Вы тут

Агу, вясна, агу, красна!


OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Маладзечанская электрычка толькі паспела высадзіць у Вязынцы першых гасцей, а на тэрыторыі філіяла музея Янкі Купалы ўжо ўсё гатова да свята. Вясна — паненка, вядомая сваімі капрызамі і пераменлівым характарам. Летась яна недаравальна спазнілася, а сёлета, быццам выпраўляючы памылку, не стала чакаць, пакуль яе пагукаюць. І ўсё ж сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства разам з супрацоўнікамі музея вырашылі выказаць вясне сваю пашану — каб тая не пакрыўдзілася і прыйшла ўжо напэўна.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Гуканне вясны ў Вязынцы ладзяць не першы год, таму свята ўжо займела традыцыйны фармат: загукальныя песні, карагоды, моладзевыя гульні, танцы, кірмаш рамёстваў. Але радуюць арганізатары і навінкамі: сёлета да мерапрыемства далучылася арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (як-ніяк птушкі — асноўны сімвал свята) і пякарня «Жорны».

Уздоўж ганка музейнай пабудовы гандляры расклалі свае тавары — якіх толькі вырабаў тут няма! «Купляйце птушачак!» — прапануе жанчына, паказваючы на стол з выразанымі з каляровай паперы карункавымі жавароначкамі. Многія падрыхтаваліся загадзя і прывезлі гэтыя веснавыя сімвалы з сабой. А некаторыя маглі сваімі рукамі выразаць і размаляваць жаваранка на месцы — асабліва гэтай справай захапіліся дзеці.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Працягваю шпацыр уздоўж сталоў з рамесніцкімі вырабамі і не стамляюся дзівіцца ўмельствам майстроў. «Пакаштуйце пернікі!» — усміхаецца мне каларытны мужчына ў шэрым, падпярэзаным тканым поясам жупане і чырвонай канфедэратцы, які трымае на ланцугу вялікага сабаку. Нібы сапраўдны засцянковы шляхціц, што выпраўляецца на паляванне! Пернікі прыемнага пясочнага колеру, упрыгожаны белай і чырвонай глазурай — у форме сэрцаў і, вядома ж, птушак! За гандляром ласункамі спадар з немаўляткам на руках прадае збаны, гаршкі, гарлачы ды іншыя керамічныя вырабы. Багата тут і паясоў, і выцінанак, і розных упрыгажэнняў ручной працы...

Збоку ад кірмашу разгарнулася кухня: на агні грэецца ў вёдрах вада на гарбату, пякуцца бліны. Набыць можна і залацісты мёд у слоіках, і цукеркі, і нават малако. Тут жа дзяўчына ў строі прадае птушачак з цеста. Румяныя і пухнатыя дражджавыя, а таксама плоскія з выразанымі крылцамі і вочкамі-разыначкамі. — «Усю ноч пякла!» — працягвае мне пасыпанага цукрам птаха. Шкада есці такую прыгажосць, але каштую. Смачна!

А побач з кухняй на павешаных на высокім дрэве арэлях ужо ва ўсю гушкаюцца дзяўчаты — гэта таксама адна з традыцыйных веснавых забаў. Але ж самае галоўнае ў абраднасці старажытнага беларускага свята — загукальныя спевы. На ўзгорку (каб вясна лепей пачула) вялікім паўкругам збіраюцца дзяўчаты і маладзіцы ў непаўторных народных строях (пераважна пашытых гаспадынямі ўласнаручна!). Гэта ўдзельніцы фальклорных гуртоў, якія і пачынаюць гукаць: «Вясна-вясна на калочку, не напрала на сарочку, гу-у-у!..». Жанчыны то пяюць разам, то групамі пераклікаюцца па чарзе, а гледачоў стройны працяглы спеў прываблівае і нібы гіпнатызуе. А пагукаўшы, спявачкі заводзяць веснавы карагод, што расцягваецца на дзясяткі метраў. Бо разам з імі бяруцца за рукі ўсе ахвотныя — дарослыя і дзеці (некаторыя з іх яшчэ настолькі маленькія, што бяруць удзел у свяце, седзячы ў слінгу на грудзях у мамы ці за татавымі плячыма). На тварах ззяюць усмешкі, дзея захоплівае ледзь не ўсіх гасцей, і арганізатарам не даводзіцца нагадваць пра сваю прынцыповую пазіцыю — не падзяляцца на гледачоў і выступоўцаў.

Пакарагодзіўшы, моладзь пачынае гуляць. Гульні таксама традыцыйныя: «Яваровы людзі», «Баяры», «Цяцерка» — умелі нашы продкі весяліцца! Крыху стаміўшыся, госці ладзяць пікнікі ці проста прагульваюцца па беразе Вязынкі. То тут, то там чуваць жаночыя і мужчынскія спевы. Але неўзабаве ўдарае барабан, пачынае выцілінгваць скрыпка, разліваецца дуда — музыкі запрашаюць на скокі. Круціцца полечка, віхурыць «Карапет» — і з імклівасцю танцаў надыходзіць вясна!

Дзіяна Серадзюк.

Фота аўтара

Мінск — Вязынка — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.