Вы тут

Нябронзавы класік


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 28.02.14

___________________________________________________________________________

Калі гэтая кніга ўпершыню пабачыла свет у 1989 годзе, то яе наклад вельмі хутка разышоўся, а само выданне стала для многіх адначасова і вялікай нечаканасцю, і выдатным адкрыццём. Не дзіўна: кніга адкрыла шмат невядомых старонак летапісу жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, разам з тым змяніла ўяўленне пра тое, як трэба пісаць пра класікаў. Гаворка ідзе пра выданне “Лясному рэху праўду раскажу…”. Гэта ўспаміны вядомай даследчыцы літаратуры, журналіста Валянціны Куляшовай пра свайго бацьку — знакамітага паэта Аркадзя Куляшова. Сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў межах серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” кніга атрымала другое жыццё: па-новаму аформленая, дапоўненая выдатнымі фотаздымкамі, яна запрашае да гутаркі новых чытачоў. Прэзентацыя прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Куляшоу

 

У зале сабраліся не толькі прыхільнікі творчасці Аркадзя Куляшова, выдаўцы, даследчыкі, музейшчыкі, але і сваякі паэта, падчас імпрэзы гучала шмат вершаў класіка, успамінаў пра яго. Так, унук Аркадзя Куляшова, вядомы фалькларыст, калекцыянер музычных інструментаў, музыка, лідар фальклорнага гурта “Ліцьвіны” Уладзімір Бярбераў распавёў:

— Аркадзь Куляшоў быў чалавек з надзвычай разнастайнымі інтарэсамі. Вось чаму ягоная паэзія такая разнастайная па тэматыцы, вось чаму ў вершах згадваюцца касмічныя палёты яшчэ за некалькі гадоў да запуску першага штучнага спадарожніка, не тое што да першага палёту чалавека ў космас. Паэт быў вельмі замкнёны: пазбягаў трыбун, не любіў, калі што-небудзь адрывала ад творчасці. Апроч аднаго: ён быў вельмі рады, калі ў доме з’яўляліся разумныя людзі, з якімі ён мог весці доўгія размовы і пра космас, і пра кліматалогію, якая ў той час яшчэ нават не мела такой назвы. Уяўляеце, я сам чуў ад свайго дзеда тэорыю пра тое, што мы жывём у канцы ледавіковага перыяду. Калі ў сярэдзіне 1960-х адзін за адным ішлі вельмі засушлівыя і спякотныя гады, ён казаў, што ўсё гэта частка аднаго вельмі доўгага цыкла. Будзе паступова цяплець, дойдзе да нейкага піку, а потым зноў пачнецца пахаладанне. Проста цыкл настолькі доўгі, што людзі не могуць яго заўважыць. Менавіта пра гэта толькі 10-15 гадоў таму сталі казаць навукоўцы. А яшчэ Аркадзя Куляшова ад творчасці маглі адарваць шахматы. Ён быў выдатным шахматыстам, з ім неяк згуляў нават кандыдат у майстры спорту сярод юніёраў. Вынік быў такі: хлопцу не ўдалося ні разу выйграць у Куляшова з-за непрадказальнасці хадоў паэта. Ён гуляў і ў карты, але ўжо радзей, прызнаваў толькі прэферанс. Усе астатнія гульні, нават “тысяча”, яму падаваліся нецікавымі, бо ў іх гуляць вельмі проста.

Працэс напісання твораў таксама ў яго быў свой, адметны. Дзядуля спачатку клаўся на канапу і доўга глядзеў у столь. Усе хатнія ведалі: нешта складае, можа, нават паэму. Пасля падымаўся, сядаў за стол і, па сутнасці, з хуткасцю сакратаркі пачынаў друкаваць твор на машынцы: у галаве ўсё ўжо было складзена. І гэты вялікі фрагмент трэба было толькі занатаваць. Дарэчы, у апошнія гады жыцця пісаць Куляшову дапамагала котка. Калі ён прадумваў творы на канапе, яна клалася на жывот ці грудзі, а калі сядаў да машынкі, котка сядала побач і зацікаўлена глядзела, як працуе машынка, нібыта магла нешта зразумець. Дзядуля быў надзвычай далікатным чалавекам. Для яго было недапушчальна каго-небудзь пакрыўдзіць. Не толькі чалавека, ён і ў чатырохногіх нашых сябрах таксама паважаў асобу, нават абразіць звера лічыў недапушчальным.

Своеасаблівую рэкламу новаму выданню падчас выступлення зрабіла даследчыца жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова, загадчык аддзела тэксталогіі і выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Тэрэза Голуб:

— Валянціна Аркадзьеўна піша з надзвычайнай лёгкасцю, а сама кніга чытаецца на адным дыханні. Гэтае выданне каштоўнае для кожнага чытача. З яго старонак вы даведаецеся пра род Куляшовых па лініі бацькі і маці, пра дзяцінства паэта, яго захапленне творчасцю класікаў рускай літаратуры, пра тое, адкуль бяруць вытокі паэтычныя радкі аўтара, а таксама пра яго незвычайныя здольнасці пісаць. Аркадзь Куляшоў любіў пісаць алоўкам. Думаецца, гэтая адметнасць яго творчай індывідуальнасці бярэ пачатак яшчэ ў той час, калі паэт сябраваў з Астапенкам і Таўбіным і яны жылі разам на кватэры на вуліцы Розы Люксембург. У іх быў вельмі цесны пакойчык, пісаць хацелася, а месца для таго, каб карыстацца пяром і чарнілам, не было. Таму даводзілася пісаць алоўкам. У Валянціны Аркадзьеўны вы прачытаеце і пра часы яго навучання, з кім сябраваў, якім ён быў верным таварышам на ўсё жыццё. А сяброўства Куляшова з Аляксандрам Твардоўскім — і ўвогуле асобная старонка жыцця класіка. Тут можна прачытаць гісторыі напісання вядомых вялікіх паэм, а таксама цікавыя расповеды пра тое, як склаліся асобныя вершы. Перад намі выдатная кніга, успаміны не толькі дачкі класіка, але і выдатнага літаратуразнаўцы і журналіста.

Але не толькі гэтае выданне сталася данінай памяці класіка да стагоддзя з дня нараджэння. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падрыхтаваная адмысловая выстаўка, у межах якой прадстаўлены зборы твораў Аркадзя Куляшова, творы паэта ў перакладзе на розныя мовы, публікацыі, змешчаныя ў перыёдыцы і зборніках навуковых артыкулаў, а таксама манаграфіі, у якіх разглядаюцца жыццё і творчасць пісьменніка. На гэтай выстаўцы можна пабачыць і сапраўдны рарытэт — паэму А. Куляшова “Сцяг брыгады”, што была выдадзеная ў 1943 годзе асобнай кнігай. Сёння гэты асобнік ужо адрэстаўраваны, але ён і цяпер выдаецца чытачам. Добрым падарункам да юбілею класіка стане і новае выданне манаграфіі Тэрэзы Голуб “Летапіс жыцця і творчаці Аркадзя Куляшова”. Зусім хутка яе дапоўнены і дапрацаваны тэкст у новым афармленні пабачыць свет у Выдавецкім доме “Беларуская навука”.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.