Вы тут

«Cheesecake» ў новых рытмах


Білет на паўфінал «Еўрабачання-2014» выйграў слонімскі рэпер.

Прадстаўнік Беларусі на сёлетнім конкурсе Тэа (Юрый Вашчук) і Белтэлерадыёкампанія падвялі вынікі абвешчанага раней конкурсу кавер-версій на песню «Cheesecake». «Мы атрымалі досыць цікавыя альтэрнатыўныя версіі — у стылі лаўнж-музыкі, танцавальныя рэміксы і нават балады», — расказалі «Звяздзе» ў прэс-службе БТРК.

25-4

З усіх дасланых заявак было выбрана 9 лепшых, сярод якіх у прамым эфіры «Радыус FM» слухачы абралі пераможцу. Найбольшую колькасць галасоў — 33,5% ад усіх — атрымаў рэп-выканаўца SO4 (Сульфат) — Дзмітрый Герасімчык са Слоніма. Ён, дарэчы, зрабіў таксама адмысловы відэакліп (які здымаў, зрэшты, у Мінску), у якім арганічна спалучыў рускамоўныя куплеты і арыгінальны прыпеў. Цяпер гэта лёгкае і па-сапраўднаму вясенняе відэа можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Менавіта Сульфату і дастаўся галоўны прыз — білет на другі паўфінал «Еўрабачання» 8 мая, у якім пад нумарам 10 выступіць прадстаўнік Беларусі, — а таксама права выканаць сваю версію песні ў эфіры тэлеканалаў «Беларусь-1» і «Беларусь 24». Праўда, дабірацца да Капенгагена і вырашаць пытанне з размяшчэннем там рэперу давядзецца самастойна, але ён гэтага не баіцца і ўжо абяцаў землякам «прывезці магніцік».

Тым часам у творчым графіку Тэа застаецца ўсё менш вольных хвілін. Днямі беларускі артыст выступаў у Маскве на сольным канцэрце Дзіяны Гарыпавай (яна прадстаўляла Расію на леташнім «Еўрабачанні»). А ўжо ў пачатку красавіка яго чакаюць у Амстэрдаме, дзе на спецыяльным «Канцэрце Еўрабачання» сустрэнуцца амаль усе ўдзельнікі сёлетняга шоу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?