Вы тут

Пераклад — навука ці мастацтва?


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 4 красавіка 2014 г.

_________________________________________________________________________________

Ужо не адно пакаленне перакладчыкаў, тэарэтыкаў і практыкаў, спрабуе адказаць на пытанні: ці магчымы дакладны пераклад выказвання, мастацкага твора з адной мовы на іншую? Пераклад — гэта навука, мастацтва ці проста рамяство? Ці можна навучыць перакладаць, асабліва літаратурныя творы? Менавіта гэтым аспектам справы была прысвечана І міжнародная навуковая канферэнцыя “Пераклад і перакладазнаўства ў ХХІ ст.: стан і перспектывы”, што прайшла ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Яе ўдзельнікамі сталі выпускнікі гэтай ВНУ, лінгвісты, тэарэтыкі і практыкі перакладу з Беларусі і з-за мяжы.

Пераклад

У прывітальным слове дэкан перакладчыцкага факультэта МДЛУ Аляксандр Паніматка зазначыў:

— Гэтая канферэнцыя доўга планавалася, доўга задумвалася і рыхтавалася. Раней мы праводзілі толькі вузкаскіраваныя “круглыя сталы”, падчас якіх спецыялістамі абмяркоўваліся актуальныя аспекты справы. Цяпер жа ў нашым універсітэце шмат што змянілася: прайшлі важныя працэсы распрацоўкі новых адукацыйных стандартаў, упершыню адкрыта практыка-арыентаваная магістратура па перакладах і перакладазнаўстве. На гэтай хвалі мы зразумелі, што ўжо гатовыя правесці такі буйны форум. Ён дапаможа нам, з аднаго боку, пазнаёміць прысутных з сістэмай падрыхтоўкі спецыялістаў, якая ўжо існуе ў нашым універсітэце, падзяліцца інавацыямі, што мы выкарыстоўваем пры навучанні сінхроннаму, мастацкаму перакладу, а гэтыя кірункі хутка развіваюцца на нашым факультэце. З іншага — дасць магчымасць атрымаць новыя веды ад калег і ў далейшым пераняць нейкія метады працы.

Усе пытанні, што абмяркоўваліся падчас пленарнага пасяджэння і тэматычных “круглых сталоў” у межах канферэнцыі, можна ўмоўна падзяліць на два блокі: тэарэтычныя аспекты перакладу і яго практычны бок. Адметна, што меркаванні выступоўцаў адносна адказаў на асноўныя пытанні канферэнцыі разыходзіліся.

Тэарэтычны аспект

Пазіцыю тэарэтыкаў перакладу, даследчыкаў унутранай формы моў выдатна выказала падчас свайго выступлення Зінаіда Харытончык, доктар філалагічных навук, прафесар:

— Пераклад — матэрыя надзвычай няўлоўная, якую можна назваць рознымі словамі. Калі мы кажам пра пераклад з адной мовы на іншую, я не пагаджуся з тым, што мы маем на ўвазе пераклад на мову як адзін і той жа код. Нямецкая, англійская, французская мовы ў маім уяўленні — гэта розныя коды. Гэта набор сімвалаў, якія маюць агульныя характарыстыкі, але адначасова і розныя ўласцівасці. Для мяне самай важнай праблемай дзейнасці перакладчыка з’яўляецца праблема перакладальнасці. Мы лічым магчымым адэкватны і эквівалентны пераклад з аднаго моўнага кода на іншы ці мы займаемся пошукам нейкіх набліжаных варыянтаў да таго, што выказана з дапамогай зыходнага кода? І тут прынцыповым з’яўляецца рашэнне пытання пошуку прычын, па якіх магчымасць перакладу становіцца спрэчнай, у той жа час імкненне пераадолець гэтыя цяжкасці ўздымаецца ў ранг прынцыповых. Дакладны пераклад — недасягальны ідэал, недасягальная мара. Але я пагаджуся з тым, што пераклад — гэта мастацтва і ён мусіць вывучацца хутчэй у межах мастацтвазнаўства, чым выдзяляцца ў асобную навуку. Гэта не зусім навуковая галіна, мне падаецца, што менавіта таму ў нас так мала дысертацый у перакладазнаўстве. І чакаць большай колькасці не даводзіцца.

Тэарэтычны аспект зразумелы: ідэальна правільнага і дакладнага перакладу не існуе, што абумоўлена рознасцю структур моў. Але як паразумецца людзям з розных краін, прадстаўнікам розных культур? Як нам пазнаёміцца з дасягненнямі літаратур іншых народаў, калі мы не валодаем іх мовамі? Натуральна, з дапамогай перакладу, як ні парадаксальна гэта гучыць. І менавіта практыкі імкнуцца зрабіць працэс камунікацыі паміж людзьмі, народамі і літаратурамі як мага больш простым, як мага больш дакладна перадаць ідэі, выказаныя ў межах сказа, верша ці рамана.

Практычны аспект

Калі тэарэтыкі маюць права сцвярджаць немагчымасць перакладу, то практыкі проста абавязаныя кожным днём сваёй працы абвяргаць гэты пастулат. Па сутнасці, так яно і атрымліваецца. Пра падтрымку перакладаў мастацкай літаратуры з нямецкай мовы на беларускую і наадварот распавёў дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман, з міжнароднымі праектамі Выдавецкага дома “Звязда” пазнаёміў прысутных намеснік дырэктара ўстановы Алесь Бадак, адметнасці фарміравання школы мастацкага перакладу ва ўніверсітэце Сарбона (Францыя) у сваім выступленні падкрэсліла прафесар Анн Кадэльфі-Факар, а магчымасць навучання студэнтаў перастварэнню літаратуры на розных мовах сцвердзіў кандыдат філалагічных навук Юрый Стулаў.

Адметна, што і адзін з асобных “круглых сталоў” у межах форуму быў прысвечаны абмеркаванню важных пытанняў мастацкага перакладу. Але каб разглядаць перспектывы развіцця галіны, трэба ведаць яе гісторыю і вытокі. Пра адметнасці фарміравання айчыннай школы перакладу распавёў кандыдат філалагічных навук Пятро Васючэнка:

— ХІІ стагоддзе можна лічыць пачаткам нашай перакладной кніжнасці. А носьбітамі перакладу ў той час былі манахі-кніжнікі, якія ведалі і тэалогію, і розныя мовы, а перакладамі займаліся, каб задаволіць патрэбы царквы і дзяржавы. Першыя значныя змены ў гэтай парадыгме адбыліся ў XVI ст., калі Францыск Скарына пераклаў Біблію для народа, а традыцыя мастацкага перакладу набыла асветніцкі характар. У пачатку ХХ ст. вылучаюцца “нашаніўскі” і “маладнякоўска-ўзвышшаўскі” перыяды. Адпаведна перакладчыцкія стратэгіі гэтага часу арыентаваліся на “нашаніўскія” дактрыны, выказаныя Вацлавам Ластоўскім і Максімам Багдановічам. Гэта вядомы тэзіс Багдановіча пра неабходнасць упісваць беларускую літаратуру ў кантэкст сусветнай і выказванне Ластоўскага з кнігі “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”. Веданне замежных моў Власт лічыў патрэбным для таго, каб несці людзям сваё, каб браць лепшае ад іншых.

У часы “Маладняку” пераклад быў пераацэнены, важкай стала ўстаноўка пісаць лепш, ствараць літаратуру, якой няма ў іншых народаў. Тады і прыйшло разуменне: пераклад твора на нашай мове становіцца нашым творам. У гэты час з’явілася нове літаратурнае амплуа (следам за Багдановічам) — паэт-перакладчык. Да прыкладу, Уладзімір Дубоўка і Юрка Гаўрук былі адначасова выдатнымі паэтамі і перакладчыкамі.

Наступныя змены назіраюцца ў канцы 1940-х, калі з’явіўся Мінскі дзяржаўны педадагічны інстытут замежных моў (цяпер МДЛУ), а гэта кузня, дзе адбывалася падрыхтоўка будучых перакладчыкаў. У той час, калі беларуская мова тут зусім не выкладалася, калі звярталася ўвага толькі на нашу літаратуру, з гэтых сцен выйшлі прадстаўнікі новага пакалення беларускага перакладу, да прыкладу, Эдзі Агняцвет. Гэты перыяд можна назваць часам асваення літаратурнай класікі, калі было перастворана па-беларуску практычна ўсё самае істотнае ў сусветнай літаратуры. З’явілася і сваё няпісанае правіла: перакладаць на беларускую мову толькі тое, што раней ужо перастваралася па-руску. Значыць, гэты твор ужо апрабаваны, ён можа зацікавіць і беларускага чытача. З цягам часу ўсталявалася еднасць перакладчыцка-выдавецкага працэсу. Выходзілі серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”, “Майстры замежнай прозы”, з’явіўся альманах “Далягляды”, які мог бы стаць выдатным літаратурным часопісам. На яго старонках друкаваліся не толькі пераклады, але і тэарэтычныя артыкулы.

Наш час таксама можна назваць часам змены парадыгмы. Пераклад цяпер выконвае новыя функцыі — культураахоўчую і камунікатыўна-рэпрэзентатыўную. Менавіта пераклад дае магчымасць прадстаўляць маленькую нацыю ў сям’і іншых, прадастаўляе шанц маленькай культуры стаць часткай вялікага свету. Адметна, што сёння перакладчыкі ўсё часцей ведаюць замежную мову і працуюць з арыгінальнымі тэкстамі, хоць практыка працы з падрадкоўнікам усё яшчэ захоўваецца.

Нягледзячы на тое, што перапынілася традыцыя з’яднанасці перакладчыцкага і выдавецкага працэсаў, адсутнічае адмысловае літаратурна-мастацкае выданне, мы назіраем станоўчыя перспектывы. Ужо колькі год у інтэрнэце выходзіць спецыяльны часопіс “Прайдзісвет”, наладжваецца супрацоўніцтва з выдавецтвамі.

І сапраўды, шмат станоўчых працэсаў адбываецца ў сучасным перакладазнаўстве, тэарэтычным і практычным: пераствараюцца песні, вершы, раманы, кнігі для дзяцей. Але важна памятаць значнасць перакладу не толькі з замежных моў на беларускую, але і з беларускай на замежныя, каб прадставіць нашы дасягненні, нашу культуру ва ўсім свеце. У наступным выпуску “Кніжнага свету” мы працягнем гутарку разам з прафесарам універсітэта Сарбона Анн Кадэльфі-Факар (Францыя).

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».