Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень.
«Хрыстус Уваскрос, сапраўды Уваскрос!»
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, людзі добрай волі!
Гэтым пасхальным заклікам вітаю ўсіх вас у радаснае і збаўчае свята Уваскрэсення Езуса Хрыста, калі мы адзначаем перамогу нашага Збаўцы над грахом, смерцю і злым духам. Гэтае свята паўтараецца кожны год, і мы ўжо так моцна прызвычаіліся да яго, што нярэдка кажам, што гісторыю Уваскрэсення Хрыста даўно ведаем. Аднак на самой справе свята Пасхі — гэта не мінулая гісторыя. Яно заўсёды актуальнае і дае нам новую надзею нават насуперак надзеі.
Сёння ва ўсіх хрысціянскіх святынях — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх — гучыць радаснае «Аллелюя». Пасхальная радасць пранікае ў нас да глыбіні сэрцаў, бо таямніца Уваскрэсення з'яўляецца самай вялікай праўдай нашай веры, і вакол яе канцэнтруецца як жыццё Касцёла, так і нашае асабістае.
Пасха абвяшчае нам вельмі важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным і Уваскрэслым любячы нас Бог прыносіць нам збаўленне і дае новую надзею. Уваскрэслы Езус не вызваляе нас ад зла павярхоўна і часова, але радыкальна. Мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысціліся, каб, як Ён уваскрос з памерлых, так і нам увайсці ў новае жыццё, — кажа святы апостал Павел
(Рым 6, 3-4).
Хоць у Вялікую пятніцу здавалася, што Езус быў пераможаны і не засталося ніякай надзеі, аднак праўда Уваскрэсення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, міласэрнасці над помстай. Такім чынам, пасхальная таямніца смерці і ўваскрэсення Хрыста кардынальна змяняе сітуацыю чалавека і свету. Таму ўваскрослы Езус — гэта не мінулае, але сучаснасць, дзякуючы якой змяняецца свет і чалавек.
Пасха — гэта захапленне Богам, які бязмежна любіць чалавека аж да такой ступені, што паслаў свайго адзінароднага Сына на крыжовую смерць, каб яго збавіць. Пасха — гэта гісторыя ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, які запэўнівае нас у тым, што Бог не перастае нас любіць нават тады, калі мы Яго прыбіваем да крыжа. Пасха — гэта магчымасць спаткацца з Хрыстом, які прыходзіць да нас, каб запэўніць нас у сваёй любові, якая ратуе перад кожным відам смерці — фізічнай, духоўнай, маральнай, грамадскай і г.д.
Недахоп веры ва Уваскрэсенне Хрыста робіць чалавека бязрадным перад абліччам жыццёвых досведаў. Пустая магіла — гэта не толькі першы знак, які Езус пасылае жанчынам, што прыйшлі намасціць Яго цела, і апосталам, але таксама сімвал палохаючай пустаты, у якую трапляюць людзі, калі сярод іх няма Бога. Без Бога для чалавека ўсё здаецца пустым, бессэнсоўным і жахлівым. Без Бога мы становімся бездапаможнымі і блытаемся, як маленькія, пазбаўленыя любячых бацькоў дзеці. Мы можам вытрымаць кожнае выпрабаванне і цярпенне, калі з намі ёсць Той, хто любіць і вучыць любіць. Гэта ўваскрослы Хрыстус, які заўсёды ёсць з намі ў Святым Пісанні, сакрамэнтах і жыцці Касцёла. Ён з намі, каб мы маглі спазнаць Яго любоў. Ён штодзённа запрашае нас, каб мы былі Яго вучнямі. А быць вучнем Хрыста — азначае любіць па Яго прыкладзе.
Падчас пасхальнай вігіліі вернікі аднаўляюць абяцанні хросту, што мае сваё вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Святы апостал Павел вучыць, што ў сакрамэнце хросту мы былі пагружаны ў таямніцу цярпенняў, смерці і Уваскрэсення Езуса (Рым 6, 1-14). Кажучы іншымі словамі, у сакрамэнце хросту мы былі ўключаны ў пасхальную таямніцу Хрыста, дзякуючы якой Ён ёсць з намі ў радасці і смутку, у хвіліны поспеху і паразаў. Так ёсць, бо, як кажа Апостал народаў, «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20), і ўсе, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся (Гал 3, 27).
Сапраўды, у сакрамэнце хросту мы разам з Хрыстом паміраем для граху і разам з Ім уваскрасаем для новага жыцця і такім чынам становімся Божымі дзецьмі. Дзякуючы хросту мы атрымліваем новы хрысціянскі стыль жыцця, пакідаем грэх, каб жыць Божым жыццём.
Таму нам неабходна заўсёды ісці на спатканне з уваскрослым Хрыстом, з якога нараджаецца вера. Чалавек павінен адкрыцца на Бога і Яго заўсёды жывое і дзейснае слова (Гбр 4, 12). Жыццё чалавека толькі тады мае сэнс, калі ён з дзіцячым даверам прыходзіць да Бога і ў Яго шукае сілы для таго, каб чыніць дабро і ўдасканальвацца і такім чынам дасягнуць мэту свайго жыцця.
Мэтай жа хрысціянскага жыцця ёсць падрыхтоўка да вечнага. І калі чалавек не рыхтуецца да свайго ўваскрашэння, то ён падобны да цягніка, які сышоў з рэек. Што адбываецца з такім цягніком? Ён проста не едзе наперад. Ён напоўнены рознымі таварамі, якія маюць вялікую матэрыяльную каштоўнасць, але не перавозяцца на месца прызначэння.
Ці часам падобнае не адбываецца з намі? Ці пасля завяршэння зямнога жыцця, калі цягнік нашага жыцця ўжо не будзе ісці наперад, мы зможам забраць з сабой у вечнасць нашы матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці? Не! Чаму ж тады мы так моцна клапоцімся, каб мець велізарныя дамы, нават палацы, дарагія аўтамабілі і іншыя каштоўнасці? Чаму так шмат часу і сродкаў прысвячаем не заўсёды маральным прыемнасцям? Чаму ўзбагачаемся за кошт іншых?
Пасхальная таямніца адчыняе нам дзверы ў вечнасць. Святы апостал Павел кажа, што мы паяднаемся з Езусам падабенствам уваскрэсення (Рым 6, 5), і наша жыццё будзе на нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу Езуса Хрыста, які наша цела пераменіць так, што яно прыпадобніцца да Яго праслаўленага цела (Флп 3, 20-21). Таму перад намі проста казачная перспектыва — быць так перамененымі, каб стаць падобнымі да Езуса.
У сувязі з секулярнымі тэндэнцыямі сучаснасці паўстае пытанне: ці жывём мы як тыя, хто верыць у такую слаўную будучыню? Калі так, то перад намі адкрываецца новая перспектыва, у якой тое, чым мы валодаем, не завалодае намі і мы не станем нявольнікамі рэчаў і граху.
Евангелле распавядае нам, як жанчыны пайшлі да магілы Езуса, каб, паводле габрэйскай традыцыі, намасціць Яго цела духмянасцямі. Яны былі заклапочаны, хто адсуне камень ад уваходу ў магілу (Мк 16, 1-3). Напэўна, яны спадзяваліся, што жаўнеры, якія неслі варту каля яе, зробяць гэта. Але калі прыйшлі на месца, то, здзіўленыя, убачылі адсунуты камень і змаглі ўвайсці ў грабніцу.
Евангелле ўспамінае землятрус, які здарыўся ў той час, і анёл Пана сышоў з неба і адсунуў камень (Мц 28, 2). Гэты землятрус з'яўляецца сімвалам іншага землятрусу
— а менавіта знакам прысутнасці Бога, знакам новага стварэння, знакам вызваленага з грахоўнага палону чалавека.
Таксама запячатаны магільны камень, які быў знакам зямнога прызначэння Езуса і Яго пахавання сярод памерлых, быў адсунуты Божай моцай, што з'яўляецца новым знакам уваходу вечнасці ў часовасць і перамогі жыцця над смерцю. Уваскрэсенне — новы пачатак, новы дзень, які выконвае жаданні і рэалізуе надзею. Гэта ключ для разумення жыцця і смерці, часу і вечнасці. Слова «Пасха» азначае пераход. Сваім уваскрэсеннем Хрыстус завяршыў апошні пераход ад смерці да жыцця, ад старога свету ў новы свет і новы час збаўлення і Божага Валадарства.
Такім чынам, уваскрэсенне Хрыста з'яўляецца ажыўляльным глытком свежага паветра як у нашым асабістым жыцці, так і ў адносінах паміж людзьмі, каб там, дзе дзьме вецер злосці і нянавісці, запанавала згода; дзе пануе варожасць, настаў мір; дзе прыніжэнне — пашана, і г.д. Можа, некаторым здаецца, што гэты глыток свежага паветра ў нас саміх, нашых сем'ях, адносінах паміж народамі — не што іншае, як утопія. Аднак пасхальная падзея нагадвае аб тым, што гэта не ўтопія. Глыток свежага паветра на самой справе магчымы, бо ўваскрослы Хрыстус з'яўляецца крыніцай надзеі, падобна як святло ў цемры.
Анёл Пана, які знаходзіўся ў пустой грабніцы, сказаў жанчынам: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. (...) ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі» (Мц 28, 5-7). Потым яны спаткалі самога Езуса, які ім сказаў: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць» (Мц 28, 10).
Такім чынам жанчыны, што прыйшлі да магілы, сталі першымі евангелізатарамі, бо абвясцілі аб найбольш важнай падзеі ў гісторыі чалавецтва — уваскрэсенні Езуса.
Галілея — гэта месца, дзе жылі апосталы. Таму яны не павінны былі чыніць нічога надзвычайнага, каб спаткаць уваскрослага Езуса. Ім неабходна было толькі вярнуцца ў свае дамы, да сваіх заняткаў.
Часта мы пытаемся, дзе можам спаткаць Бога. Велікоднае Евангелле дае адказ: «Там, дзе жывём і працуем, гэта азначае — у нашай Галілеі». Неабходна толькі адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў.
Святкуючы ўрачыстасць Уваскрэсення, мы адначасова вызнаём веру, што Езус ёсць Збаўцам свету і Збаўцам кожнага з нас. Перад абліччам гэтай праўды мы не можам заставацца абыякавымі. Хрыстус не можа заставацца на перыферыі нашага жыцця, бо Ён — яго цэнтр. Вельмі прыгожа кажа псальміст, што «камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. Пан учыніў так, і дзіўна гэта ў вачах нашых» (Пс 118 (117), 22-23). Без гэтага каменя не можа быць будынка. Без Хрыста няма збаўлення, і наша жыццё застаецца ў палоне смерці і зла. Без Хрыста чалавецтва знаходзіцца ў вязніцы розных формаў эгаізму, зла, праступкаў, незахавання фундаментальных правоў і свабоды чалавека і цэлых народаў, і г.д.
Як страшна гучаць словы «без Хрыста»! Гэта як быццам надзея на жыццё, справядлівасць і мір няўмольна накіравана на правал. Як быццам не было Уваскрэсення і Езус усё яшчэ знаходзіцца ў магіле. Будучы Папа Бенядыкт ХVІ, яшчэ як кардынал Ёзаф Ратцынгер, казаў, што Вялікая субота — гэта дзень, калі Езус знаходзіцца ў магіле. Ці гэта не сімптом нашага часу? Ці не з'яўляецца наш час Вялікай суботай і часам без Бога?
Жыццё без Бога і Божага закону; жыццё так, як быццам Бог не існуе; жыццё, не згоднае з маральнымі нормамі; тэрарызм і акты насілля; карупцыя і сацыяльная несправядлівасць; забойства ненароджанага жыцця і амаральнае выкарыстанне дасягненняў генетыкі і многае іншае — гэта не што іншае, як жудасныя знакі адсутнасці Бога ў нашым жыцці і адмовы ад веры ў Яго, якія нараджаюць пагарду і непрыманне іншага чалавека, ігнараванне яго правоў і да т.п. Таму нам неабходна ўчыніць усё магчымае, а перадусім маліцца, каб праўда ўваскрэсення Хрыста стала рэальнасцю нашага жыцця, каб мы Бога не хавалі ў магіле, каб Ён быў у нашых сэрцах і каб мы жылі згодна з Божым законам, бо «Бог — наша прыстанішча і сіла, надзейная дапамога ў нядолі»
(Пс 46, 2). Дапамога нам у гэтым — Хрыстус, які сказаў: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).
Няхай папярэджаннем у гэтым нам будуць словы сучаснага баварскага рэжысёра Аўгуста Эфердзінга пра тое, што хто жэніцца з духам часу, той хутка становіцца ўдаўцом.
Нам, людзям ужо ХХІ стагоддзя, Бог указвае жыццёвы шлях і запрашае, каб мы ім ішлі, бо толькі тады дойдзем да адпаведнага распазнання праўды Уваскрэсення і паверым у яе. На гэтым шляху нам дапамагае сам Збаўца. Неабходна толькі Яго слухаць, як паслухаў Пётр і выплыў на глыбіню, каб злавіць шмат рыбы, хоць перад гэтым лавіў усю ноч і нічога не злавіў (Лк 5, 4-6).
Святло велікоднай раніцы асвятліла цемру смерці, радасць замяніла смутак, усмешка — цярпенне. Занепакоенасць будучыняй саступіла месца ўпэўненасці і веры ў дзеянне Божай любові.
Таму нашу надзею мы павінны мець не ў людзях ці арганізацыях, але ў Богу. Падчас розных крызісаў грамадскія настроі часта змяняюцца, пра што вельмі добра сведчыць гісторыя Вялікага тыдня. У Пальмавую нядзелю людзі віталі Езуса словамі «Гасанна Сыну Давіда», а ў Вялікую пятніцу патрабавалі Яго ўкрыжавання. Ніякая арганізацыя і нават найбольш дасканалая грамадская сістэма не ўратуе людзей ад крызісу, бо яго прычына ў граху. Таму наша радасць павінна абапірацца не на чалавечы аптымізм, але на праўду ўваскрэсення Хрыста.
Мы павінны прасіць Езуса даць нам удзел у Яго ўваскрэсенні і яго моцай нас так перамяніць, каб мы маглі адчуваць Яго як жывога і дзеючага сярод нас, — як кажа Папа Францішак.
У касцёлах, цэрквах, кірхах і малітоўных дамах сёння гучыць радаснае «Аллелюя!». Узвесялімся і мы! Праславім ўваскрослага Пана радаснымі спевамі ў нашых святынях, актамі любові — у сем'ях і ў нашай Айчыне. Абдымем нашымі малітвамі як веручых, так і няверуючых, бо любоў Божая вылілася на ўсіх людзей. Хрыстус Уваскрос, каб усе мелі доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелімся велікоднай радасцю з усімі.
Складаючы адзін аднаму святочныя зычэнні і дзелячыся традыцыйным велікодным яйкам, сімвалам жыцця, успомнім таксама пра людзей, выключаных з сацыяльнага жыцця, пра зняволеных, адзінокіх, хворых, пажылых, тых, хто працуе ў святочныя дні, каб дазволіць іншым адпачываць. Абдымем іх брацкай любоўю і падзелімся з імі велікодным духоўным супакоем, які прынёс нам уваскрослы Хрыстус. Няхай велікодная радасць зыходзіць з нашых сэрцаў на ўсіх!
Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Уваскрэсення Хрыста. Сёлета Пасха святкуецца ўсімі хрысціянамі разам. У гэтым мы павінны бачыць знак Божага Провіду, які заклікае аб'яднаць нашы высілкі для сумеснай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў і больш моцнага абвяшчэння Добрай Навіны аб Езусе ўваскрослым.
Таму сёлетняя Пасха — гэта наша супольнае свята, з якім віншую ўсіх хрысціян і людзей добрай волі і зычу моцы Уваскрослага, Яго ласкі і супакою. Няхай у складанай рэчаіснасці сучаснага свету яна сапраўды стане ажыўляльным глытком свежага паветра, які вядзе да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце.
Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю блаславеннем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».