Вы тут

Лунінец. Неба. Чыгунка


«Вечнасці належаць толькі кнігі», — лічыць краязнаўца з Лунінца Таццяна Канапацкая. Менавіта таму гэтай справе аддае ўсе сілы: за ўласныя сродкі яна ўжо выдала пяць краязнаўчых кніг, прысвечаных роднаму гораду. Сабраць звесткі пра славутых землякоў, такім чынам увекавечыўшы іх памяць, яна лічыць сваім непасрэдным абавязкам і дадае, што піша «дакументальна», бо галоўнае — сабраць тое, што можа знікнуць праз пэўны час.

Прыярытэтная тэма для яе — чыгунка, бо менавіта дзякуючы ёй Лунінец ператварыўся ў амаль 30-тысячны горад, абагнаўшы вёску Лунін, якая з'явілася раней, дала назву гэтаму населенаму пункту, але так і засталася вёскай. Падчас сваіх даследаванняў Таццяна Канапацкая гутарыць з нашчадкамі першых чыгуначнікаў, праглядае сямейныя архівы, фотаздымкі. Яна адзначае, што прааналізавала лёсы каля 65 сямей чыгуначнікаў і выявіла адну цікавую, хутчэй, не гістарычную, а чалавечую тэндэнцыю: калі хтосьці зрабіў зло, гэта адлюстроўваецца ў наступных пакаленнях...

Брукаваную дарогу выкладвалі з шасцікутнікаў, зробленых з каменю, мацнейшага за граніт.

Пешаходным мостам цераз чыгунку Лунінец падзелены на дзве часткі. Калісьці, пры будаўніцтве чыгуначнага вузла, спатрэбілася ўзводзіць дамы для працаўнікоў. Але мясцовае насельніцтва сваю зямлю (галоўную сялянскую каштоўнасць!) прадаваць не пагадзілася і прапанавала чыгуначнікам сяліцца па другі бок рэек — там, дзе балота. Так і зрабілі: нізіну асушылі, праклалі канавы, пабудавалі дамы. Гэты мікрараён стаў называцца Залессе, а ў даваенны час ён меў назву «пасад Лунінец» (у адрозненне ад цэнтра — «сяла Лунінец»). І цяпер у гэтай частцы горада пераважае прыватная забудова пачатку ХХ стагоддзя. Гуляючы па вуліцах, заўважаеш: нішто ад вачэй не засланяе неба. Для чалавека са сталіцы гэта падаецца нават нязвыклым: яно паўсюль, яго блакітным кавалкам не трэба вырывацца з-за высокіх гмахаў. Неба шчыльна і ўтульна ахінае гэтую палескую раўніну.

1-18

Унізе фотаздымка з відам прывакзальнай вуліцы даваеннага Лунінца стаіць лічба 1429. Уладальніца рарытэта сцвярджае, што такім чынам палякі адзначалі на паштоўках даты першай згадкі пра гарады ў старажытных летапісах. Калі ўдасца даказаць, што гэта сапраўды так, Лунінец, які рыхтуецца да 565-гадовага юбілею, «пастарэе» на 20 гадоў, а ўзрост любому гораду дадае значнасці.

Чыгунка ніколі не страчвала сваёй стратэгічнай важнасці. Калі да ўлады ў гэтай частцы Беларусі прыйшлі палякі, яны яе таксама развівалі. Шмат увагі надавалі і добраўпарадкаванню гарадскіх вуліц. Брукаваныя дарогі выклалі шасцікутнікамі, зробленымі з каменю, мацнейшага за граніт. Аднак у наш час амаль усе яны заліты асфальтам. Хтосьці заўважыў, што ў некаторых прыватных дварах ляжыць надзейная і прыгожая старая брукаванка... Адметнасць, створаную «ў польскі час», заўважаеш хіба ў Луніне, з якога па брукаванай дарозе можна дабрацца ў вёску Лобча.

У 1930-я гады склад насельніцтва ў Лунінцы быў прыкладна такім: 5 тысяч беларусаў, 5 тысяч яўрэяў, 2 тысячы палякаў і прадстаўнікоў іншых нацый. У час фашысцкай акупацыі яўрэі загінулі. Аднак вуліцы, на якіх яны жылі і працавалі, пазнавальныя і сёння. Адзін з землякоў — расійскі бізнесмен — выкупіў былы гандлёвы рад з невялікімі падвальчыкамі і даволі ўдала аднавіў яго, размясціўшы рэстаран і краму.

На старым помніку напісаны тыя ж імёны, што і на першай старонцы «Зямлі пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча. Гэта значыць, пісьменнік бываў тут.

Ёсць у горадзе дзве воданапорныя вежы. Старая драўляная і больш новая, цагляная, стаяць побач. Таццяна Канапацкая гаворыць, што ў Беларусі ёсць вопыт выкарыстання такіх цікавых пабудоў пад аб'екты культуры. Марыць яна і пра тое, што ў адміністрацыйным будынку станцыі Лунінец створаць музей чыгункі. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што не так даўно праз чыгунку, на Залессе, вёў драўляны мост, галоўнай адметнасцю якога былі каваныя парэнчы. Аднак яго замянілі на бетонны, і гэтыя парэнчы зніклі.

1-17

Упрыгажэнне «старога горада» — зграбныя балкончыкі на дамах даваеннай пабудовы. Аднак балкончыкі паступова зносяць — разам з імі сыходзіць і аблічча мінулай эпохі. Калі паглядзець на дамы, якія засталіся без гэтых уласцівых ім архітэктурных формаў, то ўзнікае адчуванне, што чагосьці не хапае, што гэтыя пабудовы сваю былую непаўторнасць, на жаль, ужо страцілі. Захавалася 5 балкончыкаў. Аднак ці не ўзнікне жаданне знесці і іх?.. Змяняюцца ўваходы ў старыя будынкі. Напрыклад, вялікі дом, у якім цяпер знаходзіцца бальніца сястрынскага догляду, ці прыгожы асабнячок, у якім размясціўся краязнаўчы музей, спецыяльна праектаваліся «крылатымі» — з уваходам па цэнтры. Цяпер дзверы зроблены збоку, а дамы, нібы сляпыя, не могуць нікога запрасіць унутр.

Ёсць у горадзе два прыгожыя праваслаўныя храмы. У адной частцы Лунінца — Крыжаўзвіжанская царква, з чырвонай цэглы, была закладзена ў 1912 годзе. На царкоўным двары — невялікі пагост, дзе пахаваны былыя свяшчэннікі. Дарэчы, пра аднаго з іх напісаў Якуб Колас у трылогіі «На ростанях»: будучы народны пясняр даваў у Лунінцы прыватныя ўрокі дзецям чыгуначнікаў. Новы храм — у гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых», знаходзіцца па другі бок чыгункі, асвечаны толькі летась. Сцены патынкаваны ў белы колер, купалы ззяюць золатам. Побач, у драўляным часовым памяшканні, размешчана нядзельная школа. Таццяна Канапацкая кожную нядзелю ў 15.00 праводзіць тут духоўна-краязнаўчыя сустрэчы, чым імкнецца скіраваць сучаснікаў да гістарычнай памяці.

Краязнаўцы ўдалося адстаяць невялічкі помнік, які сведчыць пра цікавы факт. На ім напісаны тыя ж імёны, што і на першай старонцы «Зямлі пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча. Гэта значыць, пісьменнік бываў тут і, магчыма, нават пачаў працу над сваім творам. Летам Таццяна Канапацкая ладзіць творчую сустрэчу, прысвечаную Мікалаю Калінковічу — аўтару кніг пра Лунінец і пра палескі перыяд жыцця Аляксандра Блока. Гэтае імя асабліва прыцягвае сюды маладых паэтаў з Беларусі і Расіі.

У 1920-я тут настаўнічаў і пераклаў на рускую мову «Слова аб палку Ігаравым» Мікалай Анцукевіч. Праз пэўны час ён узначаліў Віленскую беларускую гімназію. Яшчэ раней выкладчыкам матэматыкі ў Лунінцы быў Павел Сухой — славуты авіяканструктар.

З гэтых мясцін паходзіць спявачка Наталля Мурко, якая нядаўна завяршыла зямны шлях. Прыхільнікі таленту называлі яе Палескай мадоннай. Уладальніца чароўнага голасу амаль 30 гадоў выконвала і «Лунінецкі вальс», які стварылі самадзейныя аўтары — выкладчык музыкі Яўген Куфайкін і ўрач Мікалай Прымчык. Многія лунінчане падтрымліваюць краязнаўцу ў тым, што гэтая песня павінна гучаць, — і як традыцыйная «візітоўка» Лунінца, і як шанаванне памяці таленавітых землякоў.

Напрыканцы варта дадаць, што Лунінец — гэта сунічны край. Увесь чэрвень горад чырванее ад мноства ягад, поўніцца салодкімі водарамі і смакамі. А яшчэ сюды варта прыехаць менавіта ў гэтым месяцы, каб убачыць, як на Белым возеры цвіце лабелія Дортмана — расліна, якая сведчыць пра надзвычайную чысціню вады...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Лунінецкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.