Вы тут

Выбарчая кампанія ў разгары


Завяршылася вылучэнне ініцыятыўных груп

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца 23 сакавіка, а вось выбарчая кампанія сёння знаходзіцца на самым актыўным сваім этапе. Ужо сфарміраваны тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі, а пра тое, што на чарзе, нашаму карэспандэнту расказаў Мікалай ЛАЗАВІК, сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў.

Згодна з каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, цяпер праходзяць два паралельныя этапы перадвыбарнай кампаніі.

Па-першае, арганізатары выбараў працуюць над утварэннем участкаў для галасавання і фарміраваннем участковых выбарчых камісій. «Стварэнне ўчастковых камісій мае важнае значэнне таму, што менавіта яны будуць працаваць з выбаршчыкамі, — падкрэсліў Мікалай Лазавік. — Яны рыхтуюць інфармацыю пра кандыдатаў, запрашаюць людзей прыняць удзел у выбарах, а пасля іх правядзення арганізуюць падлік вынікаў. Раней жа створаныя камісіі — тэрытарыяльныя і акруговыя — павінны займацца фінансавымі пытаннямі, працаваць з органамі ўлады і з кандыдатамі ў дэпутаты».

Як адзначыў сакратар Цэнтральнай камісіі, плануецца, што 21 студзеня скончылася арганізацыя ўчасткаў для галасавання, а 5 лютага сфарміруюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі.

«Па-другое, з 12 студзеня ахвотныя стаць кандыдатамі ў дэпутаты атрымалі магчымасць праводзіць мерапрыемствы па сваім вылучэнні», — расказаў Мікалай Лазавік. Нагадаем, што вылучаць сваю кандыдатуру можна ад партый, ад працоўных калектываў, а таксама праз збор подпісаў. Калі ахвотны стаць дэпутатам хацеў пайсці па апошнім шляху, то яму неабходна было да 16 студзеня падаць у выбарчую камісію спісы ініцыятыўнай групы і заяву на яе рэгістрацыю (калі ініцыятыўная група будзе зарэгістравана, яе члены атрымаюць адпаведныя дакументы і пачнуць збіраць подпісы за свайго кандыдата).

Мы пацікавіліся, як ідуць справы непасрэдна ў выбарчых камісіях.

Мікалай КОСІК, член Валожынскай раённай выбарчай камісіі,

паведаміў, што яго тэрытарыяльная камісія зарэгістравала 28 ініцыятыўных груп, якія цяпер збіраюць подпісы за сваіх кандыдатаў. Заўваг пры рэгістрацыі гэтых груп не было.

Тамара Шукала, старшыня Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай камісіі, адзначыла, што праца камісіі ідзе згодна з каляндарным планам. «Адбылося два пасяджэнні па рэгістрацыі ініцыятыўных груп (іх зарэгістравана 35), — расказала яна. — Выпадкаў, калі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп давялося адмовіць, не было: усе дакументы ў парадку. Акрамя рэгістрацыі ініцыятыўных груп, прадстаўнікі камісіі кансультуюць патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты, а таксама выбаршчыкаў. Так, да г. Баранавічы нядаўна дадалося некалькі вуліц, якія раней належалі раёну, таму некаторыя выбаршчыкі хочуць ведаць, да якой выбарчай акругі яны адносяцца».

Па словах Тамары Лук'яненкі, намесніцы старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі, абласная камісія не прымае дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, але праводзіць кансультацыі і кіруе працай 60 акруговых камісій, якія ўжо непасрэдна працуюць з ініцыятыўнымі групамі. «Некалькі разоў выязджалі ў раёны (Веткаўскі, Ельскі, Калінкавіцкі), каб паглядзець, як працуюць камісіі на месцах, — расказвае Тамара Лук'яненка. — Цяпер назіраем за вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты. Так, працоўныя калектывы ўжо вылучылі (на 21.01.2014 г.) 10 кандыдатаў у раённыя Саветы дэпутатаў, 12 — у сельскія».

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».