Вы тут

За парушэнні ў сферы гандлю штрафы павялічацца?


Летась, у ліпені, пры Міністэрстве гандлю было створана ўпраўленне кантролю спажывецкага рынку, ці прасцей — гандлёвая інспекцыя. Яна ажыццяўляе кантроль за выкананнем арганізацыямі і грамадзянамі, у тым ліку ІП, заканадаўства аб гандлі (у прыватнасці, патрабаванняў да якасці тавараў, якія рэалізуюцца), назірае за належным выкананнем суб'ектамі гаспадарання работ і аказаннем паслуг. Днямі аб выніках і перспектывах працы гандлёвай інспекцыі ішла размова падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. На пытанні адказваў начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку — гандлёвай інспекцыі Валяр'ян Бяспалы. «Звязда» друкуе найбольш цікавыя адказы.

гандаль

Аб пакаранні

«Памеры штрафных санкцый, устаноўленых за большасць парушэнняў, што выявіліся падчас праверак і маніторынгаў, нізкія, — канстатаваў Валяр'ян Бяспалы. — Пры гэтым суды ўжываюць, як правіла, мінімальныя санкцыі». На яго думку, адсутнасць аднастайнага падыходу пры разглядзе спраў і прыцягненне да мінімальнай адказнасці вінаватых службовых і юрыдычных асоб не дазваляе забяспечыць належны парадак у сферах гандлю і паслуг, скараціць колькасць парушэнняў. «У некаторых выпадках суб'екту прадпрымальніцкай дзейнасці больш выгадна заплаціць за рэалізацыю пратэрмінаваных тавараў штраф, чым спісваць прадукцыю, кошт якой істотна перавышае памер штрафных санкцый. У сувязі з гэтым Міністэрства гандлю 13 снежня 2013 года звярнулася ў Вярхоўны Суд з просьбай рэкамендаваць судам пры разглядзе пытанняў аб прыцягненні да адказнасці за падобныя парушэнні прымяняць больш істотныя штрафныя санкцыі, сувымерныя з характарам здзейсненых адміністрацыйных правапарушэнняў, ступенню віны парушальнікаў, а таксама цяжарам магчымых наступстваў». Акрамя таго, Мінгандаль рыхтуе прапановы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у асобныя нарматыўныя прававыя акты, накіраваныя на ўзмацненне адказнасці за асобныя правапарушэнні ў сферы гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва і абароны правоў спажыўцоў.

Праверкі напярэдадні чэмпіянату

«У адпаведнасці з заканадаўствам, рэжым праверкі аб'ектаў, якія будуць абслугоўваць гасцей і жыхароў Мінска ў перыяд правядзення ЧС, павінен супадаць з рэжымам іх працы, — заявіў Валяр'ян Бяспалы. — За апошні час праведзены праверкі аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання, якія працуюць у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» і на сталічным чыгуначным вакзале. Па выніках праверак, на жаль, было ўстаноўлена шмат парушэнняў. У прыватнасці, высветлілася, што практычна ў кожным другім аб'екце гандлю рэалізуецца пратэрмінаваны тавар. Адпаведна, будуць узмоцнены патрабаванні да суб'ектаў гаспадарання, у першую чаргу тых, хто ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыі аэрапорта і вакзала».

Дастаткова адной скаргі

Колькі павінна паступіць скаргаў на канкрэтную краму, каб супрацоўнікі інспекцыі выехалі на месца? На гэтае пытанне адказаў так: «У гэтым выпадку колькасць не мае значэння. Мы правяраем адпаведнасць скаргі і прымаем рашэнне па праверцы. Пакупніку, чые правы былі парушаны, дастаткова патэлефанаваць адзін раз, каб мы былі гатовы праверыць любы аб'ект. На жаль, за адзін раз адрэагаваць на ўсе званкі мы не можам. У штаце на ўсю краі ну толькі 34 чалавекі, тады як колькасць гандлёвых аб'ектаў і грамадскага харчавання перавышае 72 тысячы. У той жа час колькасць прадпрымальнікаў, якія займаюцца рэалізацыяй тавару і аказаннем паслуг, — 120 тысяч. Разам з тым, усе званкі, якія паступаюць да нас на гарачую лінію, бяром пад кантроль».

Дарэчы, Валяр'ян Бяспалы не выключыў, што для спрашчэння зваротаў грамадзян можа быць створаны кароткі нумар «гарачай лініі». «Аднак і дзеючы нумар у Мінску зусім не складаны, яго лёгка запомніць — (017) 200-92-02, — падкрэсліў кіраўнік гандлёвай інспекцыі. — Да нас пакуль не паступала скаргаў ад насельніцтва на тое, што туды нельга ці складана дазваніцца. Тэлефон дзейнічае ў працоўны час, аўтаадказчыка там няма, зносіны ажыццяўляюцца напрамую з грамадзянінам. Калі людзі сутыкаюцца з праблемай увечары, калі вяртаюцца з працы, або ў выхадныя дні, можна патэлефанаваць па гэтым нумары пазней».

Гульні з цэнамі

«Парадак афармлення цэннікаў і іх наяўнасці з'яўляецца адным з фактараў, які мы пры кожнай інспекцыі правяраем у суб'екта гаспадарання. Вядома, ёсць мноства нараканняў на неадпаведнасць цэн па многіх аб'ектах. Але мы прымаем захады, у тым ліку складаем дакументы для прыцягнення юрыдычных асоб і суб'ектаў гаспадарання да адказнасці. Калі сам пакупнік выявіў неадпаведнасць цаны ў гандлёвай зале і пры разліку, несумненна, ён мае права запатрабаваць правільнага разліку ў любога суб'екта і вяртання тавару. Заўсёды трэба звяртацца да кіраўніка аб'екта, — раіць спецыяліст, — які павінен гэтую сітуацыю разгледзець і вырашыць на карысць пакупніка, калі факт парушэння ўстаноўлены. Трэба арыентавацца на кошт, які пазначаны на цэнніках у гандлёвых залах. Калі ж у чэку кошт вышэй, пакупнік можа запатрабаваць вярнуць яму розніцу».

На інтэрнэт-краму таксама можна паскардзіцца

«Кантралюе працу інтэрнэт-крам, якіх у Беларусі налічваецца больш за 6,5 тысячы, не толькі гандлёвая інспекцыя, але і ў цэлым Міністэрства гандлю, — сказаў Валяр'ян Бяспалы. — За мінулы год праверкі прайшлі больш чым у 250 інтэрнэт-крамах. Устаноўлена мноства парушэнняў пры арганізацыі іх працы. Сярод найбольш частых — адсутнасць указання кошту на тавар або ўказанне не ў беларускіх рублях, а таксама непрадастаўленне чэка. Калі пакупнік сутыкаецца з праблемамі ў працы з інтэрнэт-крамамі, яму варта звяртацца або ў Міністэрства гандлю, або ў таварыства па абароне правоў спажыўцоў».

Падрыхтаваў Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?