Вы тут

Імператыў мадэрнізацыі


Размова Прэзідэнта з кіраўнікамі вядучых сродкаў масавай інфармацыі была арыентавана на абмеркаванне ключавых праблем беларускага грамадства. Сярод іх, безумоўна, асаблівае месца займае мадэрнізацыя

Па сутнасці, большая частка таго, што казаў Аляксандр Лукашэнка, мела дачыненне да мадэрнізацыі ў шырокім яе разуменні (напрыклад, рэформа сістэмы праваахоўных органаў, рэформы ў спорце і гэтак далей). Але ўвага была ўдзелена і непасрэдна пытанням эканамічнай мадэрнізацыі, ад рашэння якіх для Беларусі залежыць сапраўды многае.

Першы тэзіс Прэзідэнта: мадэрнізацыя — гэта правільна і неабходна нават ва ўмовах крызісу. Мадэрнізацыя застаецца найважнейшым імператывам эканамічнай палітыкі. Таму што так і толькі так беларусы могуць зарабіць на годнае жыццё, а Беларусь — здзейсніцца, як суверэнная дзяржава. Крызіс — гэта толькі падстава для таго, каб працаваць хутчэй і больш эфектыўна.

Другі тэзіс: змяняецца падыход да арганізацыі мадэрнізацыі, яе метадалогія. Па-ранейшаму перад кожным кіраўніком прадпрыемства стаіць задача распрацаваць і рэалізоўваць план мадэрнізацыі. Аднак дзяржава будзе падтрымліваць сваім рэсурсам толькі тыя праекты і планы мадэрнізацыі, якія абяцаюць рэальную выгаду ў перспектыве 3-4 гадоў.

Трэці тэзіс: важнай задачай эканамічнай мадэрнізацыі Беларусі з'яўляецца забеспячэнне дыверсіфікацыі яе эканомікі, як у плане крыніц сыравіны, так і ў плане рынкаў збыту. Максімальны акцэнт — на тых вытворчасцях, якія выкарыстоўваюць мясцовую сыравіну (перш за ўсё, лес, будаўнічыя матэрыялы). І пры гэтым — пошук новых рынкаў збыту, альбо самастойны, альбо арганізаваны нашымі партнёрамі ў сумесных інтарэсах.

Прыкладам апошняга можна лічыць стварэнне ў Беларусі сумеснага з кітайскай кампаніяй Оееіу зборачнай вытворчасці легкавых аўтамабіляў. З аднаго боку, гэта праект імпартаёмкі, цалкам заснаваны на імпарце камплектуючых і тэхналогіі.

З іншага боку, аб'ёмныя ўкладанні ў гэты праект кітайскага боку дазваляюць спадзявацца на падтрымку КНР ў пытанні пошуку рынкаў збыту для аўтамабіляў, якія будуць вырабляцца ў Беларусі. А дамагчыся большай ступені лакалізацыі тэхналагічнага працэсу ў Беларусі можна на больш позніх этапах рэалізацыі праекта.

Нарэшце, ёсць і чацвёрты тэзіс — аб мадэрнізацыі канкрэтных галін, карэнным пераглядзе схем кіравання і арганізацыі працы ў іх. У 2014 годзе такі лёс чакае сельскую гаспадарку і жыллёва-камунальную гаспадарку. Мэта ў сферы ЖКГ — забяспечыць празрыстасць фармавання тарыфаў, як для ўлады, так і для насельніцтва. Пры гэтым самі тарыфы будуць працягваць свой рост з улікам павышэння даходаў насельніцтва для таго, каб з цягам часу ўсе выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі пакрываліся аплатай грамадзян. З аднаго боку, гэта, вядома, павялічвае нагрузку на насельніцтва. Але з іншага боку, гэта дазваляе фінансава «разгрузіць» прадпрыемствы, зрабіць іх больш канкурэнтаздольнымі, а значыць — забяспечыць павышэнне ўзроўню даходаў людзей.

У сельскай гаспадарцы стаі ць іншая, але не менш канкрэтная і складаная задача — выйсці на фінансава заможную мадэль працы гэтай сферы. Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў яе так: «Я хачу разабрацца. Гэтых грошай, якія мы ўклалі ў мадэрнізацыю ўсяго комплексу — ад сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі да рэалізацыі, дастаткова ці працягваць падтрымліваць у такім плане? Шмат гэта ці мала? А вынікі трэба яшчэ суаднесці з гэтымі выдаткамі. Гэта значыць настаў час разабрацца, якая там сітуацыя, і прымаць далейшыя рашэнні: ці ж мы сельскую гаспадарку падтрымліваем, як падтрымлівалі, або іх трэба сёння нахіліць на ўсю катушку, каб яны зараблялі грошы самі».

Сёння дзяржава за кошт нізкіх закупачных цэн на сельгаспрадукцыю забяспечвае адносна нізкі кошт сыравіны для харчовай прамысловасці і, адпаведна, рэгулюе цану на сацыяльна значныя прадукты харчавання. Прэзідэнт, па сутнасці, задаецца пытаннем аб тым, наколькі мэтазгодна захаванне такой мадэлі. Ці не лепш адпусціць цэны, забяспечыць прыбытковасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прымусіць спажыўца плаціць больш, але пры неабходнасці — фінансава падтрымаць сацыяльна неабароненыя слаі насельніцтва? З іншага пункту гледжання — а што ў такім выпадку будзе з рэнтабельнасцю харчовай прамысловасці? Верагодна, у 2014 годзе сітуацыя будзе вывучана дэталёва і будзе прынята рашэнне па гэтым пытанні.

Такім чынам, у гутарцы з кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Прэзідэнтам быў прадстаўлены накід цэласнай эканамічнай праграмы, выбудаванай з улікам вельмі няпростых знешнеэканамічных абставінаў, у якіх знаходзіцца Беларусь. І ў цэнтры гэтай праграмы — уяўленне пра мадэрнізацыю, якая павінна мець татальны характар, але пры гэтым звышінтэнсіўна прасоўвацца наперад па некалькіх ключавых, найбольш эфектыўных кірунках.

Юрый ЦАРЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».