Вы тут

У Маладзечна прыйдзе вялікі хакей


На хакейнай карце краіны з'явілася новая кропка. У новым сезоне Мінскую вобласць на лядовых пляцоўках у дуэце з салігорскім «Шахцёрам» будзе прадстаўляць маладзечанскае «Дынама». Пра спартыўныя планы, стварэнне новай каманды «Звяздзе» распавёў Аляксандр КАВАЛЁЎ, загадчык сектара фізічнай культуры, cпорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама.

18-11

—Ідэя стварыць прафесіянальную каманду ў нашым горадзе з'явілася на пачатку года. Даручэнне арганізаваць хакейны калектыў паступіла ад губернатара Мінскай вобласці Сямёна Шапіры, — прызнаецца спадар Аляксандр. — Для ажыццяўлення задумы ў нас ужо ёсць база, умовы для падрыхтоўкі каманды беларускай экстралігі. Свае паядынкі ў маладзечанскім Ледовым палацы праводзяць аматарскія каманды. Дарэчы, хакеем у нашым горадзе займаюцца 110 дзяцей, з якімі працуюць 3 трэнеры. І, як бачым, хакей у Маладзечне на месцы не стаіць. Літаральна на днях, пасля адпаведнай сустрэчы губернатара, стала вядома, што пад свой патранаж каманду возьме мінскае «Дынама», якое выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Наш хакейны калектыў таксама атрымае назву «Дынама». Прадстаўнікі сталічнага клуба ўжо прыязджалі да нас, вывучалі ўмовы пражывання, харчавання, глядзелі базу і засталіся ўсім задаволеныя. Мяркую, што ў ліпені маладзечанская каманда распачне свой першы трэніровачны збор. У жніўні яе чакаюць гульні Кубка краіны, а пасля — чэмпіянату Беларусі. Плануецца, што выступаць за каманду будуць пераважна маладыя хакеісты і тыя, хто па пэўных прычынах не трапляе ў аснову мінскай дружыны. Як мяркуецца, іх узрост — ад 21 да 24 гадоў.

—У інтэрнэце ўжо з'явілася інфармацыя аб тым, што каманду ўзначаліць Дзмітрый Краўчанка, былы трэнер гродзенскага «Нёмана».

—Кантракт з ім яшчэ не падпісаны, але ён займаецца пытаннямі камплектавання каманды. Хакеісты цяпер, па вялікім рахунку, ужо ёсць.

—Ці будзе дружына кватэравацца ў Маладзечне?

—Так. Для пражывання гульцам прапануем гасцініцу на гарадскім стадыёне, якая разлічана на 30 чалавек. А калі нехта прыедзе з сям'ёй, дык здолее зняць у горадзе кватэру. Харчавацца гульцы будуць у спартыўна-забаўляльным цэнтры, у якім працуе кавярня і рэстаран. Ніякіх праблем у вырашэнні арганізацыйных пытанняў я не бачу.

—Мясцовых балельшчыкаў вельмі хвалюе і такое пытанне: як быць з футболам, калі ў горадзе з'явіцца вялікі хакей? Ведаю, што ў футбалістаў былі праблемы з грашовай падтрымкай.

—Мы працуем у гэтым кірунку і шукаем сродкі фінансавання футбольнай каманды «Маладзечна‑2013». Думаю, што ў любым выпадку гэты клуб прыме ўдзел у чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд другой лігі.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».