Вы тут

Кнігі дзяцей — унікальнасць ці ў будучым заканамернасць?


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11.04.14 г.

___________________________________________________________________________

У 1980-я гады ў Швейцарыі праходзіў літаратурны конкурс на лепшую кнігу для падлеткаў. Конкурс ананімны, рукапісы ішлі пад дэвізамі. Урэшце аказалася, што першую прэмію атрымала дзяўчынка чатырнаццаці гадоў: яна найлепш апісала псіхалогію і жыццё падлеткаў, бо каму, як не ёй, іх ведаць. У Фінляндыі ў той жа час жыла дзяўчынка шаснаццаці гадоў — аўтар некалькіх раманаў. У савецкі час праславілася маленькая паэтка Ніка Турбіна, лёс якой, аднак, склаўся трагічна.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Прыведзеныя факты запомніліся. Але потым нічога падобнага сустракаць не даводзілася. Усё ж літаратурная творчасць дзяцей — рэдкая з’ява. Асабліва ў галіне прозы. Тут неабходны жыццёвы досвед, уменне сінтэзаваць назіранні, аналізаваць факты рэчаіснасці, урэшце пэўны навык пісання, які, безумоўна, фарміруецца не адразу. Мы ведаем геніяльных дзяцей-мастакоў, напрыклад, Надзю Рушаву, цудоўных дзяцей-акцёраў — Яну Паплаўскую, Сашу Лайе, Уладзіслава Галкіна, які пачаў здымацца яшчэ ў дзяцінстве, ведаем, што многія пісьменнікі-класікі пачыналі пісаць надзвычай рана (Ё. Гётэ, Г. Флабер, М. Лермантаў, А. Куляшоў). І ўсё ж дзіцячая літаратурная творчасць — з’ява ўнікальная.

Імкненне да фіксацыі сваіх назіранняў узнікае прыкладна ў чатырнаццаць-пятнаццаць гадоў. У гэтым узросце шмат якія падлеткі пачынаюць весці дзённікі, ствараюць вершы. Сёння творчасцю менавіта маладых паэтаў запоўнены інтэрнет. Гэта натуральная, уласцівая кожнай асобе прага выказацца і данесці свае назіранні, думкі, мары да іншых. Прага, можна сказаць, генетычная, закладзеная глыбока ў свядомасці чалавека. І ўсё ж надзвычай рэдка свае фантазіі маленькім аўтарам удаецца выкласці сістэматызавана, лагічна і аформіць сюжэтна — у выглядзе кнігі. Такі ўдалы вынік творчасці — вялікая рэдкасць. І калі мне трапілася ў рукі аповесць дванаццацігадовай аўтаркі, я зацікавілася феноменам як чалавек, які займаецца псіхалогіяй літаратурнай творчасці і чытае адпаведную дысцыпліну студэнтам.

Кніга «Волшебство наяву. Данніэла в Хогвартсе» Лады Ксенафонтавай выдадзена, праўда, у Кіеве і па-руску, але сама аўтарка — беларуска. На першы погляд здаецца, што твор — звычайны фанфік, якіх з’явілася шмат у свеце пасля выхаду кніг Джоан Роўлінг пра Гары Потэра. Нас, дарослых, даўно зацікавіла надзвычайная папулярнасць англійскай аўтаркі. Кнігі, а затым фільмы паводле цыкла пра хлопчыка-мага шырока разышліся па свеце. Гэта быў, бясспрэчна, выдатнейшы камерцыйны праект — піярыўся ён не проста выключна ўмела і маштабна, а, можна сказаць, геніяльна. Але стаўка зроблена правільна — дзяцей усёй планеты захапілі кнігі і сам галоўны герой. Можна лічыць выключна станоўчым фактам ужо хоць бы тое, што многіх малых гэтыя раманы прывучылі да пастаяннага чытання. А чытаць даводзілася шмат, бо кнігі тоўстыя і іх ці не сем-восем. Мне яны здаліся занудлівымі, бо памяць філолага захоўвае многія літаратурныя факты з нашмат большай сілай фантазіі і майстэрствам іх аўтараў, але ў дзяцей свая логіка і сваё ўспрыманне рэальнасці, тым больш рэальнасці казачнай. Яны ўважліва прачыталі кнігі Роўлінг, якія сталі стымулятарам, узбуджальнікам фантазіі, абудзілі прагу да фантастычнага змянення свету. Але што да твора Лады, ён напісаны ў іншым стылі — не занудлівым, а дастаткова лаканічным і сюжэтна дынамічным, з добра распрацаванымі дыялогамі. Гэта першае, што кідаецца ў вочы, — самастойнасць кнігі на тэму цыкла пра Гары Потэра.

Мяркую, падобнай рэчы можна было чакаць. Хто з нас у дзяцінстве не марыў стаць чараўніком і здзяйсняць цуды! Яшчэ ў выключна таленавітага савецкага пісьменніка Мікалая Носава ў яго трылогіі пра Нязнайку герой у нейкі момант дзейнічае з дапамогай чароўнай палачкі. Праўда, М. Носаў іранічны ў дачыненні да свайго героя і яго прататыпаў. Мы, чытачы-дзеці, натуральна, пра дарослых прататыпаў любімых герояў не ведалі, але і самі захапіліся марай пра магчымасць чараваць уласнымі рукамі. І ў нас былі не меншыя, а, бадай, большыя ўзбуджальнікі фантазіі: у сваім дзяцінстве мы чыталі неверагодную колькасць самых розных казак — народных і літаратурных, дзе на кожным кроку — цуды, чараўніцтва, незвычайныя прыгоды. Сённяшнія дзеці ў такой вялікай колькасці казак не чытаюць і не ведаюць (як мы высветлілі на філфаку БДУ) самых папулярных, класічных. Затое цыкл пра Гары Потэра быццам замяніў іх усе разам! Англійская пісьменніца ўлавіла тое, што хвалюе кожнае дзяця, — магчымасць не залежаць ад жыццёвых абставін дзякуючы свайму магічнаму ўмельству.

Гераіня кнігі Лады Ксенафонтавай Даніэла трапляе ў тую ж школу чарадзейства, дзе вучыцца Гары Потэр, і, безумоўна, заслужыла гэта як узнагароду — аднакласнікі называлі яе «хадзячай Вікіпедыяй». Сапраўды, з першых старонак маленькая гераіня паўстае рухавай, дапытлівай, няўрымслівай, па-свойму чараўніцай, бо здольная ствараць уласныя чарадзейныя светы ў сваёй свядомасці. Далёка не ўсё ў кнізе Лады пазычана з кнігі Роўлінг. Апушчаны многія падрабязнасці і сістэмныя сувязі. Дзяўчынка-празаік свабодна абыходзіцца з тым, што дарослая аўтарка вымушана была падрабязна, не так ужо і па-мастацку апісваць. Многія рэчы Ладай проста ігнаруюцца. Напрыклад, прывід Міртл ніколі не з’яўлялася ў калідорах школы, як у кнізе пра Даніэлу. Перад намі — кніга-мара, кніга, набліжаная да пасцішу, — на тэму Гары Потэра, але са сваім сюжэтам і сваім уласным стылем. Мастацкі свет Дж. Роўлінг не запатрабаваў поўнага аднаўлення ў кнізе беларускай аўтаркі — дастаткова, што Роўлінг дала штуршок фантазіі, стварыла абаяльнага героя. Таму ўсе абвінавачванні ў неадпаведнасці «канону», а іх шмат, адразу можна адвесці. «Канон» — усяго толькі структурны элемент мастацкага свету аповесці.

Сапраўды, Лада агаляе прыём, як і належыць у пасцішы, і прама гаворыць пра літаратурную аснову свайго твора. Вось гераіня трапляе ў школу чарадзейства: «Данка акінула поглядам велізарную залу. Усё здавалася новым і нязвыклым, а ў той жа час такім родным і знаёмым. Знаёмым па кінастужках, якія глядзела мноства разоў, і тоўстым, перачытаным столькі ж разоў кнігам Джаан Роўлінг з жаўтаватымі, цёплымі старонкамі і залатымі літарамі на вокладках».

Неабходна сказаць, што Даніэла спадзявалася на такое навучанне, якое стане «прыгодай, а не надакучлівым абавязкам», але вучоба ў школе чарадзейства зусім не так ужо захапляе дзяўчынку. Аказваецца, што ўнікальная навучальная ўстанова мала чым адрозніваецца ад звычайнай школы. Па вялікім рахунку, гэта тое, што ў кнізе пра цуды выглядае сапраўдным рэалізмам: дванаццацігадовая аўтарка яшчэ не можа ўявіць сабе іншыя методыкі і формы навучання акрамя тых, да якіх прызвычаілася. Таму міжволі ў творы прабіваецца расчараванне гераіні. Яе дасціпнасць, гнуткі розум, жывы характар скіроўваюцца на іншае — на адносіны паміж ёю і Гары Потэрам. Яны сябруюць. І разам змагаюцца супраць Тома Рэдла, які на пачатку кнігі ўвасабляе сабою абсалютнае зло — да перамогі яго Гары Потэрам у двубоі.

Фактычна стасункі з Рэдлам робяцца галоўнай спружынай фабулы кнігі. У перыпетыях сюжэта ёсць лагічныя няўвязкі, скажам, у адных выпадках Даніэла памятае канон, у іншых — абсалютна яго ігнаруе. І гэта, безумоўна, можа выклікаць пярэчанні і нават крытыку з боку прыхільнікаў кніг. Але літаратурны твор неабходна ацэньваць па яго ўласных законах. Тут ёсць свая мастацкая ўмоўнасць, якую варта зразумець і прыняць. Аўтар знаходзіцца пад уплывам любімых кніг і ў той жа час перарасла іх. Яе цікавіць ужо не погляд васіліска, ад якога звычайна камянеюць (але з яе героямі гэтага не адбываецца), а законы чалавечай псіхалогіі, стасункі паміж людзьмі, перамена жыццёвых установак, як гэта здарылася з Томам Рэдлам. Суперніцтва паміж юнакамі (а ў арыгінале Том — стары чалавек), іх двубой, подзвігі — усё, чым захапляюцца падлеткі, адыходзіць на другі план. «І раптам яна зразумела, як ёй добра з Гары. І не таму, што ён герой, які выратаваў магічны свет, а проста таму, што ён такі добры, разумны і смелы».

У творы маленькая пісьменніца дэманструе, як і яе гераіня, выдатную эрудыцыю. Скажам, адчуваюцца тут алюзіі на Біблію — кобра абвіваецца вакол дрэва, пад якім размаўляюць закаханыя. Акрамя дынамічнага разгортвання сюжэта ў кнізе Лады ёсць і клопат пра дакладнасць апісанняў, мастацкія дэталі. Напрыклад, дробы ў яе школьным сшытку як быццам ажываюць і «змяяцца хітрай усмешкай».

Гэтыя і многія іншыя эстэтычныя знаходкі Лады Ксенафонтавай сведчаць, што ў яе асобе мы маем перспектыўнага маладога аўтара, чалавека з яўнымі літаратурнымі здольнасцямі. У яе хапіла працалюбства і настойлівасці, каб аформіць свае казачныя фантазіі ў вербальную форму з уласнай фабулай і імкненнем да распрацоўкі характараў. Бясспрэчна, не варта патрабаваць ад маладой аўтаркі таго ж майстэрства, што і ад дарослых пісьменнікаў. Перад намі проба пяра. Але ў многім — надзвычай важны прэцэдэнт, бо можа стаць прыкладам для яе аднагодкаў. Уласна, для іх яна і пісала. Кніга атрымалася душэўная, добрая, як і належыць казцы.

Увогуле ж на першы твор маленькай пісьменніцы можна паглядзець з розных пазіцый. Скажам, з такой: як ставіцца нам, крытыкам, да творчасці дзяцей?

На мой погляд, абавязкова падтрымліваць, але не захвальваць. Тактоўна скіроўваць. Прапагандаваць у дзіцячай аўдыторыі менавіта як прыклад. Спрактыкаваным аналітыкам уключаць у свае разважанні пра сучасны стан літаратуры. Дзіцячыя кнігі не могуць паўплываць на нацыянальны літаратурны працэс. І ўсё ж, калі ўжо яны з’явіліся, то патрабуюць ўважлівага разгляду — хоць бы для мэт адукацыі, для развіцця слоўнай творчасці вучняў.

Звяртае на сябе ўвагу і іншы момант. Свежасць, наіўнасць погляду на жыццё — прэрагатыва, безумоўна, дзяцінства. Да дарослых аўтараў іншыя патрабаванні. Але эмацыянальнасці і сіле фантазіі дзіцяці могуць пазайздросціць залішне рацыянальныя прафесіяналы. І вось тут варта нам усім задумацца: што страцілі мы на жыццёвай дарозе?

Таццяна ШАМЯКІНА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.