома, не перасталі, бо не заўважыць гэтага добрага, усмешлівага, ахайнага (нягледзячы на вулічнае жыццё) дзядулю немагчыма. Ён дрэнна арыентуецца ў рынкавых коштах на мастацтва і прадае свае карціны або рэпрадукцыі проста на вуліцы за «хто колькі дасць». Стаіць ён заўжды на адным і тым жа месцы — на Кіеўскім спуску ў Гомелі. Як талісман. Як сімвал. Бо Валерый Ляшкевіч здолеў, у адрозненне ад большасці з нас, перамагчы сістэму ў жыцці, асяродку, сабе.

ляшкевіч

Ён жыве на вуліцы, але ён не залежыць ні ад кога і ні ад чога. На грошы, заробленыя ад продажу карцін, ён ходзіць у лазню і цырульню. Ён думае, што мусіць выглядаць прыстойна, бо яму даводзіцца кантактаваць з людзьмі. Валерый Ляшкевіч не проста дэманструе і прадае свае карціны. Ён тлумачыць гледачам, пра што яго мастацтва, заклікае іх разважаць.

Ёсць у фільме Настассі Мірашнічэнкі такі эпізод, калі на Кіеўскім спуску мастак развешвае свае карціны на вяровачцы, а побач гуляюць дзеці, разглядаюць. І мастак ім кажа:

—  Вы выставу глядзіце і думайце, чаму так намалявана!

 

Пошукі спонсара

Шчыра кажучы, я доўга думала, як напісаць гэты артыкул. Як рэцэнзію на фільм або выставу? Але як можна напісаць проста рэцэнзію, калі фільм Настассі Мірашнічэнкі — гэта хутчэй не твор кінамастацтва, а праява жыцця, спагады і чалавечнасці. Цэлы год выключна на ўласныя сродкі ўся здымачная група фільма (сцэнарыст Алена Антанішына, гукарэжысёр Святлана Сокал, аператар Аляксандра Мароз, відэаінжынер Варфаламей Курага, аўтар музыкі Аляксей Варсоба з гурта «ПортМанэ») дапамагала свайму герою, чым толькі магла, адначасова назіраючы за ім і запісваючы на камеру яго рэальнае жыццё, у якое надзвычай цяжка паверыць звычайнаму чалавеку.

ляшкевіч3

—  Пэўны час таму, — распавядае рэжысёрка, — я даведалася пра Валерыя Ляшкевіча і ўсё хацела зняць пра яго фільм. Але ва ўсіх месцах, дзе я ў той ці іншы час працавала, такая тэма для фільма не ўхвалялася. І я стала шукаць спонсара. Але аказалася, што ў Беларусі і спонсара знайсці на такія дакументальныя праекты немагчыма. У нас лепей праспансуюць якінебудзь ореп аіг, чым дапамогуць зняць фільм пра чалавека, які на вуліцы ўсё жыццё пражыў. У выніку мы вырашылі здымаць фільм самі. Траціліся хіба што на квіткі. Ну і так — паесці. Дапамагалі Валерыю, чым маглі. І цяпер, безумоўна, я не спадзяюся, што гэты фільм пакажуць па нашым тэлебачанні і не думаю, што на ім змагу зарабіць. Мне важна дапамагчы чалавеку з унікальным унутраным светам, які стаў ужо для ўсёй нашай каманды блізкім, прыцягнуць да яго асобы і творчасці ўвагу людзей, якія, можа быць, фінансава змогуць яму дапамагчы больш, чым я.

Настасся распавяла, што на прэзентацыі ў Нацыянальным музеі да яе падыходзілі некалькі самавітых людзей, казалі, што будуць думаць, чым могуць дапамагчы мастаку. А я вось у сувязі з гісторыяй Валерыя Ляшкевіча ўсё ўзгадваю лёс Вінсэнта Ван Гога. Ды і не толькі ж у яго аднаго быў такі трагічны лёс. Калі мастак жыў у поўнай галечы і занядбанасці, а праз які дзясятак гадоў пасля яго смерці творы прадаваліся на самых буйных аўкцыёнах за велізарныя грошы. Апагей несправядлівасці...

Не гнацца за Рафаэлем

Праўда, сам гомельскі мастак не лічыць сябе няшчасным чалавекам. Гранічна шчыры, не раззлаваны і не пакрыўджаны на жыццё, ён захапляе сваёй жыццярадаснасцю. Ён кажа, што не гоніцца за Рафаэлем і што ў яго ёсць некалькі такіх карцін, праз якія можа сказаць, што пражыў жыццё не дарэмна.

ляшкевіч2

— Я сімваліст, таму што мяне жыццё прымусіла ім быць, а не таму, што так люблю сімвалізм. Я проста аналізую, што ў жыцці адбываецца, і адлюстроўваю гэта на паперы, — распавядае Валерый Ляшкевіч у фільме «Скрыжаванне».

Усяго адзнятага матэрыялу, дарэчы, ажно 60 гадзін! І стваральнікам вельмі цяжка было выбраць, што ж пакінуць у фільме працягласцю крыху больш за гадзіну. Так што, калі раней Настасся Мірашнічэнка працавала над дакументальнымі драмамі пераважна для тэлебачання («Звязда» пісала, напрыклад, пра яе фільмы «Легенды Нясвіжа» і «Фаўст Радзівіла»), то фінальны варыянт «Скрыжавання» ствараўся пераважна на стадыі мантажу. У выніку атрымаўся фільм-назіранне з вялікай колькасцю закадравага тэксту. Гэта маналог Валерыя Ляшкевіча, яго расповед пра жыццё. Як ён, напрыклад, ходзіць у кнігарню, каб пачытаць кнігі. І як спачатку прадавачкі ставіліся да яго насцярожана і выганялі, а потым прызвычаіліся, зразумелі, што ён бяскрыўдны, з кнігамі — асцярожны, і перасталі выганяць. Часам ён так па некалькі дзён запар прыходзіць, каб нейкую кнігу прачытаць да канца. Яшчэ ён чытае газеты. І наогул вельмі адукаваны чалавек, добра ведае гісторыю мастацтва. Вучыўся ў Бранскай мастацкай вучэльні, 12 гадоў пражыў у Санкт-Пецярбургу і цяпер кожнае лета ездзіць туды маляваць на вуліцы і прадаваць свае карціны. Нейкі час добразычліўцы нават здымалі яму там кватэру, а на «Юцьюбе» ёсць аматарскае піцерскае відэа пра мастака. Але беларуская каманда зрабіла першы паўнавартасны фільм пра ўнікальнага творцу, якога мясцовыя жыхары называюць гомельскім Чурлёнісам.

— Самае складанае было, — распавядае рэжысёрка, — калі мы, правёўшы з ім пэўны час у Гомелі або Піцеры, мусілі з'язджаць, а ён заставаўся і ішоў начаваць у кардонных каробках...

Не дзеля прыгажосці

Мы прывыклі да знешняга камфорту, дабрабыту і ўладкаванасці. А Валерый Ляшкевіч пайшоў насуперак. Ён начуе на лаўках у дворыках, пад помнікамі і нават на вакзале, калі зусім пашчасціць. Так, ён дзівак. Магчыма, нават трошкі блазен. Але ён увасабляе дух свабоды. Яго нельга мераць звычайнымі меркамі, яму нельга параіць пайсці вагоны разгружаць, каб мець нібыта больш годны лад жыцця. Бо гэта іншага гатунку чалавек. Усе ж мы розныя і жывём кожны дзеля нечага рознага на гэтым свеце. Валерый Ляшкевіч жыве не дзеля прыгажосці, а дзеля праўды, калі, вядома, наогул можна патлумачыць словамі такія недасяжныя высокія матэрыі. Яго карціны трывожныя і часта цьмяныя. У розных тэхніках (аловак, туш, акрыл ды інш.) ён распавядае нам пра свае мітрэнгі і клопаты, пра культ грошай і спажывання, які завалодаў усімі...

— «Чорны квадрат» Малевіча або «Герніка» Пікаса ствараліся не дзеля прыгажосці, так і мае карціны, — тлумачыць мастак.

У Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлена 25 твораў мастака. Гэта тыя з 50 карцін, якія прывезла на разгляд спецыялістам-мастацтвазнаўцам рэжысёр фільма пра Валерыя Ляшкевіча. Карціны збіраліся адусюль. Некаторыя выбралі з уласнай калекцыі Ляшкевіча, некаторыя прадаставілі два гомельскія калекцыянеры, у якіх захоўваецца па 15 твораў вулічнага мастака. А наогул творы Ляшкевіча, магчыма, захоўваюцца па ўсім свеце, бо шмат людзей праходзяць міма яго імправізаваных выстаў у Гомелі і Пецярбургу, купляюць яго творы. І гэтыя людзі могуць быць з розных куткоў свету. Толькі вось мы пакуль так і не навучыліся цаніць тое, што маем.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».